«Шолах моўчы» — новая кніга беларускага філосафа Валянціна Акудовіча неўзабаве выйдзе ў межах ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі». Зборнік тэкстаў слыннага інтэлектуала — сумесны праект беларускага выдавецтва «Галіяфы» і македонскага Goten Publishing.
У кнізе сабраныя тэксты Валянціна Акудовіча розных гадоў.
«Ад праграмнага эсэ «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» да вершаў, прысвечаных сябрам, да гумарыстычных афарызмаў пра Бог і свет, — прадстаўляе новае выданне ініцыятыва «33 кнігі для іншай Беларусі». — Біблейскія матывы ў зборніку сустракаюцца з жартамі пра Бога, асабістая гісторыя пра левае вока, якое Акудовіч страціў у савецкім войску, стаіць побач з глыбокім трактатам пра мову як адзін з найважнейшых элементаў чалавечага існавання. Кожны, хто прачытае гэтую кнігу, паглыбіцца не толькі ў свет думкі аднаго з найвыдатнейшых беларускіх філосафаў, але і ў яго біяграфію, цесна знітаваную з гісторыяй і сучаснасцю беларускага культурнага абшару».
У анатацыі да выдання падкрэсліваецца канцэптуальны складнік зборніка тэкстаў.
«Валянцін Акудовіч — адна з цэнтральных фігураў беларускага адраджэння пераходнага перыяду, прадстаўнікі якога клапаціліся пра нацыянальнае самавызначэнне, пераадоленне каланіяльнай спадчыны і станаўленне беларускай культуры. «Час, у які адбывалася Беларусь», як акрэслівае Акудовіч нечаканае здабыццё дзяржаўнага суверэнітэту, быў часам вялікіх спадзяванняў і культурнага ўздыму, — заўважаецца ў анатацыі. — У наступныя дзесяцігоддзі прадстаўнікам нацыянальнага адраджэння давялося адмовіцца ад многіх сваіх мараў. Для некаторых гэта прывяло да вялікага расчаравання, у той час як іншыя спрабавалі трымацца за тое, чаго ніколі не існавала. Гэтую сітуацыю Акудовіч успрымае як магчымасць паразважаць пра месцазнаходжанне чалавека ў многіх вымярэннях: міжасабовым, палітычным, культурным, экзістэнцыяльным. Гэтая чырвоная нітка разважанняў Акудовіча праходзіць і ў кнізе «Шолах моўчы».
«Галіяфы» — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе.16 красавіка 2022 года па рашэнні Міністэрства інфармацыі Беларусі яно было вымушана спыніць выдавецкую дзейнасць.
Выдавецтва Goten Publishing было заснавана ў Скоп’е ў 2010 годзе.
Супрацоўнікі і перакладчыкі Goten Publishing з сярэдзіны 1990-х гадоў працуюць у выдавецкай і культурнай сферы — у рэдакцыях некалькіх часопісаў, у выдавецтвах і грамадскіх арганізацыях; у рэалізацыі культурных і выдавецкіх праектаў, арганізацыі чытанняў, публічных дыскусій і культурна-мастацкіх мерапрыемстваў.
Нагадаем, што ініцыятыва «33 кнігі для іншай Беларусі» мае на мэце паспрыяць выхаду прынамсі 33 кніг, якія ў цяперашніх умовах не могуць пабачыць свет у Беларусі. Праект, заснаваны беларускай перакладчыцай, рэдактаркай, сябрам Нямецкай акадэміі мовы і паэзіі Ірынай Герасімовіч разам з пісьменнікам, драматургам Лукасам Бэрфусам і прафесарам, кіраўніком Інстытута славістыкі Цюрыхскага ўніверсітэта Сільвіяй Засэ.
«33 кнігі для іншай Беларусі» стварае сетку партнёраў з розных еўрапейскіх краін, гатовых часова дапамагаць з выпускам беларускіх кніг. У часы жорсткіх рэпрэсіі і звужэння прасторы беларускага слова праект шукае магчымасці данесці знакавыя работы беларускіх і сусветных аўтараў да чытача.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram