«Важна, што творчасць становіцца пачаткам дыскусіі»: у Музеі мастацкай кнігі ў Лодзі адкрылася выстава «Вершаформы» Антося Сівых

У Лодзі адкрылася выстава «Вершаформы», на ёй мастак і кінематаграфіст Антось Сівых паказвае творы візуальнай паэзіі: аўтар увасабляе беларускія і сусветныя вершы ў візуальнай форме.

«Пераствараю пісьмовую мову і размываю мяжу між тэкстам і выявай, распаўсюджваю паэзію беларускіх аўтараў нязнаным раней сродкам», — самапрэзентацыя аўтара сведчыць пра адметныя доследы паміж мастацтвам і літаратурай.

Антось Сівых на сустрэчы з гледачамі. Фота: Кася Рэшка, Muzeum Książki Artystycznej w Łodzi.

На выставе прадстаўлены графічныя творы на вершы Тодара Кляшторнага, Юрыя Таўбіна, Анатоля Сыса, Ларысы Геніюш, Крысціны Бандурыны, Ганны Шакель, Бадлера і нават вытрымка з Бібліі.

Абрысы літар перакрыжоўваюцца і судакранаюцца, нарошчваючы форму, адступаюць і робяць паўзы, ствараючы адмысловы, часта чытэльны сілуэт пазнавальных рэчаў. У выніку мы бачым разнастайныя графічныя выявы, што ўтрымліваюць унутры сябе тэкст. Яны дынамічныя, адначасова сбалансаваныя і няпэўныя, нібы імкнуцца раскруціцца і зноў стаць звыклым радком.

Антось Сівых. Вершаформа да твора Максіма Багдановіча «Змяіны цар». Фота прадастаўлена аўтарам.

Сілуэт графічнай выявы часам адпавядае зместу верша, а часам выніковая форма ствараецца ў выніку чыстай імправізацыі. Выява можа быць звязана з месцам, дзе зроблены твор.

«Гэты кірунак каліграфіі дазваляе адкрываць новыя формы паэзіі і даследаваць патэнцыял літаратуры і культуры ў XXI стагоддзі», — паведамляе анатацыя выставы.

У размове з reform.news аўтар патлумачыў гэтыю думку. «Справа ў тым, што я з падлеткавага ўзросту вельмі любіў чытаць і пісаць вершы і даследваць паэзію як жанр. І даволі рана зразумеў, што людзі сёння асацыююць паэзію з чымсьці нудным, што завучваюць у школе, і ў жыцці — не вельмі патрэбным. Сваімі вершаформамі мне хочацца паказаць іншае вымярэнне таго, чым можа быць паэзія. Многія добрыя вершы застаюцца малавядомымі, а вершаформы дапамагаюць гэтым вершам стаць убачанымі, асэнсаванымі».

Антось Сівых. Вершаформа да верша Майсея Кульбака «Віно маладое». Фота прадастаўлена аўтарам.

Сярод мэтаў сваёй творчасці Антось Сівых бачыць дыялог з гледачамі, таму ён часта піша проста на вуліцах, і жывая камунікацыя дапаўняе творчы працэс. «Звычайна я пішу вершаформы ў людных месцах, напрыклад, на галоўнай плошчы горада, — тлумачыць Антось Сівых. — Людзі падыходзяць і мы размаўляем пра паэзію, пра культуру, мову, пісанне ад рукі. Апошнія гады я шмат вандраваў па польскіх гарадах, працаваў і гутарыў з мясцовымі людзьмі на розныя тэмы, у тым ліку размаўлялі і пра беларускую літаратуру, напрыклад, я тлумачыў кантэкст, у якім знаходзіцца наша літаратура. Для мяне важна, што мая творчасць становіцца пачаткам дыскусіі пра рэчы, якія падаюцца мне цікавымі».

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Радыё «Рацыя».

Выстава, да канца працы якой застаецца два тыдні, пастаянна пераствараецца. На фінісажы гэта ўжо будзе іншая экспазіцыя. Аўтар распісвае сцены радкамі паэзіі, а на маштабнай скульптуры размяшчае вершы розных аўтараў пра горад, у якім жыве апошнія некалькі год.

Выстава працуе да 14 снежня. Адрас Музея мастацкай літаратуры: Piotrkowska 86.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!