«Усе нашы рэчы — гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком». Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю

Главное
Іван, прафесійны спартовец, кікбаксёр. Амаль год у эміграцыі.

«Я не стаў выпрабоўваць лёс. За тры-чатыры дні я сабраў рэчы, дакументы і з’ехаў. Я разумеў, што паеду надоўга. Але нават і зараз я не гатовы маральна, што з’ехаў назаўсёды. Я хачу вярнуцца, хачу жыць дома», — расказвае прафесійны спартовец, кікбаксёр Іван, якi амаль год жыве ў Варшаве. Iван i яшчэ некалькi беларусаў, якiя вымушана аказалiся ў мiграцыi ў Польшчы, расказалi свае гiсторыi iмклiвага выезду з краiны i паказалi, якiя рэчы ўзялi з сабой.

Аляксей, 23 гады. Праграміст, год у эміграцыі

— Я працую праграмістам, і ў мяне з’явілася магчымасць зрабіць IT-візу. Падумаў, што не буду губляць такую магчымасць, вырашыў проста на два-тры тыдні з’ездзіць у Варшаву. Зняў пакой, гуляў па Варшаве, і недзе на чацвёрты дзень майго знаходжання тут мне патэлефанавалі і сказалі, што па мяне прыходзілі супрацоўнікі сілавых ведамстваў. Гэта было акурат накануне рэферэндуму (ён праходзiў у канцы лютага 2022 года. — Рэд.). Пасля гэтай навіны я вырашыў не вяртацца ў Беларусь. Акрамя таго, на выбарах (прэзiдэнцкiх у 2020 годзе. — Рэд.) я быў незалежным назіральнікам. У ноч пасля выбараў мяне затрымлівалі. Памятаю, як супрацоўнікі АМАПу павалілі на зямлю, некалькі разоў ударылі. У РУУСе мне стала дрэнна, выклікалі хуткую. Медыкі мяне аглядзелі і вырашылі адвезці ў бальніцу. Там адразу з раніцы да мяне прыйшоў следчы. Я так і не зразумеў, кім я праходжу па справе — сведкай ці злачынцам.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Аляксей, праграміст, год у эміграцыі.
З дому захапіў сталовыя прыборы.

Калі я з’язджаў, то ехаў як турыст. Разумеў, што буду жыць у здымным пакоі. Таму ўзяў з сабой сталовыя прыборы з дому. Проста не хацелася карыстацца тым, што было ў той кватэры. Сваё ўсё ж такі больш прыемна. Мне было не вельмі камфортна, я думаў толькі аб тым, як бы хутчэй вярнуцца ў бацькоўскі дом. Калі даведаўся, што не магу гэтага зрабiць, нейкі час жыў у сястры, але ўсё адно карыстаўся гэтымі прыборамі. Пасля зняў сваю кватэру, маю дастаткова сталовых прыбораў, але працягваю есці менавіта гэтымі лыжкамі і відэльцам. Бо для мяне яны нагадваюць аб цяпле бацькоўскага дому. Гэтыя рэчы амаль адзінае, што звязвае мяне з домам.

Першыя восем месяцаў я вельмі сумаваў па дому, роднаму Брэсту, па людзях. Мне вельмі не хапае зразумелай мовы навакол. Час ад часу я заходзіў на ютуб і праглядаў відэа з квадракоптараў краявідаў горада. Некалькі разоў я тэлефанаваў маме па відэасувязі, прасіў паказаць дом. У нас дзве сабакі і кот. Я размаўляў з сабакам. На першым сазвоне ён нават пачаў лізаць тэлефон маці.

З таго часу, як я тут знаходжуся, мне сніцца Брэст. Я кожны раз трапляю на нейкую вуліцу альбо за горад, і кожны раз узнiкае думка: «Як я тут апынуўся? Як я прайшоў мяжу?». І кожны раз я намагаюся дабегчы да свайго дому. Ніколі яшчэ не атрымалася, я кожны раз прачынаюся.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Аляксей, праграміст, год у эміграцыі.
З дому захапіў сталовыя прыборы. Яны нагадваюць хлопцу аб цяпле бацькоўскага дому. «Гэтыя рэчы амаль адзінае, што звязвае мяне з домам. Гэтым наборам я карыстаўся дома штодзень. Яны ў мяне і там былі самыя любімыя!»

Іван, прафесійны спартовец, кікбаксёр. Амаль год у эміграцыі

— Я даволі гучна паказваў сваю пазіцыю ў 2020 годзе, не хаваўся і ўсё рабіў адкрыта. Сядзеў на сутках. З пачаткам вайны да мяне ў двор прыехалі прадстаўнікі КДБ. Паразмаўлялі, адпусцілі, але намякнулі: «Хочаш ехаць — едзь». Я не стаў выпрабоўваць лёс. За тры-чатыры дні сабраў рэчы, дакументы і з’ехаў. Я разумеў, што паеду надоўга. Але нават і зараз я не гатовы маральна, што з’ехаў назаўсёды. Я хачу вярнуцца, хачу жыць дома.

Я ўзяў з сабой столькі рэчаў, колькі змог унесці. У асноўным гэта было адзенне і кнігі. З таго, што мне вельмі дорага сэрцу, захапіў свой сцяг, з якім хадзіў на пратэсты, і цацку — маленькую копію майго сабакі Дыега. Гэтую цацку на дзень нараджэння мне звязала мая хросная дзесьці 6-7 год таму. Цацка вандравала са мной па ўсіх здымных кватэрах, яна нагадвала мне, што ў мяне ёсць пёс, за якога я адказны. Нагадвае мне пра ўтульнасць. Самае галоўнае для мяне, каб у доме было жыццё — гэта мой сабака. Без яго пуста. З ім я адчуваю сябе дома.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Іван, прафесійны спартовец, кікбаксёр. Амаль год у эміграцыі.
Захапіў цацку — міні-копію свайго сабакі Дыега. Гэтую цацку на дзень нараджэння яму звязала хросная. «Гэтая цацка — гэта мой Дыега, яна нагадвала мне, што ў мяне ёсць сабака, за якога я адказны. Нагадвае мне пра ўтульнасць. Самае галоўнае для мяне, каб у доме было жыццё — гэта мой сабака. Без яго пуста. З ім я адчуваю сябе дома».

Калі пераязджаў у Варшаву, разумеў, што забяру з сабой Дыега, нават адзенне і абутак не браў бы, калі б можна было адразу ўзяць сабаку. Але спачатку знайшоў жыллё, разабраўся з дакументамі, і толькі пасля перавёз пса.

Сумую па нядзельных барбекю з бацькамі. Не хапае сустрэч з імі. Сумую па сябрах, але частка сяброў ужо за мяжой, а частка — за кратамі. Як ні круці, не месца робіць чалавека, а чалавек робіць месца. Я чапляюся больш за жывое, чым за нешта нежывое. Таму, канечне, у Беларусь хачу вярнуцца, прайсціся па любімых месцах Менска. Калі я прыязджаў у свае родныя Міханавічы, яны, здавалася б дзірка дзіркай, аднак гэта мая дзірка, мне там утульна, я там усё ведаю. Я там нарадзіўся. Цяпер дасылаюць фотаздымкі — столькі ўсяго змянілася. А калі ты там жывеш, то здаецца, што нічога не мяняецца.

Я хачу вярнуцца ў Беларусь. Таму я ў Польшчы і не еду нікуды далей, хаця маю прапановы. У Польшчы вельмі шмат беларусаў, цікавых знаёмстваў.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Іван, прафесійны спартовец, кікбаксёр. Амаль год у эміграцыі.
Захапіў цацку — міні-копію свайго сабакі Дыега. Гэтую цацку на дзень нараджэння яму звязала хросная. «Гэтая цацка — гэта мой Дыега, яна нагадвала мне, што ў мяне ёсць сабака, за якога я адказны. Нагадвае мне пра ўтульнасць. Самае галоўнае для мяне, каб у доме было жыццё — гэта мой сабака. Без яго пуста. З ім я адчуваю сябе дома».

Яўгенія, журналістка, і яе дачка Саша. 2 гады ў эміграцыі. Спачатку з’ехала ў Кіеў, пасля пачатку вайны ва Украіне — у Варшаву

— У кастрычніку 2020 года мяне затрымалі на трое сутак па адміністратыўным працэсе. Пасля таго, як вызвалілася, зразумела: я застаюся на волі, але гэта часовая справа. Мы параіліся з калегамі і вырашылі, што мне трэба з’ехаць хаця б на месяц недзе пераседзець. Выбрала Кіеў. Я была ўпэўнена, што з’язджаю максімум на тры месяцы. У той момант не магла ўзяць з сабой дачку, таму што я не асабліва ўяўляла, куды я еду. Да таго ж у яе быў навучальны год. Я ўзяла з сабой некалькі кніг, пару джынсаў, дзве байкі, трошкі бялізны і цацку акулу. Памятаю той дзень, стаю на мяжы, свеціць сонца, і я думаю: «Блін, такое цудоўнае надвор’е, а я павінна пакідаць сваю краіну». Я памятаю, як захлёбвалася слязьмі ад усведамлення гэтага.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Яўгенія, журналістка і яе дачка Саша. 2 гады ў эміграцыі. Спачатку з’ехала ў Кіеў, пасля пачатку вайны ва Украіне — у Варшаву.
Яўгенія ўзяла з сабой «акулу», якую ёй падарыла дачка на дзень нараджэння. «Гэтая цацка для мяне — пра каханне, пра клопат. Яна як талісман. Я ўвогуле не веру ва ўсе гэтыя штукі, але з ёй у мяне сыходзяць трывогі — я ведаю, што ўсё будзе добра».

Акулу мне падарыла дачка на мой дзень нараджэння ў жніўні 2020 года. Яна сама назапасіла грошы і сама схадзіла ў краму і купіла мне яе. Нейкі час пасля ад’езду я жыла ў Кіеве ў кватэры сваіх знаёмых. Гэта была вельмі старая халодная кватэра, мы нават спалі ў верхнім адзенні. І акула была маёй падушкай. Цяпер заўсёды бяру цацку з сабой — у камандзіроўкі, на адпачынак. Гэтая цацка для мяне — пра каханне, пра клопат. Яна як талісман. Я ўвогуле не веру ва ўсе гэтыя штукі, але з ёй у мяне сыходзяць трывогі — я ведаю, што ўсё будзе добра. Гэта як людзі абразы бяруць з сабой. Я яе магу нават не выцягваць з чамадана. Яна ўжо такая пацёртая, нават не адціраецца. Мы яе называем Шаркі. Яна ж была і першай рэччу, якую я паклала з сабой, калі ў 5 раніцы збірала рэчы, каб эвакуіравацца з Кіева пасля пачатку вайны. Я памятаю, як разбірала рэчы на групы — гэтыя трэба ўзяць, а гэтыя не. І акулу я адразу складваю ў валізку. Астатнія дзевяноста працэнтаў рэчаў я складала ў пакеты, каб вынесці на двор і пакінуць іх.

Калі параўноўваць мае дзве эміграцыі, дык адчуванні вельмі падобныя. І там і там мэта выжыць і выратавацца. Тут у цябе прыляціць ракета, а там цябе могуць пасадзіць у турму. Проста калі вайна, гэта больш чорна-белае. Але адчуванні абсалютна аднолькавыя — табе трэба кудысьці ўцякаць і ратавацца. У першы раз я была нашмат больш разгубленай. Другі раз я сабралася. Гэта непрыемна, калі цябе пазбаўляюць дома супраць тваёй волі.

Для мяне дом — гэта там, дзе маё дзіця, мае жывёлы, дзе можна паставіць ёлку. Не ведаю. Мусіць, гэта месца, дзе жадаеш засынаць і прачынацца. Хутчэй за ўсё, гэта нешта пра бяспеку.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Яўгенія, журналістка і яе дачка Саша. 2 гады ў эміграцыі. Спачатку з’ехала ў Кіеў, пасля пачатку вайны ва Украіне — у Варшаву.
Яўгенія ўзяла з сабой «акулу», якую ёй падарыла дачка на дзень нараджэння. «Гэтая цацка для мяне — пра каханне, пра клопат. Яна як талісман. Я ўвогуле не веру ва ўсе гэтыя штукі, але з ёй у мяне сыходзяць трывогі — я ведаю, што ўсё будзе добра».

Вельмі сумую па бабулі і па Менску. У мяне ёсць страх, што маёй бабулі ў любы момант можа не стаць. Я папрасіла, каб мне даслалі фатаграфіі мяне маленькай з сям’ёй, фатаграфіі з бабуляй. Да дня нараджэння яна перадавала мне сюды паштоўку. Я разумею, што яна пісала яе дрыготкімі рукамі. Тата расказваў, што яна вельмі плакала. Я вельмі шкадую, што так упісалася тады ў гэтую выбарную гісторыю і не паспела з’ездзіць да яе на дачу, каб пафоткаць яе сярод расады.

На дадзены момант не думаю, што магу вярнуцца. Бо такія штукі даюць нейкую надзею. Я стараюся проста аб гэтым не думаць.

Ганна, актывістка, і яе дачка Саша. 2 гады ў эміграцыі

— Я валанцёрыла для «Краіны для жыцця», збірала подпісы за Ціханоўскага, была незалежным назіральнікам на выбарах. Мяне неаднаразова затрымлівалі і судзілі. Да зімы 2020 года ўжо здавалася, што ўсё сціхла. Я не збіралася з’язджаць ад слова зусім, я нават уявіць сабе не магла, што мне давядзецца з’ехаць і жыць у іншай краіне.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Ганна, актывістка, і яе дачка Саша. 2 гады ў эміграцыі.
Узяла з сабой абразок Божай маці Будслаўскай. Ганна дваццаць адзін год запар хадзіла пешшу ў пілігрымку ў Будслаў. Гэты абразок для яе як абярэг і талісман. З ім яна верыць, што ўсё будзе добра.

Зімой у 2021 годзе да мяне дадому заявіліся з ператрусам. Гэта была субота. Вечар. Я тапіла лазню. Яны прыйшлі з санкцыяй пракурора на ператрус, забралі ўсю тэхніку, нават стары зламаны тэлефон дачкі, затрымалі на ноч гледзячы і адпусцілі, сказалі прыйсці на допыт у панядзелак. У панядзелак я ўжо стала падазраванай па крымінальнай справе, але зноўку адпусцілі дадому да суда. Калі я ад’язджала ад будынка міліцыі, адзін з супрацоўнікаў мне сказаў: «Вы разумееце, што вы зараз у апошні раз вяртаецеся дадому?». У мяне яшчэ прамільгнула думка: «Я, можа, ім так замінаю жыць, што ім было б прасцей, каб я з’ехала». У той жа дзень я звярнулася да праваабаронцаў, мне параілі тэрмінова пакідаць краіну, пакуль у мяне на руках пашпарт і няма падпіскі аб нявыездзе. Спачатку я пагадзілася, але раніцай прачынаюся і плачу. Як гэта ў 50 гадоў можна кінуць усё, што ў цябе ёсць, і з’ехаць увогуле ў нікуды? І навошта? Незразумела. Чаму? Незразумела. Але праз дзень пасля допыту да мяне прыехала апека. Яны біліся ў дзверы, грукаліся ў вокны. Было адчуванне, што прыехала не апека, а бандыты. Мацюкоў было столькі! На той час яшчэ не ламалі дзверы. Мы з дачкой ім не адкрылі і сядзелі ціхенька, схавалiся. У нас добрая сям’я, дачка — выдатніца, выступае на ўсіх школьных мерапрыемствах. Мы дарослыя свядомыя бацькі. Было зразумела, што яны прыязджалі з-за маёй крымінальнай справы. Пасля гэтага я асэнсавала, што маю Сашу могуць забраць у дзіцячы дом і зразумела, што мяне не пакінуць у спакоі. Я зноўку патэлефанавала праваабаронцам. Мне параілі зараз жа з’язджаць з дому і не начаваць там.

Мы сабраліся хвілін за 5. Трэба было тэрмінова з’ехаць, таму што я не разумела, вернецца апека ці не. Узяла пашпарты, дакументы па рэпрэсіях і абразок Божай маці Будслаўскай. Я дваццаць адзін год запар хадзіла пешшу ў пілігрымку ў Будслаў. Гэты абразок для мяне як абярэг, як мой талісман. Я верыла, што з ёю ў нас усё будзе добра, што мы зможам з’ехаць. У мяне не было часу ні з кім развітацца, нават з мамай.

Тры дні мы хаваліся, чакалі, пакуль нам перададуць білеты. Потым быў стрэсавы пераезд з Пастаў у Мінск. Самым страшным было прайсці пашпартны кантроль. Мяне прапусцілі. Я ішла на ватных нагах у самалёт. Гэта ўвогуле быў мой першы ў жыцці палёт. Калі самалёт падняўся ў неба, я адчула такі кайф — зразумела, што ўсё атрымалася. Гэтыя трое сутак чакання я не спала ад слова зусім. Упершыню я паспала, калі мы ўжо былі ў Кіеве.

Усе нашы рэчы — гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком. У такім стане проста не ведаеш, што ўзяць. Я збіралася на нейкім аўтапілоце. Я не ведала, як змясціць усё сваё жыццё ў гэтую сумачку. Гэта смешна, але я ўзяла з сабой фен для валасоў. Прыехала ў Кіеў, адкрыла сумку, выявіла, што ў мяне нават трусоў няма, затое фен ёсць. Я нават не памятала, што брала яго.

У апошні час дома мне было настолькі страшна, дрыжала ад кожнай незнаёмай машыны. У мяне былі панічныя атакі. Гэта было настолькі псіхалагічна страшна. Дачка ў мяне таксама вельмі баялася. Памятаю, як вязу яе ў школу, а насустрач едзе міліцэйская машына. Проста міма. Бачу, што маё дзіця ўціснулася ў крэсла, пытаю: «Ты чаго спалохалася?». Яна адказвае: «Мамачка, калі цябе зараз забяруць, няхай мяне толькі не ў дзіцячы дом аддаюць, а да бабулі». Гэта васьмігадовае дзіця так кажа. (Плача). Не магу гэта ўспамінаць да гэтага часу. Кожны вінаваты мусіць адказаць за тое, што зламалі псіхіку нашым дзецям. Я нікому гэтага не дарую. Гэта балюча ўспамінаць, хоць і мінула ўжо два гады. Разумееш, што ўсё гэта ў мінулым. Але гэтыя сны і гэтыя кашмары пераследуюць кожную ноч. Я з’ехала ў першую чаргу не таму, што на мяне завялі крымінальную справу, а таму, што было страшна за дачку.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Ганна, актывістка, і яе дачка Саша. 2 гады ў эміграцыі.
Узяла з сабой абразок Божай маці Будслаўскай. Ганна дваццаць адзін год запар хадзіла пешшу ў пілігрымку ў Будслаў. Гэты абразок для яе як абярэг і талісман. З ім яна верыць, што ўсё будзе добра.

Што такое для мяне дом? Я зараз зноў буду плакаць. Для мяне дом — гэта не чатыры сцяны. Радзіма для мяне — гэта не краіна Беларусь. Я зараз кладуся спаць і памятаю кожны каменчык, травінку, якая расце каля маёй хаты. Я памятаю, дзе ў мяне стаіць посуд, шклянкі, я памятаю, дзе ў мяне знаходзіцца кожная дробязь у доме. У мяне пытаюцца, чаму я не хачу прадаць хату? Не, ніколі! Прадаць яго — тое самае, што адрэзаць нагу ці руку і прадаць іх. Ён не каштуе ніякіх грошай. Гэта кавалак мяне. Сюды ўкладзена столькі гадоў жыцця, столькі працы, столькі цяпла. Гэта не проста памяшканне, у якім жывеш, гэта частка жыцця.

Я сумую па сваіх блізкіх, па маме. Я жыву тут у Польшчы нейкім паралельным жыццём. Польшча асобна, я — асобна. Я нават не вучу польскую мову, таму што ўпэўнена, што я вярнуся. Не магу гэтага прыняць, што я тут буду жыць. Я ўпэўнена, што мы ўсё вернемся дадому. Калі я брала з сабой абразок, у мяне зламаўся мой нацельны крыжык. І мая сястра зняла свой крыжык і аддала яго мне. Я хацела вярнуць яго ёй назад, але яна мне сказала, што ты вернешся сама і аддасі мне яго асабіста.

Дар’я, мастачка. У эміграцыі год. Спачатку з’ехала ў Кіеў, пасля пачатку вайны ва Украіне — у Варшаву

Мне прыйшлося тэрмінова з’ехаць з Беларусі не па сваім жаданні. У мяне была невялікая валіза. Я сабрала ўсе свае самыя прыгожыя і лепшыя рэчы. Ноўтбук, адзенне, бабуліны хусткі, свае ўпрыгожанні, памаду. Гэта такі мой набор. Без упрыгожанняў я не збіраюся нікуды. Ведаю, што калі ў самы складаны час ты будзеш добра выглядаць, то ўсё атрымаецца. Бо ты будзеш сам упэўнены ў сабе і ты падымеш настрой іншым людзям. Таму я бяру з сабой звычайна ўсё самае прыгожае.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Дар’я, мастачка. У эміграцыі год. Спачатку з’ехала ў Кіеў, пасля пачатку вайны ва Украіне — у Варшаву.
На фота бабуліна хустка, якую дзяўчына ўзяла з сабой. Хустка для Дар’і — гэта памяць і адчуванне бяспекі. «Я апранаю гэтую хустку нячаста, калі мне вельмі хочацца зрабіць сабе прыемнае. Бо рэчы вяртаюць цябе ў тыя эмоцыі. Без рэчы ты іх не можаш узгадаць. Вось ты яе бярэш, адчуваеш гэты пах».

