Вядомая амерыканская мастачка Барбара Кругер стварыла тэкставую працу на вагонах украінскага цягніка

Культура
Цягнік «Інтэрсіці» з інсталяцыяй амерыканскай мастачкі Барбары Кругер. Фота: suspilne.media

Легендарная амерыканская сучасная мастачка Барбара Кругер, творчасць якой вывучаюць у мастацкіх навучальных установах па ўсім свеце, размалявала адзін з цягнікоў «Укрзалізниці». Над працай мастачка з камандай працавала паўгода. Цягнік нядаўна прэзентавалі ў Кіеве, піша «Суспільне Київ».

Кругер вядомая сваімі смелымі і правакацыйнымі тэкставымі працамі, якія закранаюць сучасныя праблемы, запрашаючы гледачоў, у тым ліку выпадковых, спыніцца, падумаць і пераацаніць навакольны свет.

Яе інсталяцыя ахоплівае 9 вагонаў цягніка. Мяркуецца, што цягнік можа перавозіць украінскія сем’і, якія будуць яднацца на вакзалах.

Вядомая амерыканская мастачка Барбара Кругер стварыла тэкставую працу на вагонах украінскага цягніка
Цягнік «Інтэрсіці» з інсталяцыяй амерыканскай мастачкі Барбары Кругер. Фота: designboom

Барбара Кругер у якасці натхнення выкарыстала авангардныя працы ўкраінскага мастака Васіля Ярмілава, яркага прадстаўніка харкаўскага канструктывізму, які ў 1920-я афармляў агітцягнікі. Тады па ўкраінскіх гарадах таксама прайшлася вайна, але Ярмілаў засяродзіўся на рэвалюцыйных лозунгах і вобразах, якія распаўсюджвалі прапагандысцкае пасланне савецкай эпохі ў сельскіх раёнах Украіны.

Цяпер, са слоў нямецкай куратаркі праекта Марыі Ісерліс, аўтарка хацела паказаць сваю салідарнасць з Украінай. Цягнік перамяшчаецца ва ўмовах разбуранай інфраструктуры, дзе чыгуначныя шляхі застаюцца найважнейшымі артэрыямі руху.

Вядомая амерыканская мастачка Барбара Кругер стварыла тэкставую працу на вагонах украінскага цягніка
Цягнік «Інтэрсіці» з інсталяцыяй амерыканскай мастачкі Барбары Кругер. Фота: suspilne.media

«Барбара хацела неяк перадаць рытм цягніка. Ёй хацелася гэтым вершам паказаць сітуацыю, у якой украінцы цяпер знаходзяцца. Але больш настроем, чым проста самімі фразамі», — патлумачыла куратарка. Кожная фраза, размешчаная на вагонах, мае свой рытм.

Тэксты на цягніку напісаны на ўкраінскай мове: «Яшчэ адзін дзень, яшчэ адна ноч, яшчэ адна цемра, яшчэ адно зарыва, яшчэ адзін пацалунак, яшчэ адзін бой, яшчэ адна страта, яшчэ адно дасягненне, яшчэ адно жаданне, яшчэ адзін грэх, яшчэ адна ўсмешка, яшчэ адна сляза, яшчэ адна надзея, яшчэ адзін страх, яшчэ адна любоў, яшчэ адзін год, яшчэ адна спрэчка, яшчэ адно жыццё».

Аляксандр Пярцоўскі, генеральны дырэктар Украінскай чыгункі, расказаў пра супрацу з вядомай мастачкай: «Украінская чыгунка рада працаваць з адным з самых вядомых у свеце мастакоў, каб данесці пасланне салідарнасці да ўкраінцаў, а таксама пасланне аб стойкасці нашай краіны свету. На працягу ўсёй поўнамаштабнай вайны мы сталі значна больш, чым проста грамадскі транспарт, і пастаянна шукаем новыя творчыя спосабы ўнесці свой уклад».

Адзін з ветэранаў УСУ Аляксандр, які прысутнічаў на прэзентацыі спеццягніка, сказаў, што такая ідэя яму спадабалася, а намаляваныя фразы — трапныя: «У некаторых словах ты адразу адчуваеш эмоцыю і, адпаведна, каштоўны вопыт, на самай справе, у кожнай зашыфраванай гэтай фразе. Мне падабаецца, таму што гэта прэзентавана на вагонах і гэта людзі будуць бачыць, чытаць».

Мяркуецца, што цягнік з інсталяцыяй будзе курсіраваць па Украіне і за яе межамі на працягу двух месяцаў. Ён пачынае свой рух з чыгуначнага вакзала Кіеў-Пасажырскі і спыняецца на станцыях, наўпрост звязаных з падзеямі бягучай вайны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости