Інсталяцыі дзвюх беларускіх мастачак будуць прадстаўлены на вядомым фестывалі самавыяўлення Burning Man — фота

Беларускія мастачкі Марыя Тарлецкая і Ганна Сілівончык стануць часткай вялікай творчай супольнасці амерыканскага фестывалю мастацтва, узаемападтрымкі і радыкальнага самавыяўлення Burning Man. Падзея, якая ладзіцца на паўночным захадзе Невады, у пустыні Блэк Рок, распачнецца сёлета 27 жніўня і будзе доўжыцца да 4 верасня.

Зараз аўтаркі з Беларусі актыўна рыхтуюцца да вялікага падарожжа ў пустыню Блэк Рок. Там будзе выбудаваны кругавы горад Black Rock City з жылымі вуліцамі і інфраструктурай, дзе можна будзе ўбачыць мастацкія аб’екты, сцены і забаўляльныя зоны. Пасля заканчэння ўсё прыбіраецца і ад мерапрыемства не застаецца і следу.

«Дазволь сабе пазнаць сябе»

Работа Марыі Тарлецкай, якая прыме ўдзел у фестывалі, і пра якую Reform.by пісаў раней, называецца «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны». Марыя працуе з металам — і ў прыватнасці, скульптуру для Burning Man яна вырабляе са сталі. Памер твора ў сабраным выглядзе – тры з паловай метры ў шырыню і два метры сорак сантыметраў у вышыню.

Так будзе выглядаць скульптура Марыі Тарлецкай «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны». Выява: фейсбук Марыі Тарлецкай.

Сёння Марыя больш падрабязна распавяла пра свой твор на старонцы ў сацсетках.

«Аб чым гэта для мяне? Пра тое, што колькі заўгодна шмат і доўга ты можаш […] інтэрпрэтаваць успрыманне сябе ў вачах іншых людзей, так і іх да цябе стаўленне, — разважае мастачка. — Яны вядома часцей з самых добрых памкненняў спрабуюць зрабіць табе дабро і накіраваць па-свойму, магчыма і праўда, лепшаму і правільнаму шляху.

Ты можаш гуляць з імі ў гэтыя гульні, можаш шчыра верыць і прымаць іх пазіцыю, але сам-насам з самой сабой дазволь сабе пазнаць сябе […].

Паглядзі на сябе ў люстэрка, дакраніся… Ты — усё што ў цябе ёсць і іншы ў цябе не будзе. Прыняць і пакахаць ты можаш толькі гэтую версію сябе.

Пацалунак у вусны заўсёды меў сакральны сэнс і для многіх з’яўляецца праявай наймацнейшых і шчырых пачуццяў. У каханні і прыняцці сябе не можа быць паўмер і падмены.

Праекцыя скульптуры Марыі Тарлецкай «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны» ў пустыні Блэк Рок. Выява: фейсбук Марыі Тарлецкай.

Паспрабуй у люстэрка шкадуючы пацалаваць сябе ў лобік або фармальна ў шчаку. Не!!! Не выйдзе, толькі ў вусны.

У маёй гісторыі гэта пра мацярынства, якое са мной так і не адбылося. Я вырасла ў кансерватыўным грамадстве і доўга адчувала ціск з боку родных і па-ранейшаму адчуваю з боку грамадства асуджэнне і паблажлівае, крыўднае шкадаванне. Але я ўжо ведаю, што гэта мой шлях, так, ён не падобны на шлях большасці жанчын. І я прымаю яго і сябе на гэтым шляху».

Марыя плануе частку скульптуры прывезці у ЗША ў чамадане — у прыватнасці, галоўныя яе элементы, астатняе будзе дакупацца ў Сіэтле. Мастачка кажа пра развітальную вечарынку і запрашае ўсіх ахвотных адправіць у легендарную пустыню вестачку-пасланне, якая па традыцыі будзе спалена ў знак ачышчэння ад непатрэбнага.

Праекцыя скульптуры Марыі Тарлецкай «Пацалаваць сябе ў люстэрку можна толькі ў вусны» ў пустыні Блэк Рок. Выява: фейсбук Марыі Тарлецкай.

