Трэцяга мая ў Львоўскім Палацы мастацтваў адкрыецца фотавыстава «Пад ударам» беларускага фатографа Яўгена Атцецкага.
Выстава прысвечаная зменам у сацыяльным жыцці Львова, калі горад на захадзе Украіны стаў перавалачным пунктам або новым домам для перасяленцаў. Выстава пакажа, як уцягнутасць у грамадскія працэсы дапамагае людзям перажыць выклікі, што з’явіліся з поўнамаштабным расійскім уварваннем ва Украіну. Людзі максімальна пагружаныя ў валанцёрскую дзейнасць, вулічныя музыкі спяваюць толькі ўкраінскія песні, на цэнтральнай плошчы рэгулярна праходзяць цырымоніі развітання з загінулымі падчас вайны, але ў той жа час у грамадстве захоўваюцца і традыцыйныя сацыяльныя рытуалы: людзі ходзяць у царкву, сустракаюцца ў кафэ, шпацыруюць у парках.
У рамках выставы таксама пройдуць дзве куратарскія экскурсіі, пра якія абяцаюць паведаміць пазней.
Нагадаем, што Яўген Атцецкі — мінскі фатограф, які задакументаваў пратэсную гісторыю Плошчы Перамен, а пасля стварыў цэлы праект — з сайтам, кнігай і выставамі.
Пасля падзей 2020-га Яўген быў змушаны пакінуць Беларусь і пераехаў у Кіеў, а з пачаткам вайны — у Львоў.
Калі: 3-17 мая
Дзе: Львоўскі Палац мастацтваў (вуліца Мікалая Каперніка, 17)
Уваход вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram