У Мінску закрываюць дзяржаўную інстытуцыю мастацтва з больш чым дзесяцігадовай гісторыяй. Апошнія месяцы працы засталіся Нацыянальнаму цэнтру сучаснага мастацтва — у Інстраграме інстытуцыі з’явілася паведамленне пра «апошнюю» акцыю Ноч музеяў, якую ладзіць установа.
Інфармацыю пра закрыццё НЦСМ пацвердзілі Reform.news дзве незалежныя крыніцы з культурніцкіх колаў. Інстытуцыя будзе працаваць да восені — потым каля 50 супрацоўнікаў установы застануцца без працоўнага месца.
Фонды ўстановы, як і пляцоўка на Якуба Коласа, пяройдуць Нацыянальнаму мастацкаму музею. Памяшканні па вуліцы Някрасава дастануцца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Ліквідацыю НЦСМ звязваюць з постаццю новага старшыні Саюза мастакоў, прарэктара па адміністрацыйна-гаспадарчай працы Акадэміі мастацтваў Андрэя Васілеўскага. Ёсць меркаванне, што амаль прызначаны, а не абраны старшыня Саюза і яго атачэнне зацікаўлены ў плошчах НЦСМ. Але гэтага не адбылося б без падтрымкі Міністэрства культуры.
Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва толькі летась адсвяткаваў сваё дзесяцігоддзе. Як установа культуры змешанага тыпу ён існуе з 2015 года ў выніку зліцця «Творчых Майстэрняў «Цэнтр Сучасных Мастацтваў» (2011–2015) і дзяржаўнай установы «Музей сучаснага выяўленчага мастацтва» (1998–2015). За час сваёй працы інстытуцыя стала адной з найяскравейшых і самых заўважных культурных пляцовак сучаснага мастацтва ў Мінску і Беларусі.
Установа займалася прасоўваннем эксперыментальных кірункаў у розных відах мастацтва (выяўленчым, тэатральным, музычным), падтрымкай маладых мастакоў і куратараў. Выступала арганізатарам нацыянальных павільёнаў Рэспублікі Беларусь на трох Венецыянскіх біенале, Трыенале сучаснага мастацтва, Нацыянальнай прэміі ў сферы выяўленчага мастацтва і іншых падзей.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

