Ва Украіне вызначылі мэты культурнага фронту на 2023 год

У міністэрстве культуры і інфармацыйнай палітыкі Украіны падвялі вынікі 2022-га і вызначылі прыярытэты на 2023 год.

Паводле справаздачы міністэрства, у 2022 годзе за мяжой адбылося каля 2500 мастацкіх акцый і праектаў у падтрымку Украіны, запушчаны аўдыягіды на ўкраінскай мове ў топ-музеях свету, зладжаны “беспрэцэдэнтны выставачны праект” на 59-й Венецыянскай біенале і ўпершыню прадстаўлены Украінскі павільён Planeta Ukrainе на трыенале ў Мілане, выстава ўкраінскага мадэрнізму “У прадчуванні шторму” прайшла ў музеі Цісена Борнемісы ў Мадрыдзе.

Праведзена сусветнае турнэ Ukrainian Freedom Orkestrа і зладжана больш за 500 канцэртаў украінскіх выканаўцаў за мяжой.

Арганізаваны стэнды на кніжных кірмашах у Балонні, Парыжы, Варшаве, Лондане і Франкфурце

20 праектаў прэзентаваны на лічбавай платформе “Культура і медыя падчас вайны”.

Створана старонка на платформе Google Art&Culture, прысвечаная Украіне.

Вядзецца фіксацыя ваенных злачынстваў і эвакуявана больш за 140 тысяч музейных экспанатаў і культурных каштоўнасцей з больш чым 50 музеяў.

Закансервавана каля трыццаці пашкоджаных музеяў.

Створана платформа для збору сродкаў на аднаўленне пашкоджаных і зруйнаваных аб’ектаў культурнай спадчыны.

120 тон гуманітарнай дапамогі было дастаўлена ў больш за 230 бібліятэк і музеяў.

Рэалізуецца праект “Кніжкі без межаў” – 1 млн кніг раздадзена дзецям-уцекачам, а таксама створаны “ўкраінскія палічкі” ў больш за 20 краінах свету.

На 2023 год культурныя прыярытэты вызначаны наступным чынам.

У сферы захавання культурнай спадчыны плануецца запусціць адпаведны фонд для 100 помнікаў. Акрамя таго, ведамства будзе спрыяць папулярызацыі Украіны за мяжой, у прыватнасці, дзякуючы міжнародным выставам, падтрымцы гастроляў украінскіх артыстаў, арганізацыі сезонаў украінскай культуры ў еўрапейскіх краінах.

Адной з галоўных падзей стане Еўрабачанне ў Ліверпулі ў маі, якое пройдзе пад украінскім сцягам. Там прадугледжваюцца вулічныя акцыі, выстава і мультымедыйныя праекты.

Таксама на культурным фронце будуць рэалізоўваць праект «Tales of EUkraine», які прадугледжвае друк больш за 300 тысяч дзіцячых кніг-білінгваў украінскіх пісьменнікаў і распаўсюд іх за мяжой. Таксама будуць прыцягваць новыя інвестыцыі ў гэтую галіну. А праект “Украінскай моладзі – еўрапейскую кнігу” прадугледжвае аднаўленне бібліятэчных фондаў і прадстаўленне магчымасці чытаць кнігі мовай арыгінала.

Працягнуць распрацоўвацца лічбавыя праекты з мэтай фіксацыі аб’ектаў культурнай спадчыны.

Сродкі на рэалізацыю культурніцкіх праектаў Украіна атрымлівае з розных крыніц. 1 працэнт на ўкраінскую культуру выдзяляецца з бюджэтаў міністэрстваў культуры ЕС і G7, 5 млн еўра — праз гранты Крэатыўнай Еўропы, каля 7,5 млн долараў — ад ЮНЕСКА, і 1 млн еўра на рэестр музейнай спадчыны Украіна атрымае ад Польшчы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.