Сёння ў Любліне адбудзецца прэм’ера Вольных Купалаўцаў «Ваўкі» паводле балотнай казцы Евы Вежнавец. Рэжысёр пастаноўкі Павел Пасіні зрабіў нечаканую трактоўку твору

Сёння, 8 снежня, у Цэнтры культуры ў Любліне ў рамках тэатральнага фестывалю Bliski Wschod адбудзецца прэм’ера спектакля «Ваўкі» («Wilcy») паводле балотнай казцы Евы Вежнавец «Куды ідзеш, воўча?». Інсцэніроўка Вольных Купалаўцаў стала адной з самых чаканых падзей, асабліва дзякуючы рэжысёрскай трактоўцы Паўла Пасіні.

Польскі рэжысёр Павел Пасіні супрацоўнічае з артыстамі незалежнай тэатральнай групы ўжо не першы год. У прыватнасці, яго эксперыментальная пастаноўка «Камедыя Юдыфі» з Зояй Белахвосцік у галоўнай ролі ў 2023 годзе, выклікала самыя розныя рэакцыі гледачоў. Годам раней Пасіні паставіў «Дзяды» разам з акторамі незалежнага беларускага тэатра — спектакль быў прысвечаны Украіне.

Гэтым разам супраца вядомага творцы, стваральніка і дырэктара люблінскага neTTheatre і Купалаўцаў вылілася ў пастаноўку «Ваўкі» паводле нашумелага твору Евы Вежнавец — як прызнаваліся артысты, мара пра сцэнічную адаптацыю балотнай казкі з’явілася амаль тры гады таму.

Фота са спектакля: сацсеткі Вольных Купалаўцаў.

«І вось, нарэшце, 8 снежня а 20-й мы гатовыя падняць заслону Відовішчнай залі Центра Культуры ў Любліне», адзначаюць яны.

Чым адметны гэты спектакль? Тут можна ўзгадаць, што Пасіні не з’яўляецца першым, хто ўвасобіў твор Вежнавец на тэатральнай сцэне: арыгінальную «Па што ідзеш, воўча?» паставіла летась з міжнародным складам акторак польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска.

Так вось, у новай пастаноўцы Павел Пасіні засяроджваецца на адным з найважнейшых і адначасова абыйдзеных увагай матываў кнігі – яўрэйскім пагроме, які адбываецца ў беларускай вёсцы.

«Ева Вежнавец, праз паказ пагрому і праблемы антысемітызму, уздымае тэму, якая ў афіцыйнай беларускай літаратуры застаецца замоўчанай. Гэта смелы жэст, які заслугоўвае ўвагі, бо ён сутыкаецца з балючым мінулым і ставіць пытанні пра гістарычную памяць, адказнасць і ролю літаратуры ў перапрацоўцы складаных тэм, каментуюць прэм’еру стваральнікі. — Кніга і тэатральная адаптацыя Пасіні могуць стаць прасторай для размовы пра праблему антысемітызму, якая датычыць не толькі Беларусі, але мае і ўніверсальны вымер. У сучасным кантэксце гэтая тэма асабліва актуальная».

Фота са спектакля: https://ck.lublin.pl.

У спектаклі задзейнічаны: Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Аляксандр Казела, Аляксандр Зяленка і Валянціна Гарцуева.

Сцэнарый, рэжысура, музыка: Павел Пасіні.

Сцэнаграфія, касцюмы, лялькі, праекцыі: Аляксандра Канарска.

Нагадаем, што сёлета люблінскі фестываль Bliski Wschod амаль цалкам прысвечаны Купалаўцам: адначасова будзе адзначацца пяцігоддзе існавання незалежнай тэатральнай групы і 105-я гадавіна Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы.

Куратарка фестываля, беларуская тэатральная даследчыца Ірына Лаппо прапануе прасачыць на прыкладзе пастановак гісторыю тэатра вольных артыстаў пасля 2020 года.

Трапіць на спектаклі і сачыць за фестывалем можна на сайце падзеі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!