Серыял «Працэсы», які выйшаў на тэлеканале «Белсат» летась і сабраў вялікую колькасць праглядаў, працягвае і сёлета сваю фестывальную гісторыю. Тэлевізійная антыўтопія за аўтарствам рэжысёра Андрэя Кашперскага і сцэнарыста Міхаіла Зуя трапіла ў тройку фіналістаў міжнароднага фестывалю Prix Italia ў катэгорыі Digital Fiction. Серыял быў абраны ў шорт-ліст 64-х прэтэндэнтаў на ўзнагароду з 252-х праграм-заяўнікаў з 76 арганізацый.
Prix Italia — адзін з найстарэйшых і прэстыжных міжнародных фестываляў у галіне радыё, тэлебачання і інтэрнэту. Сёння конкурс на фестывалі ладзіцца ў трох катэгорыях: «Радыё і Падкаст», «Телебачанне», «Лічбавыя праекты». У прыватнасці, катэгорыя «Лічбавыя праекты» мае тры паднамінацыі: «Дакументальны праект», «Ігравы і Інтэрактыўны». «Працэсы» прадстаўлены ў праграме «Лічбавы ігравы праект».
«Адзначаны антыўтапічны ютуб-серыял «Працэсы», які прасякнуты сатырай, гратэскам, абсурдам і чорным гумарам, прапануе мастацкае адлюстраванне сучаснай беларускай рэчаіснасці і патэнцыйнай будучыні краіны, — пішуць пра фіналіста фэсту арганізатары. — Аўтары пытаюцца, што можа адбыцца, калі не спыніць грамадска-палітычныя працэсы, якія адбываюцца: беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, дэзінтэграцыю грамадства, жыццё адных у пастаянным страху і поўную беспакаранасць для іншых, унутраную міграцыю, самацэнзуру, трыумф інтэлектуальнага нігілізму і невуцтва, прыніжэнне і пераўтварэнне ў «казлоў адпушчэння» невінаватых. Гэты трагікамічны серыял даследуе самыя абсурдныя сцэнары, спрабуючы адказаць на пытанне: «Што, калі…?». Кожная частка — гэта самадастатковая гісторыя, але асобныя эпізоды звязаны паміж сабой паўтаральнымі персанажамі і мастацкім выбарам».
Згодна з умовамі конкурсу, фіналісты фэсту будуць запрошаны ў Турын для абмеркавання сваіх прадуктаў, перш чым журы абярэ канчатковага пераможцу.
Нагадаем, што ў серыяле беларуска-польскай вытворчасці здымаліся: Ігар Сігоў, Андрэй Новік, Алег Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Яна Траянава, Аляксандр Гарцуеў і іншыя акторы.
Пачытаць рэцэнзію Reform.news на «Працэсы» можна тут.
Паглядзець серыял тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram