«Востры слых патрэбны, каб… пачуць звон ключоў у руках наглядчыкаў»: выстава пра сілу жанчын адкрылася ў Варшаве

«Minsk Anti Zoo. Red Mark» – праект, прысвечаны жанчынам у зняволенні, — адкрыўся ў Музеі Вольнай Беларусі.

У назве мультымедыяпраекта зашыфраваны яго канцэпт. Ідэя прыйшла вядомай стылістцы Ганне Прышывалка падчас наведвання з дзецьмі заапарка ў 2020 годзе, а героі прыдумаліся пад сценамі турмы ў Жодзіна.

Фотазона на выставе «Minsk Anti Zoo. Red Mark». У масках — дзеці палітзняволеных. Фота: reform.news.

Пры выглядзе звяроў у клетках у Ганны з’явіліся асацыяцыі з палоненымі людзьмі. А калі яна стаяла ў чарзе, каб аддаць перадачу блізкаму чалавеку, перад ёй была жанчына, якая сабрала рэчы для дачкі. У адным пакеціку яна змясціла нейкія заколачкі, касметыку. І ахоўнік спытаўся: «Навошта ўсё гэта?». Жанчына разгубілася, а пасля прамовіла: «Але яна ж дзяўчынка». У гэты момант Ганна зразумела, што праект будзе пра жанчын.

На выставе «Minsk Anti Zoo. Red Mark». Фота: reform.news.

Аднак папярэднічала ўсім гэтым знаходкам моцнае жаданне выказацца з нагоды падзей 2020-га, якое яна прагаворвала з фатографам-партнёркай Марыяй. Шукалі сімвалізм і знайшлі алегорыю ў параўнанні асуджаных жанчын з жывёламі ў клетках. Аднак галоўны настрой выставы, што падтрымліваецца нават каларыстычна — чорны з золатам, — не адчай ці стан пакуты, а дзёрзкасць і смеласць жанчын, якіх увасобілі акторкі Беларускага свабоднага тэатра.

На выставе «Minsk Anti Zoo. Red Mark». Фота: reform.news.

Фотасесія ляжыць у аснове праекта, аднак ёй не абмяжоўваецца. Для жанчын былі знойдзены аватары, выявы дапоўнены тэкстам — апісаннямі гэтых аватараў. Аўтарка іх — журналістка, якая, адседзеўшы 15 сутак, зразумела, што ў зняволенні людзі раскрываюцца ў тых сваіх якасцях, якія б у іншы час не выявіліся.

Тры збіральныя і тры рэальныя вобразы прадстаўлены на выставе.

Вобраз маці галоўны — у ім канцэнтруецца і галоўная сіла, і самы моцны боль, бо маці ў зняволенні разлучаныя са сваімі дзецьці, часам зусім малымі. Наступны вобраз — бабулі, напамін пра жаночыя маршы і іх неадэкватныя разгоны. І трэці — маладой дзяўчыны-студэнткі, сімвал жанчыны з кветкамі.

На выставе «Minsk Anti Zoo. Red Mark». Фота: reform.news.

Для трох зняволеных таксама знойдзены іх аватары — для Вольгі Хіжанковай — малпа («Не пераношу нуду, люблю быць у руху»), для Алены Леўчанкі – воўк («На гэтую тэрыторыю лепш не савацца. Іду першай, высока падняўшы хвост»), для Марыі Калеснікавай – ліса («Я — яркая какетка, вылучаюся са сваёй зграі»).

У кожнай гісторыі – чырвоны сімвал, колер якога натхнёны чырвонай памадай Калеснікавай. Чырвоныя калготкі Хіжанковай — сімвал жаноцкасці, якую нельга знішчыць нават у гэтых умовах, чырвоныя кветкі — сімвал жаночых пратэстаў, крывавая рука — гвалту. І чырвоны штамп — тое, што спрабуе рабіць дзяржава, штампуючы сваіх грамадзян.

Каб ператварыць звычайную фотасесію ў незвычайны праект, спатрэбілася цэлая каманда, у якой былі стылісты, візажысты, фатографы, капірайтары і перакладчыкі. Увасобілі шэсць персанажаў актрысы Беларускага свабоднага тэатра.

«Аватары шукаліся асацыятыўна, — расказала ініцыятарка праекта Ганна Прышывалка. — Напрыклад, ліса выдае такія незвычайныя гукі, узніклі асацыяцыі з флейтысткай Марыяй Калеснікавай. Таксама звярніце ўвагу, што ў кожнага героя свае краты.

Важна было перадаць, што жанчыны могуць быць моцнымі і рашучымі ў выяўленні сваёй пазіцый. Праект пачаўся ў 2021 годзе, тады было больш веры, што ўсё атрымаецца, таму хацелася стварыць моцныя і пазітыўныя вобразы, якія б засведчылі, што жаночую прыгожасць і жаночую сілу не разбурыць».

Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева дэманструе вопратку, якую жанчыны носяць у зняволенні. Фота: reform.news.

На адкрыцці выставы прысутнічалі жанчыны, якія нядаўна выйшлі з беларускіх турмаў. Былая палітзняволеная Дар’я Афанасьева прадэманстравала вопратку, якую жанчыны носяць у калоніі, — сукенку, колеру падобнага да ружовага, і сінюю целагрэйку, якая пралася раз на год. Стыльнымі гэтыя рэчы не выглядалі, але былі вельмі красамоўнымі. На адкрыцці можна было пачуць голас Марыі Калеснікавай, згенераваны штучным інтэлектам, а таксама гісторыі зняволеных, расказаныя іх блізкімі.

Праект «Minsk Anti Zoo. Red Mark» рабіўся ў супрацы з ініцыятывай «Палітвязынка» і яе стваральніцай Яўгеніяй Доўгай.

Выстава будзе працаваць па 9 чэрвеня 2024 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.