Напрыканцы года выдавецтва Gutenberg Publisher запусціла апытанку з мэтай атрымаць зваротную сувязь ад беларускіх чытачоў. Галоўнай мэтай было зразумець, якія кнігі патрэбныя беларусам, якія ідэнтыфікуюць сябе як аматары беларускай кнігі. То-бок апытанне праводзілася сярод «цёплай» аўдыторыі, што, верагодна, павысіла паказчыкі зацікаўленасці і лаяльнасці.
Колькасць рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у апытанні, склала 584 чалавекі. Найбольшая доля ўдзельнікаў – з Польшчы (каля 47 %), пераважна з гарадоў (Варшава, Кракаў і інш.).

Больш за 77 % рэспандэнтаў чытаюць рэгулярна – штодня або некалькі разоў на тыдзень. Гэта дазваляе разглядаць выбарку як аўдыторыю з устойлівай чытацкай звычкай.
Абсалютная большасць рэспандэнтаў аддае перавагу папяровым кнігам, набывае іх анлайн, у асноўнам праз сайты выдавецтваў ці на імпрэзах. У афлайн-крамах набываюць каля 40 %. Амаль чвэрць атрымлівае кнігі ў падарунак.
Чытачы часцей набываюць кнігі анлайн. Пераважаюць сайты выдавецтваў (каля 70 %; пры множным выбары адказаў); маркетплэйсы складаюць болей за чвэрць продажаў (каля 30 %). Важную ролю адыгрываюць афлайн-імпрэзы з удзелам выдаўцоў, сустрэчы з аўтарамі і г.д. (каля 50 %). У афлайн-крамах набываюць каля 40 %. Амаль чвэрць атрымлівае кнігі ў падарунак.

Чытачы адзначылі, што на рынку беларускай кнігі найбольш не хапае перакладной сучаснай літаратуры і сучаснай беларускай прозы. Каля трэці рэспандэнтаў адказала, што патрэбна больш выдаваць падлеткавай літаратуры і масавай — дэтэктывы, трылеры, жанравая «лёгкую» прозу. Усвядомленыя адказы пацярджаюць запыт на сусветны бэстселер, але карэктуюць яго ў бок больш лёгкіх жанраў (самаразвіццё, філасофія, сацыялогія, навукпоп і г.д.).
Апытанне паказала, што ў цэлым рынак беларускіх кніг за мяжой трымаецца на лаяльнай і рэгулярнай аўдыторыі з выразнай каштоўнаснай матывацыяй. Галоўныя абмежаванні звязаныя не з адсутнасцю попыту або з высокімі коштамі, а з недахопам прапановы, інфармацыйнага ахопу і даступнасці кніг. Гэта азначае, што рынак мае патэнцыял для сістэмнага росту (пашырэнне асартыменту, мэтавая камунікацыя з чытацкімі сегментамі, паляпшэнне лагістычнай даступнасці).
Стратэгія прасоўвання кніг павінна абапірацца на сістэмную працу з кніжнымі блогерамі, жывую камунікацыю з чытачамі праз аўтарскія сустрэчы і прэзентацыі, а таксама на выкарыстанне элементаў сторытэлінгу. Медыйнасць і публічная прысутнасць аўтара па-ранейшаму застаюцца важным фактарам увагі і даверу. Для менш вядомых аўтараў важную ролю могуць адыграць іншыя механізмы фармавання лаяльнасці чытачоў – перадусім серыйныя выданні, а таксама выразная канцэптуальная візія выдавецтва і асоба выдаўца, якая становіцца своеасаблівым знакам якасці.
Найбольш папулярнай кнігай застаецца папяровы «перакладны бэстсэлер», а найбольш чаканую можна акрэсліць як «папулярную і карысную». Жаданне «падтрымаць» па-ранейшаму застаецца важным матывам для набыцця кніг. Але можна прагназаваць, што з часам чытачы ўсё часцей будуць выбіраць кнігі не з салідарнасці, а паводле ўласных патрабаванняў і густу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

