Сёння, 27 лютага, у Мінску адбудзецца сустрэча, прысвечаная этнаграфіі, з удзелам фатографа і даследчыка Сяргея Лескеця і арганізатараў фэсту «Шуканне» ў вёсцы Касарычы.
Сяргей Лескець раскажа, як рыхтаваў сваю кнігу пра вясковую магію. Фотаальбом «Шэпт», што ўтрымлівве не толькі фатаграфіі, але і гісторыі знахарак-шаптух і траўніц, выйшаў вясной 2022 года. Паводле яго, прайшла выстава у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску, а «Купалаўцы» зрабілі спектакль.
Праект нізавай этнаграфіі Šukańnie створаны з мэтай захавання этнаграфічнай спадчыны беларускай вёскі. Дзеля гэтага энтузіясты ездзяць у экспедыцыі па далёкіх вёсках, а ў вёсцы з 500-гадовай гісторыяй Касарычы знайшлі аднадумцаў і пачалі ладзіць там фестываль з тэатрам ценяў, народнымі песнямі, вырабам міфалагічных масак і іншымі культурніцкімі актыўнасцямі.
Арганізатары сустрэчы запрашаюць паслухаць пра праект Сяргея Лескеця ды пра нізавую этнаграфію, каб атрымаць розных экспедыцыйных лайфхакаў на выпадак, калі вы выправіцеся ў этнаграфічную вандроўку.
Месцаў абмежавана, таму запісвайцеся праз дырэкт спадарыні @ilinasobolevskaia.
Уваход вольны.
Сустрэча адбудзецца 27 лютага ў 19.00 у Urban Hostel, вул. Заборскага, 3, Мінск.