Вайна – лакальная праблема? Беларускі погляд на Венецыянскую біенале архітэктуры

Есць у свеце мастацтва і культуры рэчы, якія здаюцца нязменнымі. Венецыянская біенале – адна з іх. У славутым горадзе на вадзе чаргуюцца мастацкая і архітэктурная падзеі сусветнага маштабу – кожная з іх раз на два гады збірае найцікавейшыя творы і канцэпты, а таксама вядучых прадстаўнікоў адпаведных супольнасцяў. Гэтым разам Венецыя прымае 19-ю міжнародную архітэктурную выставу. Яна стартавала на пачатку мая і будзе доўжыцца да 23 лістапада.

Адзін з залаў цэнтральнай біенальнай выставы «Розум: прыродны, штучны, калектыўны» ў Арсенале. Фота: Ганна Паўлюк.

Ніякіх неспадзяванак (ну, можа, толькі платны турыстычны ўваход у горад, уведзены сёлета), усё як заўжды вельмі цікава. Нягледзячы на тое, што Цэнтральны павільён у Джардзіні, дзе звычайна ладзіцца галоўны біенальны праект, зачынены з-за рамонту – гэтая біенале адна з самых насычаных.

Запрошаны куратар – італьянскі архітэктар, дызайнер і тэарэтык, вядучы сусветны спецыяліст па ўрбаністычным планаванні Карла Ратці. Прапанаваная ім тэма, у межах якой канструюецца біенале, можа быць перакладзена як «Розум: прыродны, штучны, калектыўны» (Intelligens. Natural. Artificial. Collective). Ратці канцэптуалізуе інтэлект не толькі як тэхналагічную здольнасць, але і як шырокі спектр узаемадзеянняў паміж прыродай, чалавекам і машынамі. Ён падкрэслівае неабходнасць міждысцыплінарнага супрацоўніцтва, уключаючы архітэктараў, навукоўцаў, мастакоў, філосафаў, праграмістаў і інжынераў для стварэння патрэбных будучыні рашэнняў у галіне архітэктуры, таму прадстаўлена шмат праектаў на мяжы архітэктуры і іншых дысцыплінаў. Сам Ратці на прэс-канферэнцыі казаў пра разлік на «хвалевы эфект»: біенале нібыта кідае добрыя, карысныя ідэі «ў архітэктурную плынь», і яны павінны распаўсюджвацца ў супольнасцях як «кругі на вадзе».

У якасці галоўнага выкліку чалавецтву і сучаснай архітэктуры куратар дэкларуе кліматычны крызіс і яго патэнцыйныя наступствы. Таму экспазіцыя пачынаецца з метафары глабальнага пацяплення: у зацямнёнай прасторы з люстранымі (і выпаральнымі) воднымі паверхнямі працуюць дзясяткі кандыцыянераў, выкідаючы сюды цёплае паветра, што атрымліваецца ў выніку ахалоджвання астатніх залаў выставы. Некамфортныя спякота і вільгаць – галоўныя чыннікі моцнага ўздзеяння эфектнага комба з працаў «Перспектывы Трэцяга Раю» Мікеланжэла Пісталета і «Terms and Conditions» («Правілы і ўмовы» ці «Тэрміны і кандыцыянеры»?) інтэрнацыянальнай калабарацыі на чале з камандай Transsolar.

Асноўны праект: Мікеланжэла Пісталета «Перспектыва Трэцяга Раю» і Transsolar, Більге Кобас, Дэніэл А. Барбер, Соня Сеневіратнэ «Terms and Conditions». Фрагмент экспазіцыі. Фота: Ганна Паўлюк.

Далей – тры адпаведныя тэме экспазіцыйныя часткі. У кожнай шмат цікавостак – напрыклад, у прыроднай прапануецца паглядзець на (архітэктурныя) перспектывы зямлі з пункту гледжання камянёў, раслінаў, мікраарганізмаў і іншых нечалавечых агентаў; штучная «архітэктарызуе» дасягненні сучасных тэхналогій ад робататэхнікі да ШІ, а калектыўная дэманструе супольныя высілкі людзей у стварэнні лепшай будучыні. Ратці прапаноўвае яшчэ некалькі паралельных тэматычных падзелаў, але, тым не менш, настойвае на разгалінаванай, рызаматычнай структуры сваёй выставы – бо шмат экспанентаў тычацца некалькіх катэгорый адначасова.

Сёлетняя біенале атрымала шэраг нараканняў ад прафесіяналаў. Напрыклад, з прычыны таго, што, уласна архітэктуры на ёй няшмат. Немагчымыя футурыстычныя канцэпты для космасу, робаты і андроіды, засілле ШІ і іншыя незвычайныя рэчы, закліканыя захапіць увагу наведвальнікаў, літаральна выдавілі з экспазіцый архітэктуру.

Але акрамя кампазітараў, кухараў і навукоўцаў у біенале ўдзельнічаюць – і дэманструюць свае будынкі і канцэпты – сапраўдныя зоркі сусветнай архітэктуры. Чаго варты толькі выдатны павільён-прычал, да якога спрычыніўся сам Норман Фостэр! Ягоны стальны шэдэўр пабудаваны для прапаганды велатранспарту ў Венецыі – ровары прычальваюць, натуральна, водныя.

Фонд Нормана Фостэра, Майкл Маўэр (Porsche), Мігель Крэйслер (BAU + Empty), Рагнар Шультэ (Porsche), Крыстафер Хорнзі-Джонс (Aerotrope): Брама да водных шляхоў Венецыі. Фота: Marco Zorzanello, courtesy of La Biennale di Venezia

Хоць цэнтральная экспазіцыя біенале, па сутнасці, зроблена ў фармаце звычнай архітэктурнай выставы, дзе дамінуюць каляровыя планшэты з візуалізацыямі, а дысплэі і інсталяцыі дадаюць выразныя акцэнты, фізічна немагчыма хутка ўспрыняць усе – безумоўна класныя і карысныя – ідэі/пасланні ўдзельнікаў. Экспазіцыя катастрафічна перанасычана інфармацыяй. Больш за 750 удзельнікаў з усяго свету, што ў выніку біенальнага опэн-колу апынуліся ў Арсенале, гэта вельмі шмат, а яшчэ да біенале далучаюцца 66 нацыянальных павільёнаў у Садах Джардзіні ці іншых гарадскіх лакацыях, насычаная паралельная праграма і безліч пазабіенальных івентаў.

У афіцыйнай праграме біенале толькі адзін беларускі праект (я пісала пра яго папярэднюю версію летась) – і гэта вялікае дасягненне, шчыра віншую калегаў са «Школы архітэктурнага мыслення»! Незразумела, праўда, ці карэктна лічыць яго беларускім, бо цяпер «Школа» базуецца ў Лісабоне, куды ў 2021 годзе пераехалі яе заснавальнікі. Беларускага ж нацыянальнага павільёна традыцыйна няма. Атрымліваецца, што нашай краіны насычаная бліскучая біенальная мітусня аніяк ні тычыцца. І што ж застаецца – перасоўвацца ў бадзёрым фуршэтным рытме паміж праектамі і экспазіцыямі, каб з захапленнем сузіраць апошнія каляархітэктурныя тэндэнцыі? Магчыма, але ў мяне, наведвальніцы з Беларусі, падчас біенальнага праменанду ўзнікаюць пытанні.

Асноўны праект: HouseEurope!, s+, b+ Prototypen, CCA (Канадскі цэнтр архітэктуры) HouseEurope! Прэзентацыя Еўрапейская грамадзянская ініцыятывы, што выступае за прыняцце законаў ЕС, якія павінны прыярытэтаваць рэканструкцыю і пераўтварэнне існуючых будынкаў перад зносам. Фрагмент экспазіцыі. Фота: Ганна Паўлюк.

Чаму так няшмат згадваецца бягучая вайна, якая ідзе менш чым у дзвюх тысячах кіламетраў ад Венецыі, амаль у цэнтры Еўропы? Нібыта яна не разбуральная для дойлідства і экалогіі? Магчыма, ушчэнт зруйнаваныя ўкраінскія гарады не выглядаюць дастаткова пераканаўча, каб трапіць у актуальную архітэктурную павестку? Куды тут увогуле прыкласці архітэктуру – у цалкам верагоднай (улічваючы расійскі агрэсіўны мілітарызм) ваеннай еўрапейскай будучыні: ці адбудоўваць парушанае, ці будаваць абарончае, ці што?

Зразумела, што куратар фіксуецца на экалагічных праблемах – і яны, сапраўды важныя. Але вайна таксама мае дачыненне да экалогіі. Моцнае і негатыўнае. Улічваючы маштабы ваенных дзеянняў – гэта сапраўдная экалагічная катастрофа: замінаваныя на стагоддзі палі, забруджаныя паветра і глеба, змененыя/разбураныя экасістэмы, велізарная шкода для біяразнастайнасці і гэтак далей. Чаму ваенным падзеям ва Украіне прысвечаныя толькі некалькі разрозненых фрагментаў гэтай звышнасычанай футурыстычнымі ідэямі біенале?

Асноўны праект: Кацярына Лапацюк, Герман Міціш, Яна Бучацкая, Арэст Ярэмчук, Аляксандр Сіроус, Раман Пучко: Цыркулярнасць на мяжы. Фрагмент. Фота: Ганна Паўлюк.

У галоўнай экспазіцыі расійска-ўкраінскую вайну напрамкі згадваецца толькі ў адным праекце з больш чым трохсот. «Цыркулярнасць на мяжы» каманды маладых украінскіх архітэктарак і архітэктараў адказвае на тэму захавання і рэвыкарыстання матэрыялаў. Штучны інтэлект дапамагае стварыць датабазу рэсурсаў, якія застаюцца пасля ваенных дзеянняў і вызначыць, ці будуць рэшткі будынкаў, пашкоджаных расійскай агрэсіяй ва Украіне, утылізаваныя альбо рэінтэграваныя ў рэканструкцыю. Аўтар(ы)кі ўпэўнены, што «тэхналогіі і грамадскія намаганні могуць ператварыць смецце ў каштоўныя актывы, спрыяючы больш устойліваму і справядліваму аднаўленню на фоне бягучых выклікаў вайны».

Асноўны праект: Кейт Кроўфард і Уладан Джолер: Вылічваючы імперыі: генеалогія тэхналогій і ўлады з 1500 года. Фрагмент. Фота: Ганна Паўлюк.

Тэме вайны ў чалавечай цывілізацыі тычыцца некалькі цікавых экспанатаў, пабудаваных на выкарыстанні баз дадзеных. Але на іх глабальным тле ўкраінская катастрофа губляецца, нібыта страчвае значнасць. «Вылічваючы імперыі: генеалогія тэхналогій і ўлады з 1500 года» – такую назву мае найвялікшая па памеры праца з гэтай катэгорыі. Інфаграфіку, што мае даўжыню ў дваццаць чатыры метры (!), Кейт Кроўфард і Уладан Джолер стваралі на працягу пяці гадоў. На «багатым гістарычным габелене для лепшага разумення тэхналогій сучаснасці», як называюць сваю працу аўтары, непрацяглая лакальная вайна – проста невялічкі сцяжок.

Што да нацыянальных павільёнаў, то першым варта згадаць украінскі. Яго адкрыццё – як камертон нашай трагічнай ваеннай тэмы. З фрагментам цішыні – хвілінай маўчання пра загінулага чальца каманды.

Павільён Украіны: ДАХ: Народны хардкор. Куратары: Багдана Косміна, Кацярына Русецкая, Міхал Мураўскі. Фрагмент выставы. Фота: Ганна Паўлюк.

Назва Павільёна Украіны «ДАХ: Народны хардкор», а ўкраінска-польская куратарская каманда складаецца з Багданы Космінай, Міхала Мураўскага і Кацярыны Русецкай. Падкрэсліваючы традыцыйную важнасць даху, як базавай формы архітэктуры (тое, што мае дах, – з’яўляецца домам), куратары засяроджваюцца на сучаснай ваеннай змене яго ролі. Цяпер дах – гэта мішэнь і першая кропка варожых удараў. «Больш за дзесяць гадоў украінскае неба падвяргаецца нястомнаму нападу расійскай ваеннай машыны, – падкрэсліваецца ў канцэпцыі павільёна, – адэкватныя і ўстойлівыя сістэмы супрацьпаветранай абароны застаюцца далёкай і, здавалася б, недасягальнай мэтай. У адказ на гэта на саламяных, шыферных, драўляных, металічных і бетонных дахах — сельскіх і гарадскіх, народных і зборных — украінцы збіраюць велізарнае, лятаючае, шумлівае сховішча: рыштунак беспілотнікаў».

Павільён Украіны: ДАХ: Народны хардкор. Куратары: Багдана Косміна, Кацярына Русецкая, Міхал Мураўскі. Фрагмент выставы. Фота: Ганна Паўлюк.

Куратары кажуць пра супастаўленне «спадчыннай народнай мовы» традыцыйнай украінскай хаты з «экстранай народнай мовай» самаарганізаваных рэканструкцыйных работ, якія праводзяцца ў ваенных умовах. Адсюль «хардкор» – як сімвал радыкальнага рамонту/рэканструкцыі, фундамент украінскай структуры клопату, рамонту, салідарнасці – і супраціву.

Цэнтральны элемент выставы – па-мастацку інтэрпрэтаваны саламяны дах, створаны архітэктаркай Багданай Космінай. Экспазіцыю атачаюць вітрыны, дзе месцяцца адабраныя матэрыялы з архіва «Атласа традыцыйнага ўкраінскага жытла з канца ХІХ-га да сярэдзіны ХХ стагоддзя» – манументальнага даследавання, што на працягу больш чым 50 гадоў праводзілі тры пакаленні архітэктарак: Тамара, Аксана і Багдана Косміны. «Разынка» праекта – магчымасць камунікацыі з аватарам архітэктаркі і этнографкі Тамары Космінай (1936—2016), якая даследавала народную архітэктуру падчас дзесяцігоддзяў экспедыцый па Украіне. Штучны інтэлект генеруе адказы Тамары, бо навучаны на яе тэкстах і даследаваннях.

Да экспазіцыі даданыя дакументацыя «надзвычайных народных ландшафтаў вайны і аднаўлення», зробленая групамі «Левы бераг» (Ігар Акунеў, Уладзіслаў Шарапа і Ксенія Кальмус) і KHARPP (Ада Вордсворт), а таксама паваеннае фотадаследаванне абязводжаных вайной рэгіёнаў – мастачкі і пісьменніцы Яўгеніі Беларусец. Экспазіцыю ахінае-абагуліяе «Навес дрона» – іммерсіўная гукавая інсталяцыя, створаная Клеменсам Пулам.

Павільён Украіны: ДАХ: Народны хардкор. Куратары: Багдана Косміна, Кацярына Русецкая, Міхал Мураўскі. Візуалізацыя. Фота: прэсматэрыялы

Важна падкрэсліць, што праект ладзіцца па ініцыятыве і з дапамогай Украінскага інстытута, дзяржаўнай установы пад «парасонам» Міністэрства замежных спраў Украіны, якая адказвае за культурную дыпламатыю. Таму павільён мае вельмі пракачаную камунікатыўную частку – намадычную праграму грамадска-арыентаваных падзей «Planetary Hardcore», што стартаваўшы ў Венецыі, перасоўваецца па свеце – каб «наладзіць сувязі паміж Украінай і іншымі месцамі, дзе аднадумныя працы самаарганізаванага рамонту і рэканструкцыі аб’ядноўваюцца ў разгар вайны».

Павільён Азербайджана: Раўнавага. Заканамернасці Азербайджана. Куратарка: Нігяр Гардашханава. Адна з трох частак экспазіцыі: Інавіраваць. Макет Парка Перамогі. Фота: Ганна Паўлюк.
Павільён Арменіі: Мікраархітэктура праз штучны інтэлект: стварэнне новых успамінаў з дапамогай старажытных помнікаў. Куратарка: Марыяна Карапецян. Фрагмент выставы. Фота: Ганна Паўлюк.

Расійская федэрацыя на біенале не прадстаўлена. Дарэчы, шмат з ваюючых дзяржаваў праігнаравалі падзею, напрыклад, павільён Ізраіля зачынены. З іншага боку, краіны, якія на момант адкрыцця Венецыянскага форуму знаходзіліся ў стане канфлікту, як Арменія і Азербайджан, прадэманстравалі вельмі розныя падыходы. Куратары першай паказваюць і з дапамогай ШІ рэгенеруюць культурныя каштоўнасці з захопленага азербайджанцамі Арцаха/Нагорнага Карабаха. Апошнія ж ігнаруюць сучасныя ваенныя падзеі і фіксуюцца на мінулых перамогах (і гэта дакладна тое ж, што робіць зараз беларускі ўрад ў дачыненні наяўнай вайны), паказваючы ў павільёне, ператвораным у «вітрыну дасягненняў» сваёй краіны – пампезны «Парк Перамогі».

Павільён Латвіі: Ландшафты абароны. Куратаркі: Ліене Якабсоне, Ілка Рубай. Фота: Ганна Паўлюк.

З бліжэйшых нашых суседзяў вайна бянтэжыць толькі латышоў. У праектце «Ландшафты абароны» прывабныя, яркага жоўтага колеру канструкцыі прыцягваюць увагу – але гэта не элементы дзіцячай пляцоўкі для гульняў, а макеты абарончых канструкцый на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю/Расіяй. На вялікіх дысплеях – відэа з расповедамі памежных жыхароў, дзе трывога мяжуе з фаталізмам і будзённасцю. Павільён паказвае змену ландшафту памежжа ў выніку абарончых (архітэктурных) захадаў – з пункту гледжання простых латвійскіх «тутэйшых». «Што значыць жыць на знешняй мяжы НАТА ў часы геапалітычнага канфлікту?» – пытаюцца куратары. І так, месца з якога сыходзіць пастаянная пагроза нападу – гэта наша краіна, Рэспубліка Беларусь. Наша «мірная» Беларусь! Як мы дажылі да такога?

Павільён Эстоніі: Дазволь мне сагрэць цябе. Куратаркі: Кейці Ліге, Эліна Лііва, Хелена Мяна.

Пры гэтым літоўскі і эстонскі павільёны прысвечаныя іншым, не ваенным, хаця і сугучным з нашымі праблемам. Бо ў нас тая ж самая архітэктурная прастора – постсавецкая ці паўночнаеўрапейская – няхай зараз і падзеленая фартыфікаванымі межамі. Эстонія паказвае праект пра рэнавацыю і татальнае ацяпленне сталых будынкаў. Літва – пра захаванне і інтэграцыю жывых дрэваў у архітэктуры савецкага мадэрнізму.

Павільён Францыі: Жыццё з. Куратары: Дамінік Джэйкаб і Брэндан Макфарлейн (Jakob+MacFarlane) сумесна з Мартэнам Дзюпланцье і Эрыкам Даніэлем-Лакомбам. Украінскія праекты ў экспазіцыі. Фота: Ганна Паўлюк.

Некалькі праектаў-канцэпцый пасляваеннага ўзнаўлення разбураных акупантамі ўкраінскіх гарадоў і ландшафтаў выстаўленыя ў павільёне Францыі. Нацыянальны павільён краіны рэканструююецца і недасяжны для публікі, але вялікая выстава прапаноў для праблемных мясцінаў свету «Жыццё з» – сабраная на велізарных планшэтах непасрэдна на будаўнічых рыштаваннях вакол зачыненага будынка. Ён прысвечаны даследаванню рэакцыі сучаснай архітэктуры на зменлівы свет. Змяненне клімату, ваенныя канфлікты, дэградацыя навакольнага асяроддзя – ці здольная архітэктура «справіцца з гэтымі выклікамі? І як гэта змяняе архітэктуру? Як мы можам праектаваць будынкі, гарады і асяроддзе, якія падтрымліваюць жыццё ў турбулентнасці? З кім і чым мы можам аб’яднаць свае сілы?» – пытаюць сябе і гледача куратары. Адказы яны збіраюцца шукаць падчас штомесячных канферэнцый, кожная з якіх прысвечана канкрэтнаму аспекту «Жыцця з».

Тут прадстаўленыя чатыры ўкраінскія праекты – інтэграваная канцэпцыя развіцця ракі Дняпро, дызайн-код Ізюма, даследаванне паваенных зменаў харкаўскіх ландшафтаў і візія для адбудаванага Марыупаля. Звяртае на сябе ўвагу апошняя, прапанаваная «Урбаністычнай кааліцыяй для Украіны Ro3kvit». Узгадваецца квітнеючы Марыпаль, прыморскі горад, што дынамічна развіваўся, культурная сталіца Украіны 2021 года, які ў 2022 годзе стаў ахвярай расійскага урбацыду. Былі знішчаныя 90 працэнтаў гарадской інфраструктуры, а паўмільённае насельніцтва зменшылася да 120 тысяч чалавек. У выніку ваенных дзеянняў большая частка горада ператварылася ў руіны, прычым многія дамы сталі магіламі для іх жыхароў.

Павільён Францыі: Жыццё з. Куратары: Дамінік Джэйкаб і Брэндан Макфарлейн (Jakob+MacFarlane) сумесна з Мартэнам Дзюпланцье і Эрыкам Даніэлем-Лакомбам. Украінскія праекты ў экспазіцыі. Фота: Ганна Паўлюк.

Візія прадстаўляе новы горад як дэцэнтралізаванае супрацоўніцтва ўзаемазлучаных супольнасцяў – на кантрасце з былой цэнтралізаванай структурай. Яна ўключае «зялёную» рэгенерацыю горада, публічны доступ да мора, бесперашкоднае асяроддзе і яшчэ шэраг добрых сучасных рэчаў. Пры гэтым месцам трагічных падзеяў 2020 года, такім, як завод «Азоўсталь» ці разбамбаваны разам з людзьмі, што намагаліся там схавацца, Драмтэатр, надаецца асобая ўвага. Іх мяркуецца не адбудоўваць, а мемарыялізаваць, ператварыўшы ў месцы памяці і рэфлексіі. Такім чынам, гэта ўзнаўленне Марыпаля на нармалёвы еўрапейскі лад, але ці магчымае яно? Напэўна, не бліжэйшым часам. І ўжо дакладна не ў прапанаваных формах.

Бо расійскія акупанты зараз завяршаюць новабудоўлі на развалінах дамоў, нават не эксгумуючы парэшткі тых, хто загінуў падчас аблогі і разбурэння горада, ператвараючы новыя-старыя раёны фактычна ў могілкі, але ствараючы – з дапамогаю архітэктуры! – аптымістычную знешнюю выяву.

