У Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры адкрылася выстава памяці Алеся Родзіна – выбітнага беларускага мастака-авангардыста, жывапісца, графіка і перформера.
Выстава жывапісу мае назву «Гібернацыя. Выйсце». Паводле куратара Змітра Юркевіча, у назве закладзена мастацкая метафара.
Гібернацыя – стан прыпыненага жыцця, маўчання і чакання.
Выйсце – прачынанне, адраджэнне, пераход у новы стан.
У гэтым спалучэнні назва сімвалізуе пераломны момант паміж забыццём і памяццю, паміж цішынёй і голасам. Творчасць Алеся Родзіна выходзіць за межы часу: яна працягвае жыць, адкрываць новыя сэнсы і гучаць у сучаснасці.

Алесь Родзін (1947-2022) – адна з найяскравейшых постацяў сучаснага беларускага мастацтва. Яго спадчына прадстаўлена маштабнымі палотнамі, насычанымі міфалагічнымі і футурыстычнымі вобразамі.
На працягу дзесяцігоддзя (2001-2012) ён быў рэзідэнтам легендарнага берлінскага арт-цэнтра Tacheles, дзе ладзіў выставы, перформансы і майстар-класы.

Родзін быў адным з ініцыятараў фестывалю эксперыментальнага мастацтва «ДАХ», які з 2001 года праводзіўся ў Берліне і Мінску і аб’ядноўваў мастакоў і даследчыкаў з розных краін.
Родзін не быў абстракцыяністам, яго жывапіс фігуратыўны, але вельмі далёкі ад рэалістычнага падабенства. Свет яго твораў замкнёны сам на сабе, аднак адначасова — экспансіўны, здольны прарастаць і пашырацца на наступныя палотны.
Мастак разварочвае сюжэты сваіх карцін як кнігу, як раман з працягам. Строгая канструкцыя кампазіцыі, нібы дротам, утрымлівае мноства выяў, дэталяў, фрагментаў, і кожны такі фрагмент можна разглядаць як сімвал. Таму што нічога ў гэтых творах няма адназначнага.
Выстава будзе працаваць па 5 кастрычніка 2025 года.