Фота: japanisches-palais.skd.museum.
Адныя з найбольш яскравых беларускіх мастакоў contemporary art — Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава — анансавалі адкрыццё аўтарскага анлайн-курса па сучасным мастацтве.
Міхаіл Гулін падзяліўся ў сваіх сацсетках, што творцы пераязджаюць у Берлін (раней пара жыла ў Дрэздэне), і запускаюць некалькі праектаў. Першы з іх — акурат аўтарскі курс «Сучасныя мастацкія практыкі: ад калажа да акцыянізму».
Міхаіл Гулін — мастак-канцэптуаліст, аўтар правакатыўных мастацкіх акцый і твораў, праз якія даследуе сацыяльныя стэрэатыпы, выкарыстоўваючы для гэтага вобразы поп-культуры і класічнага мастацтва. Яго вядомыя акцыі — «Я не…», «Сабака брэша, а караван ідзе», «Персанальны манумент», «Іона», калі мастак правёў тры дні і тры ночы без ежы і сну на вуліцы ў бутафорскай канструкцыі — «чэраве кіта», падымаючы пытанне, у тым ліку, ізаляцыі ў самых розных кантэкстах.
Антаніна Слабодчыкава — мастачка, якая працуе ў жывапісе, графіцы, інсталяцыі, выкарыстоўваючы калаж і вобразы поп-культуры для разважанняў на тэмы гендарнай ідэнтычнасці і сацыяльных стэрэатыпаў. Творца — аўтарка культавай піктаграмы 2020 года з выявай сэрца, кулака і «вікторыі».
Мастакі маюць у даробку ўдзел у штатлікіх міжнародных праектах. У 2023 годзе ў Японскім палацы ў Дрэздэне адбылася вялікая персанальная выстава Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай «Кафэ Беларусь ІІ: Комплекс Касандры», якая працягвала ўвагу і асэнсоўвала грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Творчы дуэт мае і досвед выкладання: іх штудыі карысталіся поспехам у Мінску.
У праграме анлайн-курса будзе давацца і тэарэтычная база, і практычныя навыкі працы ў розных мастацкіх кірунках.
Набор ужо аб’яўлены, запісацца на курс можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram