Выйшла кніга-пераможца конкурсу «Шуфлядка»
Reform.news · 30 января 2025, 16:07
https://reform.news/vyjshla-kniga-peramozhca-konkursu-shufljadka/У выдавецтве «Янушкевіч» выйшла кніга, якая перамагла ў конкурсе рукапісаў «Шуфлядка» — «Забойства на вуліцы Макаёнка» аўтарства Клёка Штучнага, — паведамляе bellit.info.
Кніга перадае атмасферу задушлівага, прыціснутага рэпрэсіямі Менску ўзору 2022 году, з пустымі афішнымі тумбамі і поўнымі аўтазакамі.
Сюжэт яе адпаведны…
За вакзалам дзіцячай чыгункі пякельным механізмам задушаная Жанна Танцэн, багемны матылёк і ўдзельніца масавых маніфестацый часоў рэвалюцыі 2020-га.
Зламысная сіла невядомага паходжання падбіраецца таксама да іншай гарадской легенды — вулічнай спявачкі Камароўскай Прымадонны.
Менская міліцыя, занятая паляваннем на палітычных, здае загадкавае забойства ў архіў. За справу бярэцца менскі клан Пісьменных — сумнеўны ранцье і безнадзейны халасцяк Якуб Пісьменны, яго пранырлівы кансільеры Аркадзь Табібулаеў, а таксама яго мёртвая бабка Ханя Пісьменная, якая пры жыцці была імпрэсарыа ці не ўсіх гарадскіх варʼятаў.
Рукапіс кнігі стаў лаўрэатам другога сезону конкурсу рукапісаў «Шуфлядка» (2024 год) у намінацыі «масавыя жанры» (фантастыка, фэнтэзі, дэтэктыў, прыгоды).
Набыць можна па спасылцы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
