У Мінску закрываецца яшчэ адзін брэнд адзення, які папулярызаваў Беларусь і яе культуру

Пра апошнія дні сваёй працы паведаміў брэнд LSTR Adzieńnie. У Інстаграме крамы з’явілася паведамленне пра закрыццё кампаніі з пятнаццацігадовай гісторыяй.

«Дарагія сябры! Наш брэнд спыняе сваю працу. Шчыра дзякуем вам за тое, што ўвесь гэты час былі побач з намі, за ваш давер і падтрымку! 

Па пытаннях падарунках сертыфікатаў, калі ласка, пішыце ў прыват», — напісала каманда праекта.

Скрыншот са сторыз.

Брэнд LSTR Adzieńnie быў заснаваны Іллёй Аксёнавым у канцы 2011 года. Праект пачынаўся з невялікай партыі шапак з «Калюмнамі», якія імгненна разышліся сярод мінскай моладзі, і хутка вырас у сапраўдны культурны феномен эпохі «мяккай беларусізацыі». Галоўным прынцыпам LSTR заўсёды заставалася лакальная вытворчасць — усё адзенне ад пачатку і да канца шылася і прынтавалася выключна ў Беларусі. Брэнд зрабіў родную мову, гісторыю і гарадскія сімвалы элементам сучаснай урбан-моды, прапанаваўшы стыльны ды часам іранічны погляд на нацыянальную ідэнтычнасць.

Фота: сацсеткі крамы.

За гады працы брэнд стварыў дзясяткі знакавых рэлізаў, якія сталі культавымі. Сярод іх — легендарныя футболкі з «Крылатым гусарам ВКЛ», худзі з Кастусём Каліноўскім, а таксама серыі, прысвечаныя мінскаму мікракасму: ад шкарпэтак з лагатыпам метро да прынтоў з культавым універсамам «Цэнтральны». Асаблівае месца ў гісторыі LSTR займалі рэлізы, прасякнутыя настальгіяй па беларускай поп-культуры, у тым ліку папулярныя калекцыі з выявамі Дзеда Барадазеда і культавага іншапланецяніна Пацы-Вацы.

Фота: сацсеткі брэнда.

 

 

Нагадаем, што на мінулым тыдні пра спыненне сваёй дзейнасці паведамілі яшчэ два брэнда адзення, якія працавалі з тэмай нацыянальнай ідэнтычнасці.: «Honar» і «Рагна».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!