Фота: сацсеткі Мікалая Кацука
25 чэрвеня стала вядома пра смерць беларускага сацыёлага Мікалая Кацука. Калегі і сябры ўзнаўляюць таленавітага даследчыка, які сышоў на 49-м годзе жыцця.
Павел Баркоўскі, в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:
— Цяжка ў такое паверыць. Проста разумееш, што чалавечае жыццё вельмі крохкая рэч. І што той стрэс, у якім беларусы жывуць апошнія гады, забівае не горш за радыяцыю. Проста фіксуеш, як шмат сыходзіць яшчэ цалкам маладых, саракагадовых.
Мікалай Кацук, я ведаў цябе ад студэнцкіх гадоў і проста не разумею, як яно магло так стаць. Адзін з самых таленавітых аналітыкаў і даследчыкаў, якім, на жаль, не знайшлося месца ў акадэмічным жыцці Беларусі. Проста вялікая страта для беларускай сацыялогіі і сацыяльнай філасофіі. Сумую за ім і не ведаю, што б хацеў сказаць на развітанне, каб толькі змог. Можа толькі: Быць сабой — найвялікшае мастацтва, у цябе гэта атрымалася! R.I.P.
Таццяна Нядбай, прэзідэнтка Беларускага ПЭНа:
— Мікола Кацук сышоў.
Чалавек, з якім прагаварылі і праплакалі ўсю ноч смерці Міхала — тады яшчэ не абвешчанай.
Чалавек, з якім пілі віскі і сустракалі новыя гады, планавалі тое, што загадзя не рэалізуецца, але было вартае планаў, — пры ўсім ягоным і маім скептыцызме.
Чалавек, на супольных фотках з якім, так шмат тых, хто ўжо не з намі, — Міхала [Анемпадыстава], Кірыла , [Уладзіміра] Абушэнкі.
Кажуць, сэрца не вытрымала. Сэрца, якое змясціла ў сябе так шмат болю.
Ігар Бабкоў, паэт, філосаф:
— Мікола Кацук (R.I.P.) перабраўся на нябёсную байду. Столькі адхадзілі па рэчачках, адспрачаліся, адпалілі вогнішчаў, адгаварылі ідэяў, адспявалі купалінак. Абдымай ад нас, даражэнькі, Міхала, і Кірылу, і Абушэначку вядома.
Андрэй Ягораў, палітолаг, грамадскі дзеяч:
— Коля Кацук пайшоў з жыцця.
Харошы чалавек, што неяк шчыра прымаў іншых людзей з усёй іхняй недасканаласцю.
Ярка таленавіты. Адзін з нешматлікіх людзей у маім жыцці, хто мог так тонка, крэатыўна, па-новаму самастойна мысліць.
Іранічны, ранімы, бесталковы ў жыцці.
Бывай, сябра. «Ігратэхнік ігратэхніку ігратэхнік».
Прабач, што не змог быць побач, калі табе было складана.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram