У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава «Іконы Веткі. Спас Нерукатворны» — вынік шматгадовых даследаванняў вобраза Спаса Нерукатворнага ў мастацтве Веткі супрацоўнікамі Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, іх збіральніцкі, экспедыцыйны, рэстаўрацыйны, навукова-даследчы і мастацкі досвед вывучэння гэтага вобраза і яго жывапіснае ўвасабленне менавіта ў веткаўскай іканапіснай традыцыі.
Пачатыя яшчэ ў 1979 годзе, у перыяд паездак з заснавальнікам музея Фёдарам Шкляравым, даследаванні паспяхова працягваюцца і сёння.
Стрыжнем выставачнай прасторы выступае вобраз «Шлях мастака Ананіі», пэндзлю якога належала першая выява Збавіцеля.
Гісторыя нерукатворнага вобраза прасочваецца ад яго ўсталявання над брамай горада Эдэсы па распараджэнні вылечанага цара Аўгара да ролі абраза Спаса ў храме. Гледачу раскрываюцца яе візантыйскія карані і абазначаецца канфесійная «пазнака» гэтага сюжэту ў стараабрадніцкіх тлумачэннях.
Асаблівы тэматычны блок выставы ілюструе ролю Спаса Нерукатворнага ў кампазіцыйнай пабудове саміх ікон – у дамавых мадэлях-мікракосмах і ў шматчасткавых цалебніках.
Адлюстравана ў экспазіцыі гісторыя ўнікальнай іканаграфіі з «платам Веранікі» і прынцыпы музыкі барока ў веткаўскай кампазіцыі «Паходжанне вобраза».
У экспазіцыі прадстаўлена 41 ікона, металічныя і шытыя бісерам аклады, творы меднага мастацкага ліцця, прорысы, рукапісная кніга, ручнікі, кросны. Дадатковыя сэнсы выставы раскрываюць даматканыя палотны, узорыстыя гарускі, куфры і іншыя прадметы.
Аўтар канцэпцыі выставы — Галіна Нячаева — мастацтвазнаўца, залужаны дзеяч культуры Беларусі, працуе ў Веткаўскім музеі амаль з першага дня яго адкрыцця, дырэктар музея з 1988 па 2018 год.
Выстава «Іконы Веткі. Спас Нерукатворны» працуе ў Мастацкім музеі да 27 кастрычніка 2024 года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram