Другі паўфінал конкурсу «Еўрабачанне-2025», які прайшоў 15 траўня ў швейцарскім Базэлі, вылучыў сваю дзясятку фіналістаў. У іх лік, у прыватнасці, трапілі артысты з Латвіі, Літвы і Ізраіля.
Латвійскі дзявочы фолк-гурт Tautumeitas выступіў на шоу з песняй Bur Man Laimi («Зачаруй мяне на шчасце»). Нумар артыстак быў створаны ў фантазійным ключы: салісткі калектыву, апранутыя ў залацістыя строі, нагадвалі лясных німфаў, якія танцуюць у шатах; і як апісалі выступленне дзявочай шасцёркі гледачы паўфіналу, «такое адчуванне, нібыта ў лесе мне спяваюць песню феі».
Літоўскі індзі-рок-гурт Katarsis с песней Tavo akys («Твае вочы») падняў тэму эмацыйнага болю і разбурэння. «Гэта на больш высокім узроўні, чым уся канцэпцыя Еўрабачання», – пракаментавалі выступленне літоўскіх артыстаў прыхільнікі.
Ізраільская спявачка Юваль Рафаэль увогуле выступала на конкурсе ва ўмовах неверагоднага ціску. Яшчэ падчас параду ўдзельнікаў песеннага спаборніцтва палестынскі актывіст паказаў пагрозлівы жэст (нібыта пераразае горла) у адрас спавячкі. Рэпетыцыі адбываліся ў складанай абстаноўцы – гледачы з палестынскай сімволікай асвіствалі выканаўцу. Была сарваная такім чынам і генеральная рэпетыцыя другога паўфіналу. Ёсць версія, што фінальны выступ з-за свісту прапалестынскай публікі быў «адрэтушаваны» па гуку арганізатарамі «Еўрабачання».
Важна дадаць, што Юваль Рафаэль мае траўматычны досвед: яна цудам выжыла падчас нападу ХАМАС на музычны фестываль у кастрычніку 2023 года. Яе абаранілі ад куляў целы іншых забітых людзей, пад якімі яна знаходзілася восем гадзін, пакуль не прыйшлі ратаўнікі.
Нягледзячы на прэсінг, спявачцы ўдалося выступіць на высокім узроўні і прайсці ў фінал з песняй New Day Will Rise («Новы дзень узыдзе»).
Сярод краін-фіналістаў, які былі вызначаны падчас другога паўфіналу, таксама: Арменія, Данія, Аўстрыя, Люксембург, Фінляндыя, Мальта і Грэцыя.
Нагадаем, што пераможца «Еўрабачання-2025» стане вядомы падчас фінальнага шоу, якое адбудзецца 17 траўня ў канцэртнай зале Санкт-Якабсхале.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram