У Варшаве адкрылася выстава карцін рэпрэсаваных беларускіх мастакоў пад назвай “Вітанкі з Беларусі” . Усе сямнаццаць творцаў-удзельнікаў вымушана пакінулі Радзіму, большасць з іх адбылі турэмны тэрмін. Таксама паказалі малюнкі Паўла Севярынца, які па сённяшні дзень знаходзіцца ў турме.
На выставе згадалі і іншых зняволеных мастакоў — Алеся Пушкіна і Генадзя Драздова. А Павел Латушка падчас свайго выступу на вернісажы нагадаў пра вельмі пазітыўную падзею, што здарылася якраз у дзень адкрыцця: Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна.
«Для мяне як для палітыка, як для дыпламата і юрыста, які вучыўся міжнароднаму праву, гэта азначае, што дарога адкрыта… Дарога адкрыта таксама і для Аляксандра Лукашэнкі. Мы будзем змагацца, каб ён быў прыцягнуты да адказнасці… у тым ліку і за злачынствы супраць нашай беларускай культуры», — сказаў палітык.
Варта адзначыць, што фармат выставы – не зусім класічны. Вольная развеска, палотны без рам, творы рознага ўзроўню, адабраныя не паводле мастацкіх крытэрыяў, а паводле палітычных. Мастацтва на сценах Музея вольнай Беларусі з’яўляецца працягам актывісцкіх практык, якія пачаліся на вуліцах беларускіх гарадоў у 2020-я. Ясны пасыл, шчырае жаданне выказацца, вольная форма – мы памятаем, якая хваля крэатыву тады паўстала! Частка тагачасных артэфактаў захоўваецца ў Музеі вольнай Беларусі.
Экспазіцыя мела некалькі сэнсавых вузлоў.
У цэнтры размясцілі два сталы, адзін сімвалічна належаў чалавеку, што быў пазбаўлены працы ці вымушаны пакінуць радзіму, другі паказваў побыт палітвязня: цыгарэта, запалкі, лыжка, кубак, лісты. Там жа ляжаў малюнак Уладзіслава Макавецкага, зроблены ў турме. Куратарка выставы Вольга Шніп агучыла просьбу мастака дамаляваць выяву.
Інсталяцыя з белых і чорных тканін сімвалізавала два бакі нашага жыцця, якія мастацтва здольнае з’яднаць і прымірыць: бо ў чорным ёсць пробліскі белага, а ў белым ёсць кветкі, птушкі і творчасць.
Адзін з самых кранальных аб’ектаў на выставе — інсталяцыя з турэмных малюнкаў Касі Будзько, а побач – швейная машынка як пазнака турэмнай працы, якую яна выконвала.
Каля ўваходу ў экспазіцыю да сцяны галерэі прымацавалі аркушыкі паперы з драматычнымі гісторыямі мастакоў.
Пасля адкрыцця адбыўся дабрачынны аўкцыён, сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных мастакоў і арт-рэзідэнцыі «Дом Творцаў», якая з’яўляецца адным з арганізатараў выставы.
Выстава адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі па адрасе Foksal, 11.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram