Вайна, чужынцы і іншыя траўмы: беларускі погляд на Венецыянскую біенале

У Венецыі доўжыцца 60-я біенале сучаснага мастацтва — адна з найважнейшых падзей у арт-індустрыі, якая прыцягвае мастакоў, крытыкаў, куратараў, а таксама аматараў і калекцыянераў з усяго свету.

Biennale di Venezia-2024 акрамя таго, што праходзіць у няпростых умовах ваенных канфліктаў, але і вызначаецца вострай тэмай: Foreigners Everywhere — гэта і пра нас таксама.

Даследчыца Ганна Паўлюк наведала венецыянскія арт-пляцоўкі і адмыслова для reform.nеws паразважала над пытаннем: ці карэлюецца сусветны фэст з нашай тутэйшай (а для кагосьці ўжо і тамтэйшай) беларускай рэчаіснасцю?

***

– Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх! Тугх!

Дзяўчына на велічэзным экране імітуе гукі арт-абстрэлу. «Так гучыць Град бэ эм 21», — кажа яна. А потым прамаўляе: «Паўтарайце за мной!». Украінка-ўцякачка бязгучна напружвае вусны, а ўнізе высвечваюцца субцітры — нібыта ў дзіўным мілітарызаваным караоке. У прыцемку вялізнай залы павісае цішыня – натоўп аматараў мастацтва маўчыць. Ніхто не падыходзіць да падсвечаных чырвоным мікрафонаў. Прыціхлыя прадстаўнікі сусветнай арт-супольнасці слухаюць гукі новага – ваеннага – часу ў выкананні наступных прамоўцаў…

На мае беларускія вочы (і слых) менавіта так выглядае найбольш уражальны нацыянальны павільён у Садах Джардзіні падчас бягучай 60-й Венецыянскай біенале мастацтва. Уцякачкі і ўцекачы, нашыя суседзі з Украіны вельмі падобныя на нас – звычайныя строі і твары, якія можна сустрэць, азірнуўшыся на любой беларускай вуліцы. Але ёсць нешта сапраўды пужаючае ў будзённасці, з якой вось гэтыя простыя людзі імітуюць спецыфічныя гукі сродкаў масавага забойства: мінаў, авіябомбаў, ракетаў. Яны ведаюць і могуць адрозніць разнамасныя гучанні смяротнай небяспекі – руціннага складніка іх асабістых штодзённасцяў.

Нацыянальны Павільён Польшчы. «Адкрытая група». Праект «Паўтарайце за мной». Фота: Ганна Паўлюк.

Мы ў нацыянальным павільёне Польшчы, дзе прадстаўленая аўдыявізуальная відэаінсталяцыя «Паўтарайце за мной ІІ» аўтарства «Адкрытай групы», аб’яднання мастакоў украінскага паходжання, што калісьці вымусілі «Мрыю» – самы вялікі самалёт у свеце – праляцець над Венецыяй падчас адной з мінулых біенале. Зараз украінская «Мрыя» разбураная расійскім уварваннем, а мастакі робяць бачнай траўму цывільных ахвяраў бягучай вайны.

Польскі Павільён вярэдзіць ці не самыя жудасныя прадчуванні. Пацвярджае магчымасць і, як ні дзіўна, нават банальнасць абсалютна не патрэбнага нам досведу вайны. Да якога непазбежна вядзе абвастрэнне мілітарызму «самай мірнай» еўрапейскай краіны, грамадзянамі якой мы з’яўляемся.

Біенале ў Венецыі, найбуйнейшы форум сучаснага сусветнага мастацтва, што ладзіцца раз на два гады, – не толькі велізарная выстава вядучых мастакоў свету і шалёны вал паралельных падзеяў, шчыльна сканцэнтраваных у параўнальна невялічкім горадзе на вадзе, але й асобныя выставы нацыянальных павільёнаў розных краінаў. Такая структура робіць біенале падобнай да Алімпіяды, дзе дзяржавы нібыта імкнуцца «перамагчы» адна адну, зрабіўшы найлепшы павільён, які атрымае галоўны прыз біенале – «Залатога льва».

Журы, у якое ўваходзяць сусветна прызнаныя аўтарытэты, прысуджае «Львоў» у трох намінацыях. Дзве з іх персаналізаваныя – за найлепшую працу цэнтральнай біенальнай выставы і за значныя жыццёвыя дасягненні на ніве мастацтва. Можна спрачацца, наколькі традыцыйная мадэль Венецыянскай біенале адпавядае сучаснасці, бо яна амаль не мяняецца дзесяцігоддзямі, але немагчыма не згадзіцца, што пульс сучаснага мастацтва можна адчуць менавіта тут, дзе можна ўбачыць як творы вядучых мастачак і мастакоў з усяго свету, так і апошнія модныя экспазіцыйныя тэндэнцыі. Гэта заўсёды найцікавейшае відовішча, што збірае сусветны мастацкі бамонд на адкрыцці і больш за паўмільёна наведвальнікаў за больш чым паўгады сваёй працы.

Дыскусійнае пытанне, якое выклікае біенале: ці павінна мастацтва рэагаваць на драматычныя падзеі сучаснасці? Ці творцы вольныя рабіць свае чыстае, не запэцканае палітыкай і крывёю мастацтва ва ўласных «вежах са слановай косці»? Несумненна, адказы будуць залежаць ад оптыкі ўспрымання і кантэксту, у якім мастацтва ствараецца і дзеіць. Я ж прапаную паглядзець на Венецыянскую біенале беларускімі вачыма: ці карэлюецца яна з нашай тутэйшай (а для кагосьці ўжо і тамтэйшай) беларускай рэчаіснасцю і ў прыватнасці — з айчынным мастацтвам? Ці чапляе, непакоіць, а можа, пакідае абыякавым? Падзялюся думкамі і ўражаннямі на гэты конт.

Венецыянская біенале звычайна маю агульную тэму, якую агучвае запрошаны куратар. Вельмі дарэчны слоган бягучай біенале прапанаваў яе цяперашні куратар бразілец Адрыяна Педроза, дзейны арт-дырэктар Музея мастацтваў Сан-Паўла. «Чужаземцы паўсюль» (Stranieri Ovunque – Foreigners Everywher) – і хто будзе гэта аспрэчваць, асабліва ў Венецыі – адным з цэнтраў сусветнага турызму? Канцэпцыя куратара, на самай справе, глыбейшая: ён апелюе найперш да «іншасці». Італьянскае «straniero», партугальскае «estrangeiro», французскае «étranger» – сугучныя англійскаму «stranger» – незнаёмец, чужынец. Квір, самавучка, аўтсайдар ці аўтсадарка – любая мастакоўская дзіўнасць вітаецца ў межах бягучай біенале.

Педроза праграмна заяўляе актуалізацыю мастацтва Глабальнага Поўдня – дагэтуль экзатызаванага і маргіналізаванага на сучасных пляцоўках Еўропы і ЗША. На біенале маштабна прадстаўленыя творцы з ліку карэнных народаў, якія часта ўспрымаюцца іншаземцамі на сваёй зямлі. Такім чынам, галоўная мэта біенале, па задуме яе куратара, – даць права голасу маргіналізаваным мастацкім супольнасцям.

Мурал групы MAHKU на фасадзе Цэнтральнага павільёна ў Садах Джардзіні. Фота: Ганна Паўлюк.

У выніку атрымалася стракатая і даволі незвычайная для заходняга кантэксту экспазіцыя, што выплюхнулася яркім муралам на фасад галоўнага біенальнага павільёна ў Джардзіні. Сімвалічна: бо графіці некалі ўзнікла як мова тых, каму было забаронена выказвацца. У яркім творы бразільскіх тубыльцаў з групы MAHKU распавядаецца пра традыцыйныя міфы і спевы іх продкаў, якія стагоддзямі абязгучваліся каланізатарамі.

Адрознасць – вызначальная рыса, як і непрыманне/супраціўленне мэйнстрыму. «Архіў непадпарадкавання» – істотная структурная частка асноўнай біенальнай выставы ў Арсенале. Ён утрымлівае знакавыя працы, зробленыя на мяжы мастацкіх практыкаў і актывізму з 1975 па 2023 гады.

Твор групы Клэр Фантэн «Чужынцы паўсюль», які натхніў куратара Адрыяна Педрозу ў працы над канцэпцыяй біенале. Фота: Ганна Паўлюк.

У такім пашыраным сэнсе тэма біенале дакладна пасуе да айчынных рэалій. Чужынцамі на Радзіме знянацку сталі тысячы беларусаў, што патрапілі пад рэпрэсіі ўласнай дзяржавы. З іншага боку, у «чужых» – гвалтаўнікоў, забойцаў і хлусаў – ператварыліся міліцыянеры, вайскоўцы, суддзі і іншыя дзяржаўныя найміты, што добраахвотна сталі памагатымі злачынца, які захапіў уладу.

Па зразумелых прычынах гэтыя праблемы не могуць быць адрэфлексаваныя на ўзроўні цяперашняй афіцыйнай Беларусі. Дарэчы, з вельмі падобнымі гісторыямі «тутэйшых чужынцаў» працуе Балгарскі нацыянальны Павільён, дзе мастацка-даследчая каманда збірае сведчанні – галасы і рэчы – ахвяраў палітычнага гвалту часоў балгарскага камунізму 1945 – 1989 гадоў.

Павільён Балгарыі. Красіміра Бутсева, Юліан Чэхірыян, Лілія Тапузава «Суседзі» (фрагмент экспазіцыі). Фота: Ганна Паўлюк.

Як і на спартыўнай Алімпіядзе, нацыянальнага прадстаўніцтва нашай краіны на біенале няма – ужо трэці раз запар. Разам з расіянамі беларусы прапускаюць сусветны форум мастацтва, аднак калі дзяржава-агрэсар робіць гэта выключна за-за вайны, дык краіна-суагрэсар, верагодна, таму, што ў ёй не толькі «не да законаў», але і не да сучаснага мастацтва.

Павільён Сербіі. Александар Дзеніч «Каланіяльная экспазіцыя». Фота: Ганна Паўлюк.

Тым не менш у многіх нацыянальных павільёнах прамаўляюць пра блізкія нам рэчы і праблемы. Напрыклад, антураж дзевяностых «Каланіяльнай экспазіцыі» Аляксандра Дзеніча, што ў Павільёне Сербіі, знаёмы ўсім суайчыннікам, што засталі развал СССР і крах сацыялістычнай сістэмы. Мастак пераканаўча рэканструюе сацыяльныя прасторы «Перабудовы» – кірмаш, краму і склады, працоўную распранальню ці самотны пакой, ствараючы адпаведную атмасферу ў натуральным маштабе. Дзікі рынак, карга-культ, гастарбайтэрства і «чаўноцтва» – прыгадваюцца паўзабытыя ўжо прыкметы пераходу ад недабудаванага сацыялізму да глабальнага капіталізму.

Павільён Сербіі. Александар Дзеніч «Каланіяльная экспазіцыя». Фота: Ганна Паўлюк.

Сербскі павільён – сапраўдная «кансерва часу» вышэйшага гатунку! Але неяк дзіўна выглядаюць «закансерваваныя» адчуванні вольнасці і адкрытых магчымасцяў… І бязлюддзе… Але ж не – людзі прысутнічаюць! Гэта мы – сучасныя наведвальнікі – напаўняем сваімі жывымі целамі дэкарацыі прамінулага часу.

Павільён Сербіі. Александар Дзеніч «Каланіяльная экспазіцыя». Фота: Ганна Паўлюк.

Воляю мастака мы апынаемся ў месцы і часе, адкуль растуць ногі не толькі дзейных постсавецкіх нацыяналізмаў і катаклізмаў (аб гэтым павільён Сербіі), але і нашага аўтарытарызму. Мы казюлькі ў бурштыне мінулага – бо ўсё прадвызначана. Югаславія абрынецца ў бездань войнаў ды этнічных чыстак, Беларусь сціснуць «сінія пальцы». Нічога змяніць ужо немагчыма – хіба што паспрабаваць вызначыцца: што для нас мінулае, гледзячы адсюль, з зусім не прыўкраснай будучыні, – траўма альбо нагода для настальгіі, шкадавання ці рэфлексіі?

Уваход у Павільён Германіі. Праект «Парогі». Фота: Ганна Паўлюк.

Адзін з лепшых – Павільён Германіі. Ён мае назву «Парогі», пры гэтым павільённы парог, разам з цэнтральным уваходам, засыпаны гарой зямлі – трапіць унутр магчыма толькі праз вузкі тэхнічны праход з тыльнага боку будынка.

Павільён Германіі. Відэа-інсталяцыя Яэль Бартаны. Фота: Ганна Паўлюк.

Пад адным дахам тут аб’яднаныя праект яўрэйскай касмічнай місіі аўтарства ізраільскай мастачкі Яэль Бартана і гісторыя асабістага падарожжа з сумным фіналам, што прэзентуе берлінскі тэатральны рэжысёр Эрсан Мандтаг. Гэта з бацькаўшчыны апошняга – турэцкай Анталіі – паходзяць земляныя грубы, што блакуюць уваход у павільён.

Павільён Германіі. Відэаінсталяцыя Яэль Бартаны. Фота: Ганна Паўлюк.

Герой твора – родны дзед мастака, які эміграваў у Германію з Турцыі, працаваў на асбеставай фабрыцы і памёр ад анкалогіі, выкліканай шкоднымі ўмовамі працы.

Павільён Германіі. Эрсан Мандтаг «Парогі». Фота: Ганна Паўлюк.

«Мой манумент гастарбайтару, якога ніхто не ведае», — так кажа аўтар пра сваю працу. Манумент уяўляе з сябе трохузроўневую кампактную пабудову ў цэнтры павільёна. Яна здаецца зробленай з зямлі і ў яе можна ўвайсці, падняўшыся на ўсе паверхі. Першы з іх прэзентуе рэальныя квіткі/пасведчанні/лісты мігранта, разам з сімуляцыяй месца ягонай працы, другі – пакрытыя тлустым пластам пылу шэрыя жылыя інтэр’еры, дах – кропка сімвалічнага сыходу-скону.

Павільён Германіі. Эрсан Мандтаг «Парогі». Фота: Ганна Паўлюк.

Неба, што бачнае праз вузкія вокны пад столлю вялікай залі германскага павільёна, агульнае ў абодвух – радыкальна розных – прэзентаваных творах. Разумееш, што гэта той самы парог – мяжа пераадолення. Астатняя прастора павільёна занятая Бартанай, якая стварае вялізарную мадэль касмічнага карабля ў выглядзе кабалістычнага дрэва жыцця і некалькі відэа касмічна-рытуальнай тэматыкі. Як тлумачыць мастачка: хуткім часам, калі рэсурсы Зямлі вычарпаюцца, нацыянальныя дзяржавы павінны будуць выправіць касмічныя экспедыцыі, каб знайсці новую планету. Для шматгадовага палёту на зоркалёце паўстане пытанне селекцыі самых лепшых – інтэлектуальна і фізічна – прадстаўнікоў нацыі. Чакайце-чакайце! Але гэта ж яўрэйскі карабель! Які адбор, сур’ёзна? Ці можа народ, ахвяра найбольш маштабнага ў чалавечай гісторыі генацыду, прыпадабняцца ініцыятарам «расавай чысціні»? З гэтай перспектывы падзел беларусаў на «агнцаў і казлішчаў», сапраўдных і несапраўдных, добрых і пякельных – відавочная праблема з абодвух бакоў барыкадаў нашага расколатага грамадства.

Яшчэ некалькі мастакоў нямецкага Павільёна паказваюць свае працы на тэму парогаў у іншай лакацыі — на востраве Ла-Чартоза. І варта наведаць гэтую лакацыю, бо зараз тэма пераходу ў нейкую іншую канфігурацыю сацыяльнага ці асабістага жыцця актуальная для большасці з нас.

Павільён Швейцарыі. Гурэйра да Дзівіна Амор «Супер Суперыяр Цывілізацыя» (фрагмент экспазіцыі). Фота: Самуэле Чэрубіні.

Шмат сугучнага беларусы змогуць адшукаць сярод нацыянальных павільёнаў, але цікавыя і нумары на кантрасце. Нам ніколі так не распрыгоніцца, каб дасягнуць узроўню Павільёна Швейцарыі, дзе швейцарска-бразільскі мастак Гурэйра да Дзівіна Амор (што з партугальскай перакладаецца, як Ваяр Боскай Любові (Guerreiro do Divino Amor)) стварае ні больш ні менш, як ідэальны суперсусвет.

Павільён Швейцарыі. Гурэйра да Дзівіна Амор «Супер Суперыяр Цывілізацыя» (фрагмент экспазіцыі). Фота: Самуэле Чэрубіні.

Яго праект «Супер Суперыяр Цывілізацыі» – алегорыя Швейцарыі, як «раю на зямлі, дзе прырода і тэхналогіі, капіталізм і дэмакратыя, простасць і мудрасць знаходзяцца ў дасканалым і сюррэалістычным балансе».

Павільён Швейцарыі. Гурэйра да Дзівіна Амор «Супер Суперыяр Цывілізацыя» (фрагмент экспазіцыі). Фота: Самуэле Чэрубіні.

На беларускай глебе такі канцэпт немагчыма ўявіць, але, спадзяюся, мы ў стане адчуць ягоны дух вольнасці і авантуры.

Зразумелыя для нас і пасланні аўстрыйскага павільёна. Мастачкай тут стала Ганна Ермалаева – былая палітычная ўцякачка з СССР, цяперашняя прафесарка Эксперыментальнага мастацтва Універсітэта мастацтваў Лінца.

Павільён Аўстрыі. Ганна Ермалаева «Перадапошнія» (фрагмент). Фота: Ганна Паўлюк.

Лагатып павільёна – балерына ў вельмі знаёмым руху. Мы добра ведаем, што з’яўленне падобных дзяўчат са скрыжаванымі рукамі на тэлеэкранах абвяшчае пра перамены. З савецкіх часоў «Лебядзінае возера» Чайкоўскага, што нечакана замяняе забаўляльныя праграмы на ТБ, – традыцыйны маркер скону шараговага кіраўніка краіны. І мы ўпарта працягваем «чакаць лебедзяў», а Ермалаева нагадвае нам пра непазбежнасць пераменаў – і ў іншых сваіх творах, што таксама закранаюць (пост)савецкія кантэксты. Цікава, што тут прысутнічае згадка пра нашу рэвалюцыю. Не апошняй, а Васільковай (у нашай нацыянальнай гісторыі яна застанецца, як Плошча Каліноўскага, ці Плошча-2006) – у інсталяцыі з жывых кветак, прысвечаных каляровым рэвалюцыям супраць сучасных таталітарызмаў.

Павільён Аўстраліі, які атрымаў найвышэйшую ўзнагароду біенале – «Залатога льва», распавядае пра генацыд у Аўстраліі.

Павільён Аўстраліі. Арчы Мур «Суайчыннікі і сваякі». Фота: Ганна Паўлюк.

Тубыльцы Аўстраліі належаць да аднаго з самых паняволеных народаў сусвету. На дадзены момант яны складаюць 3,8% папуляцыі краіны і пры гэтым — траціну насельніцтва аўстралійскіх турмаў. У той жа час – гэта адзін з найстаражытнейшых народаў на сваёй зямлі. Мастак-абарыген Арчы Мур у створанай спецыяльна для біенале працы, «суайчыннікі і сваякі» паказвае абодва гэтыя факты. Вельмі красамоўна выглядае велізарная выспа, складзеная са стосаў афіцыйных папераў пра пераслед і дыскрымінацыю канкрэтных прадстаўнікоў карэннага народа (адчуваецца шчыльная праца з лакальнымі архівамі, дзе скапіяваная процьма адпаведных дакументаў), над якой лунае шматтысячны, напісаны белай крэйдай па чорных мурах не малога па памерах павільёна – ад падлогі і нават на столі – пералік імёнаў людзей, якія з’яўляюцца сваякамі і продкамі мастака.

Ён сцвярджае, што наўмысна зрабіў роспіс пра генерацыі яго продкаў больш за 65 000 гадоў таму – каб паказаць, як доўга існуе культура першага аўстралійскага народа. Пры гэтым мастака вучылі ў школе, што гісторыя Аўстраліі пачалася з каланізацыі ў 1770 годзе, якая адбывалася па прынцыпе terra nullius (зямля не належыць нікому), не зважаючы на людзей, якія клапаціліся пра кантынент тысячагоддзямі. Так, прынцыпы каланіялізму вельмі падобныя, незалежна ад кантыненту. Але ж і беларуская гісторыя не адлічваецца ад часоў прыходу ўсходняй метраполіі!

Павільён Аўстраліі. Арчы Мур «Суайчыннікі і сваякі». Фота: Андрэа Разецці/kithandkin.me.

Перад намі выдатны прыклад мастацкай мемарыялізацыі – і тут варта прыгадаць падобныя айчынныя практыкі. Перад вачыма паўстаюць дзясяткі і сотні пластычных аб’ектаў – помнікаў, мемарыяльных шыльдаў і карцінаў – выяваў, што намагаюцца зрабіць бачнымі фактычныя ці сімуляваныя падзеі шматпакутнай беларускай гісторыі. У пераважнай большасці сучасных выпадкаў гэта атрымліваецца выключна квёла і непераканаўча, бо штучная метафарычная ці сімвалічная выява засланяе ўласна гісторыю. Робіцца перашкодай паміж тым, што падлягае мемарыялізацыі, і грамадствам. І справа нават не ў сумнеўнасці мемаралізацыйных нагодаў. Папросту мастацтва Павільёна Аўстраліі акумулюе і трансфармуе праўду, няхай і непрыглядную, у моц прасторавай інсталяцыі, якая ўражвае ў разы больш, чым любая з патэтычна-фігуратыўных праяваў сучаснай беларускай прапаганды.

Галоўная ўзнагарода па выніках цэнтральнай біенальнай выставы таксама дасталася прадстаўнікам Акіяніі. Журы біенале ўганаравала «Залатым львом» новазеландскую групу Mataaho Collective, дзе ўсе чатыры мастачкі, што яе складаюць, – Брыджыт Рэвеці, Эрэна Бейкер, Сара Хэдсан і Тэры Тэ Таў – належаць да маоры, народа Новай Зеландыі.

Павільён Новай Зеландыі. Mataaho Collective «Такапаў» (агульны выгляд). Фота: Ганна Паўлюк.

Гіганцкая геаметрычная структура, створаная імі з нацягнутых святлоадлюстравальных рамянёў, цалкам пераструктуюе прастору ў Кардэрэі – аўтэнтычнай частцы Арсенала, дзе калісьці вырабляліся канаты і вяроўкі для венецыянскіх караблёў. І гэта вельмі сімвалічна. Твор абапіраецца на традыцыйныя светапогляд і тэхнікі маоры і мае назву «Такапаў» – як і цырыманіяльныя дываны, што адыгрываюць важную ролю ў культуры гэтага старажытнага народа. Інсталяцыя літаральна «заплятае» ў сябе прастору, святло і цені. Цудоўным чынам натуральныя элементы асяроддзя становяцца падаўжэннем і часткай мастацкай працы.

Канешне, гэта трыумф унікальнай традыцыйнай культуры, што беражліва захоўваецца праз пакаленні – і годна рэпрэзентуецца ў сучасных умовах і матэрыялах. Тэма нам не чужая! А яшчэ гэта гісторыя пра тое, што культура нашых продкаў часта больш дзёрзкая і натуральная за штучную табуяваную сучаснасць. Бо «Такапаў» новазеландак – нішто іншае, як велічэзная жаночая похва – «парог паміж светам жыцця і святла і светам багоў».

«Залатых ільвоў» за ўклад у мастацтва атрымалі 81-гадовая бразільская мастачка Ана Марыя Маяліна і 86-гадовая егіпцянка Ніл Ялтар.

Цэнтральная выстава ў Арсенале. Ніл Ялтар «Выгнанне – цяжкая праца» (фрагмент). Фота: Ганна Паўлюк.

Іх творы – унікальныя жаночыя галасы, што на працягу дзесяцігоддзяў гучалі насуперак гендарнай няроўнасці. Яны і зараз не трацяць актуальнасці. «Выгнанне – цяжкая праца», такую назву мае манументальная інсталяцыя Ялтар, прадстаўленая ў цэнтральным венецыянскім праекце.

Акрамя «Залатых ільвоў» творцы і павільёны адзначаюцца Спецыяльным згадваннем ці «Срэбным ільвом».

Цэнтральная выстава ў Арсенале. Карыма Ашаду «Механізаваныя хлопцы» (фрагмент відэа). Фота: Ганна Паўлюк.

Нігерыйска-брытанская відэамастачка Карыма Ашаду атрымала такое згадванне як найлепшая з маладых мастакоў і мастачак цэнтральнай выставы. Яе вялікафарматная дынамічная відэаінсталяцыя, што распавядае пра супольнасць нігерыйскіх байкераў, застаецца ва ўспамінах пасля праменаду па Арсенале.

Найбольш цікавы нацыянальны ўладальнік «Срэбнага льва» – Павільён напаўпрызнанай Рэспублікі Косава. Магчыма, нехта можа сказаць, што ўзнагарода матываваная палітычна, бо з’яўляецца трыумфальным прызнаннем Косава ў арт-свеце. Але калі нават і так, то нельга не адзначыць, што касаварская мастачка Дарунціна Кастраці зрабіла выдатную працу, прысвечаную эканамічнаму прыгнёту і палітычнай маргіналізацыі жанчын у сваёй краіне.

Павільён Косава. Дарунціна Кастраці «‎Рэха цішыні металу і скуры». Фота: Ганна Паўлюк.

Нечалавечых памераў арэхі – кшталту тых, што бываюць у рахат-лукуме, – разам з гігантычнай дэталлю каленнага пратэзу месцяцца ў невялічкім урбанізаваным дворыку недалёка ад ўваходу ў Арсенал і адсылаюць да працы маці мастачкі на фабрыцы турэцкіх прысмакаў. Працы нізкааплатнай і напаўлегальнай, але ці не адзінай з магчымых падчас і пасля вайны. Некалькі гадоў на нагах, начныя змены змусілі жанчыну, як і некалькіх яе каляжанак, замяніць каленны сустаў пратэзам.

Павільён Косава. Дарунціна Кастраці «‎Рэха цішыні металу і скуры». Фота: Ганна Паўлюк.

Інсталяцыя павільёна вібрыруе рухомай падлогай і гучыць, што стварае адчуванне няўпэўненасці ва ўласнай устойлівасці. Для паўнаты ўражання трэба ўзняцца прыкладна на вышыню шостага паверху па пажарнай лесвіцы, тады велізарныя аб’екты ўнізе аптычна змяншаюцца да натуральных памераў і цябе пранізвае фінальнае крэшчэнда гукаў, што адлюстраваўшыся ад сцен, падымаюцца ўверх і прымушаюць дрыжаць металічныя прыступкі пад тваімі нагамі. Дык вось: пасля пакручастых уздыму і спуску пачынаюць балець калені, вяртаючы цябе да траўматычнага досведу, што ляжыць у аснове павільённай канцэпцыі.

Павільён Косава. Дарунціна Кастраці «‎Рэха цішыні металу і скуры». Фота: Ганна Паўлюк.

Павільён Расіі гэтым разам не зачынены, як падчас мінулай біенале, а аддадзены іншай краіне – Балівіі. Балівійцы зрабілі выставу хутчэй этнаграфічную. Але, нават не дыскутуючы пра якасць прэзентаванага мастацтва, узнікае пытанне: ці варта было ствараць сваю прастору для інтэрнацыянальных мастацкіх стасункаў на пляцоўцы краіны-агрэсара? На нешматлюдным адкрыцці расійскі пасол у поўным дыпламатычным абмундзіраванні, смешна ўзвышаючыся па-над чылійцамі ў нацыянальных строях і стракатым арт-бамондам, нешта тужліва вёрз пра «дружбу народаў».

Адкрыцце Павільёна Балівіі ў будынку расійскага павільёна. Фота: Ганна Паўлюк.

Павільёна Беларусі на Венецыянскай біенале ў гэтым годзе таксама няма, бо пасля 2020-га краіна не заяўлялася да ўдзелу на афіцыйным узроўні. А ці маюцца ўвогуле ў бягучых біенальных варунках айчынныя праекты альбо асобныя рэпрэзентацыі беларусак і беларусаў?

Запамінальны перформанс Аляксея Кузьміча ля будынка расійскага павільёна на папярэдняй біенале дэманструе, што і без дзяржаўна-павільённага прадстаўніцтва айчыннае мастацтва здольнае моцна гучаць з венецыянскай нагоды. Над галавою згаданага вышэй пасла падчас ягонай прамовы я бачу ўяўным зрокам даўно зафарбаваныя крывавыя літары «BELA», якія Кузміч у 2022-м дадаў да «RUSSIA», выкарыстаўшы чырвоны спрэй. Два гады падзяляюць падзеі, што адбываліся акурат на тым самым месцы, але я ўяўляю, як зашпілены пінжак пасла і штампаваная рыторыка дакладна накладаюцца на аголеную размаляваную постаць беларускага мастака, што энергічна выгуквае галоўны нацысцкі лозунг.

У гэтым годзе беларускі ўдзел не такі правакацыйны, але ён ёсць! Прынамсі два павільёны мелі выразны беларускі след. Абодва кароткажывучыя – то-бок, існавалі толькі падчас адкрыцця, але вельмі адэкватна месцу і кантэксту. Абодва ўкладаюць нешта істотнае ў агульнабіенальны дыскурс.

«Іншая сесія» (Other Session) — адкрытая імпрэза, арганізаваная Эксперыментальнай абсерваторыяй мастацкай свабоды (OoAF) да 70-годдзя Еўрапейскай культурнай канвенцыі. Куратары праекта Майкл Кэйтер і Даво Лівер сярод еўрапейскіх культурных каштоўнасцяў, якія прызваная ахоўваць канвенцыя, найвышэйшай прадэкларавалі мастацкую вольнасць – і запрасілі ў якасці хэдлайнера беларускую мастачку Лесю Пчолку. Разам з прадстаўніцтвам Рады еўрапейскай культуры да насычанага адкрыцця «Іншай сесіі» спрычыніліся шмат дзейных постацяў еўрапейскага мастацтва, але візуальная частка падзеі — сама выстава – была зробленая пераважна Лесяй.

Афіцыйным постэрам праекта стала яе выдатная праца «HEIMAT», прысвечаная бежанству. У ёй на фоне неба – выявы двух жывых помнікаў з абрысамі, што бесперапынна змяняюцца. Вецер пляскае металізаванымі прасцінамі, якімі абгорнутыя постаці – адсюль неакрэсленасць, няўпэўненасць, нявызначанасць іх «пасланняў». Толькі асабісты досвед можа быць такім балючым – пасля падзей 2020-га аўтарка жыве па-за межамі Беларусі. «Бежанцы – жывыя мемарыялы, без голасу, без будучыні і без мінулага…» – слушна кажа яна.

Парадаксальна, але Беларусь пакуль знаходзіцца сярод ратыфікантаў Еўрапейскай культурнай канвенцыі, таму голас Лесі вельмі важны, каб давесці да еўрапейскай культурнай супольнасці сумныя факты аб знішчэнні ўнутры краіны незалежнай культуры і свабоды мастацкага выказвання, расказаць аб рэпрэсіях супраць мастакоў і мастачак, аб іх праблемах падчас вымушанай эміграцыі.

«Іншаземны павільён» арганізаваны «Школай архітэктурнага мыслення» (Architectural Thinking School) з Мінска, якая цяпер базуецца ў Партугаліі. Павільён дзейнічаў наўпрост на вуліцы Гарыбальдзі, дзе падчас біенале бурліць калябіенальны рух, бо лакацыя – зусім побач з Джардзіні і недалёка ад Арсенале – спрыяе бясконцым застоллям арт-дзеячаў і арт-інтарасантаў у шматлікіх мясцовых кавярнях.

Школа архітэктурнага мыслення «Дзеці паўсюль». Фота: Марыя Кавалевіч.

Другая назва павільёна, «Дзеці паўсюль», літаральна перафразавала тэму біенале, бо ўсе яго ўдзельнікі – дзеці розных краінаў, дзеці-эмігранты – з Беларусі, Украіны, Латвіі, Расіі. У межах спецыяльнай праграмы юныя партысыпанты паўгода вывучалі гульні розных краін – разам з адпаведнымі тэорыяй і філасофіяй. А ў выніку распрацавалі ўласныя вулічныя гульні, у якія згулялі ў Венецыі. Падчас шпацыраў па Венецыі яны распаўсюджвалі інфармацыю пра свае хэпэнінгі – рабілі стэнсілы па горадзе рознакаляровымі крэйдамі, раздавалі ўлёткі з запрашэннямі пагуляць у прызначаны час па канкрэтным адрасе. У выніку з удзельнікамі гулялі дзеці з Чэхіі, Польшчы і, канешне ж, венецыянцы. «Былі дзеці і з іншых краінаў, але мы нікога не пыталіся, хто адкуль, – расказалі куратары павільёна, – бо ідэя нашага праекта: знаходзіць агульную мову гульні паміж людзьмі любога паходжання, узросту, роду заняткаў. Таму чалавек проста прыходзіць у гульню – і пачынае гуляць».

Школа архітэктурнага мыслення «Дзеці паўсюль». Фота: Марыя Кавалевіч.

Сапраўды, дзіцячы павільён глядзеўся вельмі свежым сярод біенальнага патасу. Да таго ж ён надаў суб’ектнасці найвялікшай катэгорыі «іншых», якую Венецыянская біенале на працягу свайго існавання традыцыйна ігнаруе – дзецям.

Такім чынам, беларускае мастацтва прысутнічае на 60-й Венецыянскай біенале і прамаўляе нешта істотнае ў межах біенальнай канцэпцыі. Надае голас выключаным з сусветнага мастацкага працэсу супольнасцям і праблемам, так ці інакш звязаным з сучаснай Беларуссю.

Што да біенале ў цэлым, то яно выдатна карэлюецца з нашай траўматычнай беларускай сучаснасцю. Айчынныя праблемы чужынства, адрознасці, прыгнечання і непадпарадкавання закладзеныя непасрэдна ў біенальнай канцэпцыі і вельмі цікава, як яны інтэрпрэтуюцца рознымі мастачкамі і мастакамі і нацыянальнымі павільёнамі на свой капыл.

Вайна ва Украіне – тое, што найбольш нас хвалюе. І ў межах біенале мы бачым шмат антываенных мастацкіх выказванняў.

Магістральныя тэмы біенале, такія, як крытыка каланіялізму і таталітарызму, інстытуцыйная крытыка, добра бачныя і зразумелыя праз беларускую оптыку ўспрыняцця. Менш актуальныя для нас кантэксты таксама счытваюцца, але непакояць менш, тым не менш мы і тут здольныя адчуць эмпатыю і салідарнасць.

***

У адным тэксце аказалася немагчымым каротка распавесці пра ўсе венецыянска-беларускія мастацкія цікавосткі гэтай біенальнай эдыцыі. Таму рыхтуецца працяг.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!