І ўсё ж травень — як высветлілася — час дзяцей і паэтаў. У параўнанні з папярэднім месяцам чытачу ёсць што выбраць. Цудоўна, што навінкі з Беларусі радуюць не менш, чым замежныя бестселеры.
Сяргей Прылуцкі жыве ў Бучы пад Кіевам. У 2022 годзе ён здолеў выехаць з Бучы прыкладна пасля двух тыдняў акупацыі, вярнуўся ў траўні 2022 года. Нядаўна выйшла кніга яго вершаў «Нічога нястрашнага» — пра вайну і яе прадчуванне.
У новым вершаваным зборніку сабралі вершы, напісаныя да поўнамаштабнага ўварвання, тут «ёсьць прадчуваньне катастрофы, прыпраўленае сюррэалістычным абсурдам і чорным гумарам, такі сабе вясёлы апакаліпсіс мутантаў-гіброідаў часоў гібрыднай вайны», — піша пра кнігу Андрэй Хадановіч.
«Сяргей Прылуцкі – панк-літаратар, віртуозны стыліст і хуліганісты выхаванец «обшчэства балотнага гламуру». Пранізлівы лірык і адчайны перакладчык з невыноснага на чалавечае», — піша пра аўтара bellit.info.
Выдавецтва «Мяне няма».
Набыць тут.
«Чорны лес» тоні лашдэн — гэта не фантастыка і не антыўтопія, а рэалістычнае па сваёй сутнасці адлюстраванне свету, у якім выявілі сябе беларусы і беларускі пасля 2020 года. «Жах перад чалавекам у форме, перажыванне траўмы, страта Радзімы, стойкасць і супраціў размешчаны ў класічных беларускіх топасах балоты, межы, вёскі, палі, якія знаходзяць здольнасць дзейнічаць насуперак тым, хто заявіў над імі сваю ўладу, — піша аўтарка пра сваю кнігу. — Беларусь пасля лета 2020 ператварылася ў Чорны-прачорны лес, населены жудасцю. Я сыходзіў усё глыбей і глыбей у гушчар гэтага лесу, і толькі ў самым асяродку цемры я зразумеў, што я таксама частка гэтай дрыгвы. Я разумею яе — і магу напісаць пра яе. Так атрымалася гэтая кніга».
Кніга напісана на рускай і беларускай мовах.
Выдавецтва «Мяне няма».
Набыць можна тут.
У новы зборнік апавяданняў полацкага пісьменніка Вінцэся Мудрова ўвайшлі стракатыя — па форме і змесце — апавяданні, у якіх аўтар кідае рэтраспектыўны позірк у мінулае і спрабуе зазірнуць у будучыню.
Выдавецтва: Цымбераў Р. М.
Набыць можна тут.
У зборнік вершаў паэта і перакладчыка Ігара Кулікова ўвайшлі вершы, напісаныя са жніўня 2020 па сакавік 2024 года, а таксама жменя ранейшых, але звязаных з рэштаю калі не падзейна, то змястоўна. Гэта ўжо восьмая кніга ўласнай паэзіі ў даробку Ігара Кулікова.
Мастачка Дар’я Кулікова выканала ілюстрацыю, якая традыцыйна аздабляе першую старонку гэтай адмысловай серыі.
Выдавецтва: «Hochroth Minsk».
Замовы на новую кнігу і іншыя кнігі выдавецтва можна дасылаць на адрас: minsk@hochroth.de
У паэта Віктара Жыбуля пасля вялікага перапынку выйшла новая кніга — «Аранжавы». Папярэдняя выходзіла восем гадоў таму. Ілюстрацыю намаляваў Кастусь Жыбуль.
Выдавецтва: «Hochroth Minsk».
Замовы на новую кнігу і іншыя кнігі выдавецтва можна дасылаць на адрас: minsk@hochroth.de
«Фрэскі» Барыса Пятровіча — гэта своеасаблівы жанр, калі творы пішуцца не адрываючы рукі і потым не правяцца, як і фрэскі мастацкія, якія ствараюцца ў храме на тынкоўцы – пакуль яна не засохла…
Першы раз Барыс Пятровіч выдаў кнігу сваіх фрэскаў у 1998 годзе. У новую кнігу «Ад жыцця прачнуцца…», якая мае больш за 300 старонак, увайшлі фрэскі розных гадоў.
Выдавецтва: Фонд Kamunikat.org.
Набыць можна тут.
Першы наклад кнігі разышоўся хутка, таму выдаўцы вырашылі яе перавыдаць. Акрамя ўласна «Зэкамерону» (шэрагу дакументальных апавяданняў) у кнігу ўвайшлі гутаркі і вершы аўтара, якія друкуюцца ўпершыню.
Выдавецтва «Полацкія лабірынты».
Набыць можна тут.
Раман «Ззянне» Стывена Кінга выйшаў у 1977 годзе і праз тры гады быў бліскуча экранізаваны Стэнлі Кубрыкам.
Новая праца Джэка Торэнса ў гатэлі «Аверлук» — ідэальная магчымасць пачаць усё з пачатку. У міжсезонне ён разам з жонкай Уэндзі і сынам Дэні перабіраецца ў стары гатэль, каб працаваць зімовым наглядчыкам. Там у Джэка з’явіцца шмат часу, каб уз’яднацца з сям’ёй і папрацаваць над уласнымі літаратурнымі творамі. Але з надыходам суровага зімовага надвор’я ідылічнае месца здаецца ўсё больш аддаленым ад цывілізацыі… і ўсё больш злавесным. І адзіным, хто заўважае дзіўныя і жудасныя сілы, якія сабраліся вакол гатэля з доўгай і страшнай гісторыяй, становіцца Дэні Торэнс, адораны «ззяннем» пяцігадовы хлопчык.
Пераклад з англійскай мовы Насты Карнацкай.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць тут.
Сусветны бестселер пра грошы, які амаль сто гадоў займае верхнія радкі ў спісах найлепшых кніг пра кіраванне фінансамі, выйшаў па-беларуску. Аўтар раскрывае базавыя, пазачасавыя прынцыпы стварэння багацця і дае практычныя парады, якія будуць карысныя для кожнага — прынцыпы, якія не змяніліся з часоў Вавілона.
Выдавецтва «Папуры».
Можна знайсці ў мінскіх кнігарнях «Параграф 45» і «Кніжная шафа».
У трэцяй кнізе пяцікніжжа «Традыцыйны светалад беларусаў», прысвечанай ключавым тэмам, вобразам і канцэптам традыцыйнага светапогляду беларусаў, гаворка ідзе пра тое, як традыцыйная культура бачыць чалавека, яго фізічны і духоўны свет, жыццёвы шлях, адносіны паміж жанчынай і мужчынам.
Выдавецтва «Беларуская навука».
Можна набыць у мінскіх кнігарнях.
Аляксандар Лукашук прабыў на пасадзе дырэктара Беларускай службы «Радыё Свабода» больш, чым які іншы дырэктар моўнай службы радыё за ўсю гісторыю яго існавання — без малага 25 гадоў. Пра тое, як рабілася «Свабода» і што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім, аўтар піша ў сваёй кнізе «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода. Нататкі дырэктара (1998–2023)».
«Я лічу, што ў Беларусі вельмі мала кніг пра гісторыю журналістыкі, няма ўспамінаў рэдактараў галоўных газет, радыёстанцый, — сказаў аўтар на прэзентацыі кнігі ў Варшаве. — Паглядзіце, якая ў нас гісторыя партал TUT.BY і Зісер, БелаПАН і Алесь Ліпай, газета “Свабода” і Ігар Гермянчук. Яны ўсе заслугоўваюць кнігі. Журналісты, галоўныя рэдактары, дырэктары мусяць пісаць. Трэба гэту прафесію асэнсоўваць і паказваць яе для іншых. У гэтым сэнсе, скончваючы працу на “Свабодзе”, я хацеў бы зафіксаваць свой досвед».
Назва кнігі «Там, дзе няма цемнаты» — гэта цытата з песні гурта ULIS.
Выдавецтва Vesna.
Набыць можна тут.
Прыгодніцкі раман на 375 старонак тэксту прызначаны для чытачоў усіх узростаў, пачынаючы ад 14 гадоў.
«Капітан Лятучая Рыба» — кніжка пра вялікае беларускае падарожжа, — тлумачыць аўтар. Пашпарты і гатэлі, цягнікі і самалёты, караблі і межы — вось дэкарацыі для гэтага рамана. Прыгоды гераіні пачынаюцца ў еўрапейскім партовым горадзе, а завяршаюцца ў… А паміж гэтымі пунктамі — «краіны, якія ёсьць і якіх няма. Краіны, якіх лепш не было б — і краіны, якія маглі б шчасьлівейшымі. Краіны, якія прысьніліся і краіны, якія мы не выбіраем».
«Нібы падлеткавы прыгодніцкі раман з двайным дном і падводнымі камянямі. З бліскучай завязкай, дынамічным сюжэтам, цалкам сабе рэалістычнай фантастыкай (хто з нас апошнім часам не сябраваў з валізкай і палітонам, а некаторыя — нават з файкай). І «загнаная ў падтэкст» амаль тэрапэўтычная праца з нашымі самымі балючымі траўмамі, бо калі ў цябе забіраюць радзіму, табе можа нечакана адкрыцца ўвесь сьвет», — піша пра кнігу Андрэй Хадановіч.
Ілюстрацыі зрабіў Лявон Вольскі.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць тут.
Гэта графічная кніга пра дзяўчыну-падлетка, у жыцці якой утварыўся вір з таленту, хваробы, кахання і навакольных падзей.
«Дзеянне аповесці адбываецца ў абсалютна актуальны час — 2010-я ў Мінску аж да часоў пандэміі і заканчваецца пратэстамі 2020-га, — піша крытык Ціхан Чарнякевіч. — Строгая храналогія акурат разбіваецца скачкамі ў нядаўняе мінулае, што для падлетка-гераіні з’яўляецца самым што ні на ёсць натуральным дзяцінствам, але сюжэт рухаецца досыць страката менавіта за кошт сучасных метадаў.
Камунікацыя праз мэсэнджары, апісанні лайкаў, гіфак, эмоджы і самога чакання паведамлення часам ствараюць сюжэт досыць вялікай часткі тэксту. Перамяшаныя з «традыцыйным» аповедам, яны даюць эфект пастаяннай прысутнасці каля той самай Соні, якую, між іншым, рэдка хто называе па імені… У тэксце шмат болю — безумоўна, ён і мусіць быць, калі апавядальніца змагаецца з хваробай альбо з той хваляй навакольнага гвалту, які ахапіў яе ў жніўні 2020 года. Разам з тым ёсць і сумнаватая іронія, і гумар, і лёгкі сцёб, і смех праз слёзы, што, канечне, дадае даверу, калі чытаеш кніжку ад пачатку да канца».
Выдавецтва Gutenberg Publisher.
Набыць можна тут.
Супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з выдавецтвам «Беларусь» падрыхтавалі тры першыя кнігі з серыі «Легенды і паданні зямлі беларускай».
Гэта займальныя і ў той жа час павучальныя аповеды адаптаваны для шырокага кола чытачоў, багата ілюстраваныя, і – што вельмі важна – гэтаксама дзецьмі, навучэнцамі гімназіі-каледжа мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка. Маленькі чытач (кнігі для сярэдняга і старшага школьнага ўзростаў) атрымае магчымасць пазнаёміцца з паданнямі пра ўзнікненне назваў шэрагу гарадоў і вёсак Беларусі, а таксама з этыялагічнымі легендамі пра ўзнікненне жывёл і птушак.
Выдавецтва «Беларусь».
У ілюстраванай кнізе, укладзенай Палінай Грынчанкай, сабраныя беларускія народныя прыказкі і прымаўкі на тэмы прыроды, сям’і, працы, навучання, сяброўства ды інш. Зборнік будзе цікавы дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, бацькам, выхавальнікам ды настаўнікам.
Кніга будзе карыснай для дзетак, якія вучацца чытаць. Выдаўцы старанна падбіралі зручны шрыфт і памер літар, а кароткія сказы і яскравыя малюнкі не дадуць ім стаміцца і засумаваць. А таксама для выхавацеляў дзіцячых садкоў і настаўнікаў малодшых класаў. Выдаўцы размеркавалі прыказкі па тэмах, каб кнігай было зручна карыстацца ў навучанні.
Выдавецтва «Тэхналогія».
Набыць можна тут.
Цэлае мора, з усімі сваімі рыбамі, медузамі і акуламі залезла ў звычайнае вядро і паехала ў адпачынак. Уявіце сабе, што яно пасялілася ў ванне ў адной з кватэр вялікага горада, а пакінутыя морам піраты выправіліся на яго пошукі.
Кніга адметная сваімі ілюстрацыямі, якія выканала сама аўтарка тэксту.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
У кнігу дзіцячай пісьменніцы Наталлі Бучынскай увайшлі тры займальныя і пазнавальныя казачныя гісторыі, якія дазволяць далучыцца да незвычайных падзей у дзівосным свеце кузурак і смаўжоў: паслухаць канцэрт Смоўжыка і жамяры, раскрыць здарэнне з прапажай хаткі цётачкі Смаўжыхі, спрабаваць разам з Гурманам злавіць вёрткага Смаўжа. Таксама ў чытача будзе магчымасць даведацца і пра незвычайных смаўжоў, якія жывуць у свеце. А самы настойлівы зможа палічыць смоўжыкаў, што падарожнічаюць па старонках і дзеляцца сваімі сакрэцікамі.
Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».
Набыць можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram