Выстава беларускага мастака Аляксандра Данілкіна, прысвечаная Курапатам, адкрыецца ў Познані

2 чэрвеня ў познаньскім незалежным цэнтры Barak Kultury адкрыецца выстава маладога беларускага мастака Аляксандра Данілкіна — «Курапаты. Партрэт».

Падчас «Ночы расстраляных паэтаў» — з 29 па 30 кастрычніка 1937 года — у Курапатах было забіта больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, але сярод ахвяраў былі і грамадзяне іншых рэспублік былога Савецкага Саюза, нагадваецца ў анатацыі да вернісажу.

Аляксандр Данілкін распавядае пра сваю серыю работ так:

«Працуючы над гэтым праектам, я хацеў сімвалічна паказаць велізарнасць страт з дапамогай грабеньчыка, знойдзенага пры эксгумацыі масавых пахаванняў, на якім былі выбіты вельмі эмацыянальныя надпісы — «Цяжкія хвіліны вязня. Мінск 25 красавіка 1940 г. Думка пра цябе зводзіць мяне з глузду» і «26 красавіка я плакаў — цяжкі дзень».

У прадстаўленых партрэтах я паспрабаваў паказаць інтэнсіўнасць гэтых эмоцый, таму самі твары нагадваюць чэрап ці пасмяротную маску, на чорным фоне і з белымі вачыма, якія сімвалізуюць адпаведна смерць і светлыя, незаплямленыя душы», — тлумачыць мастак.

Аляксандр Данілкін скончыў Беларускі дзяржаўны мастацкі каледж. Паступіў у Беларускую акадэмію мастацтваў, з якой у 2020 годзе быў адлічаны па палітычных матывах. Каб пазбегнуць пераследу, быў вымушаны пакінуць Беларусь. З 2021 года вучыцца ў Акадэміі выяўленчага мастацтва імя Эўгеніюша Геперта ва Уроцлаве. «Цягам навучання ўдзельнічаў у шматлікіх групавых выставах», — адзначаецца ў візітоўцы аўтара.

Пачнецца выстава ў Barak Kultury — незалежнай культурніцкай фундацыі ў Познані — 2 чэрвеня а 19.00. Адрас пляцоўкі — al. Marcinkowskiego, 21.

Праект будзе працаваць да 14 чэрвеня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!