Выстава плакатаў Уладзіміра Цэслера ва Уроцлаве. Фота: Reform.news.
У польскім Уроцлаве на вуліцы Свідніцкай праходзіць выстава плакатаў-банераў Уладзіміра Цэслера.
У экспазіцыі можна ўбачыць вядомыя працы беларускага дызайнера, у якіх мастак востра «праходзіцца» па надзённых тэмах: доўгім тэрміне кіравання Беларуссю Аляксандра Лукашэнкі, метадах яго «праўлення»; «спецаперацыі» ва Украіне, як называюць вайну расійскія ўлады; прапагандзе расійскага і беларускага рэжымаў. Выразная і сатырычная мова плакатаў мастака не мае патрэбы ў дадатковым тлумачэнні.
Выстава арганізавана грамадскім аб’яднаннем Суполка Беларусаў Уроцлава (Stowarzyszenie Białoruski Związek Solidarności).
Уладзімір Цэслер — беларускі дызайнер, мастак, мае больш за 40 узнагарод міжнародных конкурсаў і біенале. Шырока вядомы яго скульптурны праект «12 з XX», створаны сумесна з Сяргеем Войчанкам; плакатная праца Уладзіміра і Сяргея «Вудсток. 30 лет. Levi`s» экспанавалася ў Музеі плаката ў Луўры. Пасля смерці Войчанкі дызайнер працуе адзін.
У 2020 годзе Уладзімір Цэслер, які заўжды ў творчасці востра выказваўся на надзённыя тэмы, жорстка «пракаментаваў» у сваіх працах дзеянні ўладаў у 2020 годзе. З-за пагрозаў пераследу быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, яго майстэрня ў Мінску была разгромлена. Зараз мастак жыве на Кіпры. У 2023 годзе яго плакат «Беларускі арнамент» атрымаў адмысловую адзнаку на Варшаўскай біенале плакатаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram