Сталі вядомыя падрабязнасці закрыцця Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Сёння ўстанова культуры афіцыйна аб’явіла аб даце спынення выставачнай дзейнасці на пляцоўцы па вуліцы Някрасава. Ужо з 22 чэрвеня там не будуць ладзіцца выставы.
«Сябры! Паведамляем, што выставачная дзейнасць НЦСМ па адрасе вул.Някрасава, 3 спыняецца з 22 чэрвеня 2026 года. Усе падрабязнасці пазней», — адзначыла каманда цэнтра ў сваім Фейсбуку.
Нагадаем, што Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў мае залы і па адрасе праспект Незалежнасці, 47 — там таксама праходзяць выставы і івэнты. Калі закрыецца гэта пляцоўка — не паведамляецца.
Як стала вядома Reform.news яшчэ 30 красавіка, адна з найвядомых інстытуцый сучаснага мастацтва ў Беларусі будзе ліквідавана ў бліжэйшы час. Пра гэта нашаму выданню паведамілі дзве крыніцы з культурніцкіх колаў.
Частка плошчаў інстытуцыі, як і фонды ўстановы пяройдуць Нацыянальнаму мастацкаму музею (ідзе гаворка пра вышэйзгаданую пляцоўку па праспекце Незалежнасці, 47, што паблізу плошчы Якуба Коласу). Памяшканні на Някрасава, 3 забярэ Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў.
Ліквідацыю НЦСМ звязваюць з постаццю новага старшыні Саюза мастакоў, прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Акадэміі мастацтваў Андрэя Васілеўскага. Ёсць меркаванне, што амаль прызначаны, а не абраны старшыня Саюза і яго атачэнне зацікаўлены ў плошчах НЦСМ. Але гэтага не адбылося б без падтрымкі Міністэрства культуры.
Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў толькі летась адсвяткаваў сваё дзесяцігоддзе. Як установа культуры змешанага тыпу ён існуе з 2015 года ў выніку зліцця «Творчых Майстэрняў «Цэнтр Сучасных Мастацтваў» (2011–2015) і дзяржаўнай установы «Музей сучаснага выяўленчага мастацтва» (1998–2015). За час сваёй працы інстытуцыя стала адной з найяскравейшых і найбольш заўважных культурных пляцовак сучаснага мастацтва ў Мінску і Беларусі.
Установа займалася прасоўваннем эксперыментальных кірункаў у розных відах мастацтва (выяўленчым, тэатральным, музычным), падтрымкай маладых мастакоў і куратараў. Выступала арганізатарам нацыянальных павільёнаў Рэспублікі Беларусь на трох Венецыянскіх біенале, ладзіла Трыенале сучаснага мастацтва, Нацыянальныя прэміі ў сферы выяўленчага мастацтва і іншыя падзеі.
Ёсць версія, што ліквідацыя НЦСМ звязана з аптымізацыяй культурнай сферы, але тое, што закрываюць менавіта пляцоўку сучаснага беларускага мастацтва — шмат пра што гаворыць.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
