Культура – гэта спадчына, каштоўнасці, мінулае і будучыня. Аднак існуюць і аб’ектыўныя паказчыкі, па якіх культурнае жыццё не толькі зазнае пільны аналіз, але і плануецца на перспектыву, — такі ўступ папярэднічае справаздачы пра ход выніковай калегіі Міністэрства культуры.
У ліку ганаровых гасцей калегіі — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка і намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі.
На якія аб’ектыўныя паказчыкі расклалі дзяржаўную культуру ў адпаведным міністэрстве?
Адкрыў пасяджэнне міністр культуры Анатоль Маркевіч дакладам «Культура са знакам якасці: вынікі работы і задачы галіны на 2024 год».
З дадатнага было адзначана наступнае. Абнавіўся кадравы склад культурных устаноў. 46 гадоў – такі сярэдні ўзрост кіраўнікоў у сферы культуры.
Дзеля рэалізацыі задачы «пазбавіцца ад незапатрабаваных звёнаў», распрацавана структура аптымальнай сеткі клубных, музейных і бібліятэчных устаноў па ўсёй краіне.
Тэатрамі і канцэртнымі арганізацыямі забяспечана пашырэнне аўдыторыі гледачоў і павелічэнне даходаў. Гэтыя вынікі дасягнуты дзякуючы стварэнню запатрабаваных гледачамі прэм’ерных спектакляў і канцэртных праграм, а таксама пашырэнню геаграфіі гастроляў.
Са станоўчага боку зарэкамендавала сябе практыка ўключэння маладых рэжысёраў-студэнтаў у пастановачны працэс.
Адбыўся рост наведванняў клубаў і музеяў. Шмат у чым гэтаму спрыяла работа па фарміраванні адзінага календара брэндавых мерапрыемстваў, адкрыццё новых музеяў у Хатыні і Жылічах, а таксама арганізацыя бясплатнага штомесячнага наведвання музейных экспазіцый школьнікамі і выкарыстанне інтэрактыўных форм у рабоце з дзецьмі.
Адным з прыярытэтных напрамкаў у рабоце ведамства міністр культуры вызначыў развіццё міжнародных культурных сувязей. У мінулым годзе найбольшая колькасць праектаў было рэалізавана з Расійскай Федэрацыяй, нарошчаныя тэмпы супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай, дзяліліся вопытам з калегамі з Азіі, Афрыкі, В’етнама, Кыргызстана, Лаоса, М’янмы, Тайланда, Узбекістана, Экватарыяльнай Гвінеі.
Сярод адмоўных тэндэнцый, адзначаных міністрам: няўменне кіраўнікоў арганізацый прагназаваць патрэбнасць у кадрах, недастатковасць выкарыстання магчымасцяў мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў, таксама негатыўную ролю адыгрывае недастатковая матываванасць выпускнікоў і, як адна з асноўных прычын, невысокая заработная плата. Міністр назваў шэраг шляхоў вырашэння гэтага пытання — гэта і перападрыхтоўка супрацоўнікаў, якія не маюць спецыяльнай адукацыі, і перагляд падыходаў да прафарыентацыйнай працы, і павышэнне заработнай платы.
Ігар Луцкі ў сваім выступленні зазначыў, што свет змяняецца і адбываецца змена пакаленняў. Таму трэба думаць пра будучыню і «нашы новыя брэнды». Ігар Петрышэнка таксама быў заклапочаны новым пакаленнем і заклікаў, што ў сувязі са 100-годдзем беларускага кіно для маладых трэба «зрабіць новыя фарматы».
«Сфера культуры прырастае па асноўных пазіцыях», — лічыць міністр, аднак пагрозы ёй нікуды не зніклі.
«Я б параўнаў сферу культуры з імунітэтам грамадства, паколькі мы стаім на перадавой процідзеяння спробам насаджвання тых традыцый, якія для нас з’яўляюцца зусім чужымі», — сказаў Анатоль Маркевіч.
«У нас свая вялікая гісторыя, традыцыі і самабытная суверэнная краіна. І мы дакладна разумеем сваю ролю ў гэтай сістэме каардынат, таму што сфера культуры — аснова ідэалогіі нашай дзяржавы. Мы гаворым з нашымі людзьмі на абсалютна зразумелай мове творчасці і можам данесці любы пазітыўны пасыл праз тэатральную дзейнасць, жывапіс, скульптуру, працу канцэртных арганізацый, бібліятэк, клубаў і іншых устаноў. Мы перадаем не проста словы, а эмоцыі, якія вельмі глыбока абсоўваюцца ў душы чалавека. І я абсалютна ўпэўнены, што мы выконваем сваю працу нефармальна. Дружнай сям’ёй у 56 тыс. работнікаў сферы культуры мы робім вельмі важную для краіны і людзей справу, паказваючы ўсяму свету, што рады бачыць тых, хто ставіцца да нас з пазітывам», — дадаў міністр.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: