Reform.news

Вільня, рыхтуйся! Вандроўны фэст Pradmova пройдзе ўжо на гэтых выходных

Reform.news · 14 октября 2026, 22:14

https://reform.news/vilnja-ryhtujsja-vandro-ny-fjest-pradmova-projdze-zho-na-gjetyh-vyhodnyh/

Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova пройдзе ў бліжэйшы уікэнд — 16-18 кастрычніка – у літоўскай сталіцы.

Віленская праграма разглядае беларускую літаратуру ў еўрапейскім кантэксце: як аўтарам і аўтаркам знаходзіць чытача за межамі сваёй супольнасці, што змяняе досвед эміграцыі і як гаварыць пра жыццё пасля катастрофы.

Кожны знойдзе імпрэзу на свой густ.

Прэзентацыі новых кніг

У пятніцу адбудзецца дыскусія з нагоды выдання кнігі «Трэскі лятуць. Дзеці спецпасяленцаў: Беларусь-Котлас-Беларусь» з Ірынай Раманавай і Ціханам Чарнякевічам. У сваім даследванні Ірына Раманава разглядае сацыяльна-псіхалагічныя і маральна-этычныя наступствы раскулачвання і прымусовых дэпартацый у СССР.

У наступныя два дні пройдзе шэраг прэзентацый новых выданняў.

Шчырую гутарку пра літаратуру, жыцьцё, сумневы, натхненне і ўсё, што адбываецца «пад чарапной каробкай» паэта абяцаюць падчас абмеркавання зборніка вершаў «Празь нішто ў нікуды» Вячкі Красуліна. Зміцер Дзядзенка нядаўна выдаў кнігу пад інтрыгоўнай назвай «Каб не ср@лі галубы». Размова пра «вершы позняга лукашызму» будзе суправаджацца аўтарскім выступам пад гітару.

Сяргей Календа прэзентуе сваю кнігу «Пан Проза», Уладзіслаў Наважылаў (Lesley Knife) — «Непрытомнасць», Сяргей Дубавец — «Збор творцаў», Югася Каляда – толькі што выдадзеную «Вандроўку ліфтам». Размова вакол кнігі «Каланісты» Максіма Знака пройдзе ў музычным фармаце.

Навуковыя доследы прадставіць Працоўня даследванняў тэатра і драматургіі Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта ў асобе Андрэя Масквіна. Сяргей Шупа будзе мадэраваць дыскусіі з нагоды кнігі «Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі: У 3 т. Т. 3. Рознічны гандаль у савецкім і постсавецкім грамадствах Беларусі. Ад 1921 года да канца ХХ стагоддзя». Выдавец Ігар Іваноў і тэатразнаўца Натасся Панкратава паразмаўляюць пра беларускі тэатр у эміграцыі і зборнік тэкстаў «(Не) выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025». І ў нядзелю вечарам пройдзе лекцыя «Народнае светамысленне ў сучасным свеце» і прэзентацыя пяцікніжжа «Традыцыйны светалад беларусаў».

Перакладная літаратура

«Новае вымярэнне беларускасці» — так вызначылі пераклад рамана Алены Глухавай. На прэзентацыі «Нашых зіхоткіх целаў» аўтарка раскажа пра кнігу, еўрапейскую літаратуру і тое, як і навошта ёй пісаць па-французску.

Пераклад кнігі выбранай паэзіі выбітнага літоўскага паэта-экзістэнцыяліста ХХ стагоддзя Вітаўтаса Мачэрніса «Я караля ў табе пазнаў» абмяркуюць пры ўдзеле перакладчыцы Ванды Марцінш душ Рэйш і рэдактараў Алмы Лапінскене, Сяржука Гаўрыленкі.

Перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі, гісторыца Таццяна Астроўская і выдавец Ігар Іваноў прымуць удзел у дыскусіі «Перакладаючы Сартра: «Экзыстэнцыялізм ад Сартра да Быкава».

Таксама пройдзе прэзентацыя беларускага перакладу кнігі Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі». Як жыць, а не выжываць у час выпрабаванняў: размова пра надзею і будучыню. Удзельнічаюць: беларускі праваслаўны святар і грамадскі дзеяч Аляксандр Кухта, псіхолаг і кагнітыўна-паводніцкі тэрапеўт Кацярына Карповіч, перакладчыца кнігі. Аляксандра Логвінава.

Дыскусія «Чым важны для беларусаў «451 градус паводле Фарэнгейта»?» пройдзе з удзелам Сяргея Шупы і Андрэя Янушкевіча.

А пра кнігу Максыма «Далі» Крыўцова «Крык на тэрыконе» пагавораць выдавец Дзмітрый Строцаў і перакладчыца Вольга Франко (анлайн).

Дыскусіі пра беларускую культуру і еўрапейскі кантэкст

Як замежны выдавец ці фестываль знаходзіць кнігі? Якія матэрыялы патрэбныя для прадстаўлення кнігі? Як працуюць аўтарскія правы і пераклады? Як шукаць міжнародных партнёраў? Якую ролю адыгрываюць кніжныя кірмашы? Усе гэтыя пытанні плануюць абмеркаваць у размове пад назвай «Ад сваёй аўдыторыі да міжнароднага чытача: як беларускай кнізе выходзіць за межы супольнасці?»

Літаратура не сканчаецца і пасля катастрофы, хоць і здаецца, што пісаць ужо не выпадае. Можа, гэта шанец вярнуцца са свету ўяўных канцэптаў і загаварыць напрасткі? Адкідаем калыханкі – цяпер пішам сур’ёзна? А што, «як раней» дакладна не атрымаецца? Максім Жбанкоў і Юля Арцёмава паразважаюць нядзельным вечарам пра посткатастрафічнае пісьмо.

Беларусь – таксама Еўропа, ейны цэнтр знаходзіцца пад Полацкам. Але ў Еўразвязе беларусы ўсё яшчэ пачуваюць сябе не сваімі. На сувязь мы ідзем неахвотна: адчапіцеся ад нас, мы тут сваё пацерпім. Міжнародныя праекты – рэдкае выключэнне, пераклады – толькі па святах. Як быць Еўропай? Як казаць так, каб цябе чулі іншыя? Як ісці на кантакт з уладальнікамі цікавых пашпартоў краін Еўразвязу? Ды і ці цікавыя мы ім? Адказаць на гэтыя пытанні паспрабуюць падчас дыскусіі «Як быць Еўропай?» Алена Глухава, Дзмітрый Строцаў і Сяргей Шупа.

У суботу ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20) будзе працаваць дзіцячая пляцоўка.

Падрабязная праграма фестывалю тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий