У амерыканскай Галерэі ў Саўт-Пойнце на Маямі-Біч адкрылася выстава беларускіх мастачак «Propoethic Dreams». Экспазіцыя, у якой прадстаўлены жывапіс і відэапрацы Ганны Сілівончык, а гэтаксама скульптурныя кампазіцыі Марыі Тарлецкай, адкрыта да прагляду ўжо зараз. Але гранд-адкрыццё выставачнага праекта адбудзецца 20 снежня.
Выстава стала плёнам супрацоўніцтва амерыканскай THINK+feel Contemporary Art Gallery з Ганнай Сілівончык. Інстытуцыя запрасіла беларускіх мастачак на арт-рэзідэнцыю ў Маямі — і прадаставіла пляцоўку Галерэі ў Саўт-Пойнце для выказвання.
«Унікальнае і шматграннае спалучэнне вобразаў і думак, якія Ганна прапаноўвае гледачу — амаль заўсёды з доляй гумару — спараджае моцны эмацыйны зарад і з дапамогай дзіўных метафар выклікае нечаканыя асацыяцыі, — распавядае пра творчасць Ганны Сілівончык амерыканскаму гледачу THINK+feel Contemporary.
Шукаючы сюжэты і вырашэнні мастацкіх праблем або даследуючы глыбіні чалавечай псіхалогіі ў сваім творчым працэсе, Ганна звяртаецца да архетыпаў, знойдзеных у казках, міфах і сваёй роднай культуры, захоўваючы мэтанакіраваныя сувязі з мастацтвам ХХ стагоддзя. У выніку яе творчасць прасякнута пазітыўнай энергетыкай — ад яе вее радасцю, любоўю і гармоніяй
Яе працы прапаноўваюць зазірнуць у самыя патаемныя глыбіні чалавечай псіхікі, паглядзець на тое, што кіруе нашымi розумам і сэрцам. Гэта архетыпічны рэнтгенаўскі здымак, погляд на таемнае жыццё ўнутры: каштоўнасці, людзей і пачуцці, якія нам дарагія і якія мы ахоўваем ад знешняга свету».
Нагадаем, што сёлета Марыя Тарлецкая і Ганна Сілівончык сталі ўдзельніцамі вядомага амерыканскага фестывалю мастацтва, узаемападтрымкі і радыкальнага самавыяўлення Burning Man, які ладзіцца на паўночным захадзе Невады, у пустыні Блэк Рок. Беларускія мастачкі пасябравалі падчас грандыёзнай вандроўкі; зараз іх творчая калабарацыя працягваецца.
Месца і час адкрыцця выставы ў Маямі — Галерэя ў South Pointe Tower, 400 South Pointe Drive Lobby Level, Miami Beach, 20 снежня, 18.30.