Варкшопы, перформанс і прэзентацыя калекцыі «Рунь»: у Варшаве прайшла рэзідэнцыя мастачкі і этнографкі Машы Мароз

Культура
Перформанс «Рунь». Фота: reform.news

У варшаўскай фундацыі «Краіна», якая выбудоўвае супольнасць вакол моды, дызайну і мастацтва, прайшла рэзідэнцыя беларускай мастачкі і этнографкі Машы Мароз.

Маша Мароз – родам з Брэста, карані роду — на Палессі. Гэты ўнікальны рэгіён стаў прадметам яе мастацкіх і этнаграфічных даследаванняў, тэмай аўтарскіх праектаў, звязаных з актуалізацыяй спадчыны, а таксама з пастаноўкай вострых пытанняў. Напрыклад – пра ненатуральную трансфармацыю традыцый.

У мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў пяць гадоў таму Маша Мароз зладзіла выставу «Доўгая дарога дамоў», на якой імітавала інтэр’ер палескай хаты з дапамогай штучных матэрыялаў, то-бок замест ільну і саломкі скарыстала пластык і аграплёнку, а ручную вышыўку перастварыла з дапамогай лічбавай графікі.

«Немагчыма інсцэніраваць аўтэнтычнасць і ўсталяваць кантроль над самаадвольнасцю ідэнтычнасці», — пісала пра свой праект аўтарка. Вяртанне да сваіх каранёў – доўгая дарога дамоў — доўгае, няпростае і нават балючае, бо ідзе праз спробу прыняць тое, што мы цяпер маем, і праз усведамленне таго, што ў мінулым нічога не зменіш.

Варкшопы, перформанс і прэзентацыя калекцыі «Рунь»: у Варшаве прайшла рэзідэнцыя мастачкі і этнографкі Машы Мароз
Перформанс «Рунь». Фота: reform.news

«Энергію нельга стварыць або знішчыць, яе можна толькі трансфармаваць або накіраваць у іншае рэчышча», — так гучаў эпіграф да выставы.

Летась выйшла трохмоўная арт-кніга «Доўгая дарога дамоў», у ёй унікальны фотаархіў, які мастачка збірала падчас экспедыцый на Палессе, суправаджаецца філасофскімі, паэтычнымі і гістарычнымі тэкстамі.

Мастачка з’яўляецца заснавальніца асветніцкай платформы Past Perfect, прысвечанай вывучэнню і захаванню традыцыйнае культуры Беларусі.

Варкшопы, перформанс і прэзентацыя калекцыі «Рунь»: у Варшаве прайшла рэзідэнцыя мастачкі і этнографкі Машы Мароз
Перформанс «Рунь». Фота: reform.news

Лічбавую графіку Машы Мароз можна ўбачыць у кнізе «Мое баба — діректор морга» Волі Аполькі, напісанай на адной з палескіх гаворак. Для афармлення кнігі мастачка звярнулася да міфапаэтычных вобразаў традыцыйнай культуры, абапіраючыся на тэму этнакасмалогіі. Пры стварэнні ілюстрацый Маша Мароз натхнялася ізамарфізмам ткацтва і камп’ютарнага праграмавання, падабенствам схемаў архаічных арнаментальных кампазіцый і архітэктонікі інфармацыйна-лічбавай прасторы, якія маюць агульную функцыю — дэшыфраваць веды.

Цяпер у Варшаве мастачка працягвала этнасеміятычнае даследаванне беларускай архаічнай культуры, факусуючыся на канцэптуальных кодах міфапаэтычнай карціны свету карэнных жыхароў Палесся. Яна правяла два варкшопы: на адным удзельнікі аналізавалі выкарыстанне колеру як элемента сімвалічнае камунікацыі ў традыцыйным касцюме, на іншым — разглядалі фартух як аб’ект семіятычнай культуры.

У незвычайным будынку варшаўскага адукацыйнага цэнтру «Камень» адбыўся гукавы перформанс Машы Мароз «Рунь». Яе калекцыю жаночай вопраткі, якая з’яўляецца вынікам шматгадовых даследаванняў беларускага этнічнага адзення і аб’ектаў сакральнай культуры Палесся, дэманстравалі ўдзельніцы хору «Спевы з-пад моста», якія стварылі адпаведны першабытны гукавы ландшафт.

Варкшопы, перформанс і прэзентацыя калекцыі «Рунь»: у Варшаве прайшла рэзідэнцыя мастачкі і этнографкі Машы Мароз
Pop-up мастачкі Машы Мароз. Фота: reform.news

Напрыканцы рэзідэнцыі ў «Краіне» Маша Мароз зладзіла экспазіцыю поп-апу, дзе можна было сустрэцца з аўтаркай і набыць вырабы Masha Maroz Studio.

У невялікай прасторы была выстаўлена калекцыя «Рунь», аўтарскія ўпрыгожанні і завушніцы, якія аўтарка адносіць да малых форм дэкаратыўнай пластыкі. Іх форма заснавана на перапрацоўцы этнічных матываў — як беларускіх, так і сусветных.

Варкшопы, перформанс і прэзентацыя калекцыі «Рунь»: у Варшаве прайшла рэзідэнцыя мастачкі і этнографкі Машы Мароз
Pop-up мастачкі Машы Мароз. Фота: reform.news

У суботу, 30 жніўня, Маша Мароз паўдзельнічае ў шоўрум Refashioned ад дызайнераў з Польшчы, Украіны і Беларусі. Пакажуць працы пераможцаў першага конкурсу дызайнераў-дэбютантаў, а таксама беларускіх і ўкраінскіх брэндаў, стваральнікі якіх зараз знаходзяцца ў Варшаве: адзенне, ювелірныя вырабы, сумкі, капелюшы, паўсядзённую і высокую моду.

Варкшопы, перформанс і прэзентацыя калекцыі «Рунь»: у Варшаве прайшла рэзідэнцыя мастачкі і этнографкі Машы Мароз
Pop-up мастачкі Машы Мароз. Фота: reform.news

Удзел бяруць беларускія мастачкі і дызайнеркі Анастасія Рыдлеўская, Караліна Палякова, CEMRA, KANVA, Lokonkokon, Марыя Штык, Маша Мароз, Вольга Кардаш, праект «Этыка», Таша Кацуба, ЦУДА. Рэчы можна будзе набыць. Адрас імпрэзы: Centrum Rozwoju Przemysłów Kreatywnych, Mińska 65, Варшава.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости