Выстава Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу: Справа жанчын» адкрылася ў Любліне падчас кінафестывалю, прысвечанага правам чалавека

Музей Вольнай Беларусі прэзентаваў сваю фондавую выставу «Кропка ўваходу: Справа жанчын» у межах 24-га кінафестывалю WATCH DOCS. Prawa Człowieka w Filmie, які праходзіць у Любліне.

Выстава «Кропка ўваходу: Справа жанчын» у Любліне. Фота: Музей Вольнай Беларусі

WATCH DOCS — адзін з найважнейшых фестываляў дакументальнага кіно ў Польшчы, ён прысвечаны правам чалавека. Гэта ўнікальная прастора, дзе кіно, дыскусіі і культурныя ініцыятывы аб’ядноўваюцца дзеля размовы пра свабоду, годнасць і салідарнасць.

Выстава «Кропка ўваходу: Справа жанчын» у Любліне. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Выстава выбудавана як прастора асабістых жаночых гісторый, дзе арыгінальныя рэчы і адзенне беларусак становяцца мовай сведчання. Гэтыя артэфакты прамаўляюць аб прыгажосці і моцы беларусак, якія прайшлі праз палітычны пераслед і незаконныя затрыманні, турэмныя тэрміны, вымушаную эміграцыю, але засталіся нязломнымі. Узмацняе экспазіцыю мультымедыйная частка выставы, дзякуючы якой можна пачуць асабістыя гісторыі яе гераінь — Паліны Шарэнды-Панасюк, Галіны Казіміроўскай, Марыны Ментусавай, Яны Шостак, Аланы Гебрэмарыям і іншых нязломных беларусак.

Выстава «Кропка ўваходу: Справа жанчын» у Любліне. Фота: Музей Вольнай Беларусі

«Выстава вельмі гарманічна ўпісаўлая ў прастору. Мы адкрывалі фестываль Watch Docs, і гэта было для нас вельмі прыемна і ганарова, — падзялілася ўражаннямі супрацоўніца Музея Вольнай Беларусі. — Мы распавялі, што стваралі гэтую выставу да Дня жанчын і найперш для жанчын. Людзі задавалі пытанні з залы, таксама было вельмі прыемна адчуваць прысутнасць нашых партнёраў — пасольства Нідэрландаў, для прадстаўнікоў якога мы правялі асобную экскурсію на англійскай мове. Яны падкрэслілі важнасць падтрымкі беларусаў.

Выстава «Кропка ўваходу: Справа жанчын» у Любліне. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Мы таксама паказвалі на вялікім экране відэаролікі, якія здымалі падчас выставы ў Музеі Вольнай Беларусі. Дадалі польскія субцітры, і гэта аказалася вельмі добрай ідэяй. Людзі бачылі твары гераінь, слухалі і чыталі іх гісторыі, затрымліваліся каля экрана і не праходзілі міма. Гэта дапамагло зрабіць выставу яшчэ больш жывой і блізкай для польскай аўдыторыі».

Выстава «Кропка ўваходу: Справа жанчын» у Любліне. Фота: Музей Вольнай Беларусі

Выстава, якая ладзіцца пры падтрымцы арганізацый Homo Faber і «Helsińska Fundacja Praw Człowieka», будзе працаваць да 22 траўня па адрасе: Krakowskie Przedmieście 39B, 20-076 Lublin (прастора Baobab).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!