Выстава беларускай фатографкі і кінарэжысёркі Юліі Шатун адбудзецца ў Познані

9 лютага ў прасторы клуба «MY» ў Познані адкрыецца выстава беларускай фатографкі і рэжысёркі Юліі Шатун. Аўтарка такіх фільмаў як «Заўтра», «Апошні дзень гэтага лета», «Межы» прадставіць фатаграфіі (з) Беларусі ў выказванні пад назвай «Вырай».

Юлія Шатун вядомая ў Беларусі перадусім як кінематаграфістка, але рэжысёрка і сцэнарыстка даўно фатаграфуе, і часта выкладае свае здымкі ў сацсеткі. Як фатографку яе цікавяць моманты звыклай паўсядзённасці, пэўныя станы, у якіх раскрываюцца месца і людзі праз самыя простыя рэчы. Можна сказаць, што Юлю Шатун цікавіць вялікае ў малым, ардынарным — тое, як шмат можа расказаць чалавек, горад, месца ў сваім непастановачным, жывым ды амаль ціхім існаванні.

З акна аўтобуса на Нароўлю.Фота Юліі Шатун.

«Хто са мной добра знаёмы, той ведае, што мяне заўжды, калі гуляем, трэба чакаць, таму што я заўсёды дзесьці спыняюся, каб штосьці сфатаграфаваць, — кажа Юлія Шатун пра свой занятак фатаграфіяй. — У мяне для розных аб’ектаў і сітуацый два інструменты: тэлефон і плёначны фотаапарат, — дадае яна. — Наогул фатаграфаваньне — гэта адзін з маіх любімых заняткаў, які вельмі пасуе майму характару. Ідзеш па горадзе, углядаючыся ў людзей, вуліцы, цені, трамваі. Гэта можна рабіць аднаму, нікому аб гэтым не казаць».

Стоўбцы. Фота Юліі Шатун.

Летась Юля Шатун стала двухразовай пераможцай iPhone Photography Awards 2022. Яе фотаздымкі «Прадавец рыбы на Камароўцы» і «Пякарня Sefa Firini» былі адзначаны ў намінацыях «Серыя» і «Заход».

Юлія цікава распавядае пра свае працы. У прыватнасці, пра сваю серыю пра прадаўцоў рыбы на Камароўцы яна дзеліцца так.

«Я зрабіла [яе] ўзімку […]. Там ёсьць частка на вуліцы, дзе прадаюць рыбу. Я заўсёды саромеюся падыходзіць, размаўляць, купляць, асабліва ў іншых краінах. Але мяне вельмі захапляе гэта культура рынкаў, мітусьні, размоў, ежы, якую бяруць рукамі, рэжуць, узважваюць, каштуюць…».

З серыі «Прадавец рыбы на Камароўцы». Фота Юліі Шатун.

Здымак, які быў адзначаны ў намінацыі «Заход», аўтарка зрабіла падчас падарожжа на поўнач Турэччыны. Вось яго гісторыя.

«Некалькі дзён мы жылі ў горадзе Трабзон, у ім паўсюль — халмы. Мы дасьледавалі горад і ўвесь час кудысьці падымаліся, пякло сонца, паўсюль чуўся заклік да малітвы, сабакі раптоўна зьяўляліся, і мы паварочвалі ў іншы бок, мужчыны сядзелі на маленькіх табурэтках, пілі чай і моўчкі глядзелі на ўсіх, хто праходзіць побач. У адным з раёнаў побач з закінутай будоўляй аўтастрады стаяў невялікі будынак, на ім было напісана «Sefa Firini”, дзьверы былі адчынены, але ўнутры нікога не было, толькі хлеб ляжаў на палічках…».

Пякарня Sefa Firini. Фота Юліі Шатун.

 

Фатаграфія Юлі Шатун — гэта погляд далікатнага чалавека на непрыхарошанае жыццё, узіранне ў свет і час, яго расколінкі.

Пазнаёміцца з цікавай аўтаркай і яе працамі можна будзе на выставе, якая адбудзецца ў познаньскім клубе «MY» па адрасе: Fredry 5/3a. Вернісаж адбудзецца 9 лютага ў 19.30.

Палессе. Фота Юліі Шатун.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!