«Магчымасць стаць іншым»

Яшчэ адна беларуская ўдзельніца фэсту, мастачка Ганна Сілівончык прадставіць на Burning Man інсталяцыю «Камуфляж».

«Дадзеная інсталяцыя візуалізуе тугу па ідэальным свеце, дзе чалавек не імкнецца супрацьпаставіць сябе прыродзе, але адчувае яе сэрцабіцце і дыхае ва ўнісон. Homo sapiens не выпінае сябе, не бравіруе сваёй значнасцю, але імкнецца гарманічна ўпісацца ў агульную карціну, зліваючыся з іншымі элементамі, з’яўляючыся часткай вялікага цэлага,распавяла пра сваю работу Ганна. — Максімальна ўключаючы эмпатыю, мы можам адчуваць тонкія вібрацыі зямлі, улоўліваць эмоцыі дрэў і травы, разумець мову звяроў і птушак, чуць пра што маўчаць рыбы.

Маскіроўка, мімікрыя… Камуфляж, які звычайна прымяняецца чалавекам падчас палявання ці ваенных дзеянняў, выступае тут у зусім іншай ролі: як спосаб не проста схавацца, візуальна змяшацца з ландшафтам, але як магчымасць прымерыць на сябе вобраз, рысы і якасці іншага. Магчымасць стаць іншым, думаць шырэй і адчуваць глыбей…».

Праекцыя інсталяцыі Ганны Сілівончык «Камуфляж» у пустыні Блэк Рок. Выява: фейсбук Ганны Сілівончык.

Ганна, якая працуе ў жывапісу, ілюстрацыі, чые жывапісныя творы знаходзяцца ў фондах музеяў, так і ў прыватных калекцыях па ўсім свеце, таксама адзначае складанасці дастаўкі інсталяцыі ў пустыню.

«Пры тым, што я імкнуся максімальна мінімізаваць выдаткі, […] усё роўна з улікам транспарціроўкі негабарытнага грузу, іншых арганізацыйных момантаў, часткі дэталяў і інструмента, які нерэальна прывезці і трэба купіць на месцы, гэта выліваецца ў вельмі круглую суму…» — канстатуе яна.

Мастачка будзе ўдзячная, калі хтосьці ў знак падтрымкі праекта набудзе яе творы — жывапіс, кнігі з ілюстрацыямі, наборы паштовак…

«З 10 жніўня буду дапрацоўваць работы ў Сіэтле, а потым — наперад — у Неваду», — дзеліцца сваімі планамі аўтарка.

Маскі, створаныя для праекта Ганны Сілівончык. Фота: фейсбук Ганны Сілівончык.

Мяркуем, што беларускія ўдзельніцы Burning Man будуць радыя любой дапамозе ў вырабе і транспарціроўцы іх твораў.

Як акрэсліў сузаснавальнік Burning Man Лары Харві ў 2004 годзе, фестываль Burning Man кіруецца дзесяццю прынцыпамі: радыкальнае ўключэнне, дараванне, дэмадыфікацыя, радыкальная апора на сябе, радыкальнае самавыяўленне, супольныя намаганні, грамадзянская адказнасць, не пакіданне слядоў, удзел і непасрэднасць. Дарэчы, нягледзячы на назву феставалю, свае творы мастакі-ўдзельнікі ўсё ж не спальваюць, такі лёс толькі ў цэнтральнай драўлянай скульптуры чалавека – Burning Man і канструкцыі храма. Многія аб’екты атрымліваюць другое жыццё – трапляюць на выставы і ў музеі, здаюцца ў арэнду на фестывалі, рэйвы, прыватныя вечарынкі і іншыя культурныя мерапрыемствы. Многія работы знаходзяць сваіх пакупнікоў адразу на фестывалі.

Да слова, Марыя Тарлецкая і Ганна Сілівончык — не першыя ад Беларусі ўдзельніцы знакамітага фэсту. У розныя гады ў касмічны Burning Man зрабілі свой унёсак фатограф Данііл Парнюк і кінематаграфіст Міхаіл Пархоменка.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!