Яны сціраюць і руйнуюць тыя месцы, якія павінны былі б стаць месцамі памяці ва ўкраінскай канцэптуальнай прапанове.

Такім чынам, дадзены ўкраінскі праект становіцца прыгожай і паэтычнай марай, якая ў наяўных умовах не можа ажыццявіцца.

Асноўны праект: Clouds Architecture Office: Марсіянская гідрасфера. Канцэптуальны праект падводнага горада, спраектаваны для кратэраў на Марсе і разлічаны на 10 000 чалавек. Па замыслу аўтараў – вада, прапускаючы натуральнае святло, павінна абараняць ад касмічнай радыяцыі і рэгуляваць унутраны клімат. Фрагмент экспазіцыі. Фота: Ганна Паўлюк.

Напэўна, гэта ўсё. Як бачым, рэакцыя інтэрнацыянальнай архітэктурнай супольнасці на бягучую еўрапейскую вайну вельмі сціплая. Што ж хвалюе калегаў і каляжанак на шматлікіх выставах і імпрэзах біенале? Безліч усяго – у межах заяўленай экалагічнай тэматыкі. Напрыклад, літаральна вечназялёная тэндэнцыя для прыкладання архітэктурных высілкаў – выкарыстанне зеляніны ва ўрбанізме. Калі прабегчы па нацыянальных павільёнах – пабачым шмат высаджаных у іх залах жывых раслінаў (Павільёны Бельгіі, Мексікі і іншыя).

Павільён Германіі прысвечаны глабальнаму пацяпленню, уражваючы наведвальнікаў татальнай відэаінсталяцыяй на тэму спякоты ў гарадах і барацьбы з ёй. Некалькі нацыянальных павільёнаў занятыя «самараскопваннем» – і гэта відавочна трэнд! На хвалях рамонтаў і рэканструкцый куратары і архітэктары заняліся ледзь не археалагічным вывучэннем сваіх будынкаў і лакацый. У выніку, шмат цікавага выкапана (і выстаўлена/каталагізавана) на месцы Павільёна Даніі, высветлілася, што Павільён Карэі знаходзіцца на ўзгорку з абломкаў гістарычных будынкаў, утворанага падчас будаўніцтва Садоў Джардзіні, а сцены Павільёна Вялікабрытаніі захоўваюць сляды каланіяльнага мінулага…

Павільён Германіі: Стрэс-тэст. Куратары: Нікола Боргман, Элізабэт Эндрэс, Габрыэле Г. Кіфер, Даніэле Сантучы. Фота: Ганна Паўлюк.

Гэта ўсё вельмі займальна, але ці магчыма ўвогуле займацца і цікавіцца «проста архітэктурай» у часы крывавай і разбуральнай масакры, якая ўжо забрала дзясяткі тысячаў чалавечых жыццяў? Венецыянскія карані падобнай пазіцыі можна адшукаць у рэзюме куратара Карла Ратці, сярод яго кар’ерных дасягненняў – членства ў міжнародным журы «Еўразійскай прэміі» з галаўным офісам у Екацярынбургу, а таксама колькі гадоў працы ў маскоўскім Інстытуце медыя, архітэктуры і дызайну «Стрэлка» ў якасці праграмнага дырэктара. Можа, таму біенале 2025 і ўкладаецца ў прарасійскую рыторыку «за мір ва ўсім свеце», бо яе куратар, відавочна, не зацікаўлены ў тым, каб акцэнтаваць увагу на агрэсіўнай знішчальніцкай вайне, якую распачала і працягвае дзяржава ягоных сяброў і працадаўцаў?

Ці магчымая ў ваенныя часы абстрагаваная ад вайны архітэктура? І не, гэта не экзістэнцыйнае пытанне, а практычнае – з відавочным адказам. Бо нешта ж будуецца зараз – фартыфікацыі і шпіталі, заводы для ваеннай прамысловасці і прыгожыя мікрараёны для іх замбаваных працаўнікоў і шмат чаго яшчэ. І калі ты – архітэктар ці архітэктарка – займаешся гэтым, ці не дапамагаеш ты руйнаванням і забойствам, да якіх датычная твая дзяржава?

Але Венецыя зусім не пра вайну. Заварожваючы-супакойваючыя хвалі венецыянкіх вуліц і мітусня гандолаў і іншага воднага транспарту па зеленаватых хвалях… Разнамоўныя стракатыя натоўпы і начная, адлюстраваная ў цёмнай вадзе, пустэча з агеньчыкамі ліхтароў – нібыта тыя ж самыя, што і да пачатку сусветных ваенных падзеяў. Нібыта нічога не здарылася. Можа і нармальная такая нейтральная сусветная павестка, бо баліць, як бачым, толькі ў тых хто ўнутры і зусім побач.

Асноўны праект: Ма Янгсон: Горад раслінаў. Прататып гукавой і візуальнай экасістэмы для гарманічнага ўзаемадзеяння чалавека з прыродай, апасродкаванага ШІ. Фрагменты. Фота: Ганна Паўлюк.

Праблемаў у чалавецтва хапае. Венецыянская архітэктурная біенале вельмі пераканаўча дэманструе наяўны патэнцыял для іх вырашэння ці, прынамсі, аблягчэння. Вынаходлівыя, футурыстычныя, смелыя – шкада, што гэта толькі праекты. Архітэктура як прыўкрасная мара! Сімвалічна, што з велічэзнай колькасці біенальных прэзентацый «Залатых ільвоў» – вышэйшыя ўзнагароды біенале – атрымалі дзве, якія рэальна працуюць.

Гэта «Canal Café» ад Diller Scofidio + Renfro у супрацоўніцтве з Natural Systems Utilities і іншымі партнёрамі — інсталяцыя, якая выкарыстоўвае натуральныя фільтрацыйныя сістэмы для ачысткі вады з венецыянскіх каналаў, пераўтвараючы яе ў каву для наведвальнікаў біенале.

Асноўны праект: Diller Scofidio + Renfro, Natural Systems Utilities, SODAI, Аарон Бэцкі, Давідэ Олдані. Canal Café. Фота: Ганна Паўлюк.

І Павільён Бахрэйну «Heatwave» куратарства Андрэа Фарагуны, што прадстаўляе пасіўныя стратэгіі ахалоджвання, заснаваныя на традыцыйных метадах, такіх як геатэрмальныя студні і сонечныя коміны, адаптаваныя да сучасных гарадскіх умоваў. Хаця кажуць, што для павільёна не дазволілі прабіць свідравіну – бо столі Арсенале гэтаксама гістарычная каштоўнасць. І таму прахалода ўнутры Павільёна з’яўляецца сімуляцыяй.

Асабліва іранічна выглядае адна са Спецыяльных згадак біенале (гэта ўзнагарода яшчэ неафіцыйна завецца «Срэбраным ільвом») уганараваўшая «Слановую капліцу (Elephant Chapel)», складзеную з брыкетаў, зробленых з выкарыстаннем экскрэментаў сланоў. Аўтар Бунсерм Премтада з тайландскага BANGKOK PROJECT STUDIO атрымаў пачэсную ўзнагароду Венецыянскай біенале «за спалучэнне традыцыйнай архітэктуры з сучаснымі метадамі будаўніцтва». Калі шчыра, дык ягоныя цагліны арганічнага паходжання і сапраўды вельмі добра спалучаюцца з цаглянымі інтэр’ерамі Кардэрыі, дзе экспануецца праца.

Усё так, вайна – гэта наша лакальная праблема. Астатняму свету важна піць добрую каву, ахалоджвацца ў спякоту і ствараць прыгожую архітэктуру з гаўна.

Сусветнае архітэктурнае жыццё з (напаў)заплюшчанымі на вайну вачыма працягваецца!

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!