У варшаўскай галерэі Piękna адбылося адкрыццё выставы дабрачыннага аўкцыёну, які ў трэці раз арганізоўвае Фонд Humanosh im. Sławy i Izka Wołosiańskich.
Гэты фонд шмат гадоў дапамагае палітычным бежанцам. У 2021 годзе яны арганізавалі першы Мірны дом у Варшаве – як месца дапамогі беларускім уцекачам.
Пасля пачатку вайны ва Украіне з’явіліся яшчэ тры такія дамы – таксама і для ўкраінцаў.
«Мірныя дамы – гэта месца, дзе ўцекачы могуць знаходзіцца на працягу трох месяцаў – тлумачыць Катажына Скопец, прэзідэнт Фонду. – У кожным з іх ёсць агульная прастора, дзе людзі збіраюцца па вечарах, глядзяць тэлевізар, размаўляюць, разам гатуюць. Вымушаная эміграцыя — вялізная траўма, таму ніхто ў ёй не павінен быць асуджаны на адзіноту».
Увод у эксплуатацыю, абсталяванне і ўтрыманне Мірнага дома ў значнай ступені сталі магчымымі дзякуючы сродкам, атрыманым з першага дабрачыннага аўкцыёну, які адбыўся ў лютым 2021 года. Аўкцыён 2022 года таксама быў паспяховым і прынёс суму, што забяспечыла патрэбны бюджэт.
На цяперашні аўкцыён працы перадалі больш за 30 мастакоў, адбор твораў на выставу зрабіла куратарка Вольга Мжэльская. У гэтым годзе ўдзел прынялі і ўкраінскія аўтары.
Сам аўкцыён адбудзецца 8 лютага. Набыць работы вядомых беларускіх, украінскіх і польскіх аўтараў і такім чынам падтрымаць украінскіх і беларукіх уцекачоў можна будзе як непасрэдна ў галерэі, так і анлайн.