Першае, што я паклала ў валізку — гэта бабуліна хустка. Я яе апранаю, калі мне вельмі хочацца зрабіць сабе прыемнае. Яшчэ ў мяне ёсць такая каробачка са старой швейнай машынкі. Я завярнула яе ў цалафан. Нічога з ёй спецыяльна не раблю, каб пах заставаўся. Мама перадала мне яе сюды, але я думаю, што вярну яе назад. Бо нельга так усё самае каштоўнае вывезці з дому. Там павінна штосьці застацца.

Спачатку з’ехала ў Кіеў, дзе паспела пажыць літаральна два месяцы. Там я доўга шукала жытло. Толькі набыла мальберт, фарбы, пасцельную бялізну, нават кухонны посуд і прыйшлося зноўку з’язджаць. Усе набытыя рэчы прыйшлося пакінуць там. Пачалася вайна, я чула выбухі. Памятаю, як паглядзела ў вакно і пабачыла, як людзі выходзілі са сваіх кватэр з валізкамі.

У маю другую эміграцыю ў Польшчу я ўзяла ўсе тыя ж самыя рэчы, што прыехалі са мной з Беларусі. Толькі дадалося яшчэ адно ўпрыгожанне.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Дар’я, мастачка. У эміграцыі год. Спачатку з’ехала ў Кіеў, пасля пачатку вайны ва Украіне — у Варшаву.
На фота бабуліна хустка, якую дзяўчына ўзяла з сабой. Хустка для Дар’і — гэта памяць і адчуванне бяспекі. «Я апранаю гэтую хустку нячаста, калі мне вельмі хочацца зрабіць сабе прыемнае. Бо рэчы вяртаюць цябе ў тыя эмоцыі. Без рэчы ты іх не можаш узгадаць. Вось ты яе бярэш, адчуваеш гэты пах».

Але калі я нават перавязу сюды ўсе свае рэчы, гэтае новае месца не стане для мяне домам. Дом для меня — гэта тое, калі ўсё, пра што гаворым, называем «мы». У эміграцыі мы кажам «іх» і «сваё». І гэта падзел мне не падабаецца. Для мяне важна ўдзельнічаць у грамадскасці. Ты павінен і на вуліцы адчуваць сябе камфортна. Гэта робіцца сіламі не толькі вашай сям’і. Дом — гэта тады, калі я адчуваю, што гэта наша, што мы разам можам штосьці памяняць, калі ў нас ёсць агульная гісторыя. Я шчыра хачу рабіць штосьці для беларусаў. Мы з iнтэлігентнай сцiпласцю i павагай заўсёды iмкнемся штосьцi рабiць. Людзі насуперак усiм перашкодам робяць шмат крутога.

Сям’я, якая ў эміграцыі паўтары гады

Сяргей з жонкай Таццянай i сынам Максiмам з’ехалi з Беларусi ў Польшчу з-за пераследу па палітычных матывах.

— Да нас дадому заявіліся следчыя з сілавых органаў з ператрусам, і мне па чыстай выпадковасці ўдалося пазбегнуць з імі сустрэчы. Я не разумеў да канца сур’ёзнасці сітуацыі ў той момант. Мне ўдалося вельмі хутка забегчы ў сваю кватэру, каб сабраць рэчы. Закінуў у сумку дакументы, усю тэхніку. І з гэтым выскачыў з дому. Калі я забіраў гэтыя рэчы, у мяне было толькі разуменне, што я магу не хутка патрапіць у гэтую кватэру, але разумення, што я з’язджаю, не было. Збіраў рэчы я не больш за дзве хвіліны. Проста змятаў у сумку ўсё, што звязана з назапашвальнікам інфармацыі ці тэхнікай, — расказвае Сяргей.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Сяргей, Таццяна і Максім — сям’я. У эміграцыі паўтары гады.
Сяргей захапіў дыск з УГД цяжарнай жонкі. «Сярод дакументаў я знайшоў дыск з адным з УГД нашага сына, калі жонка была цяжарная. Вядома, я вырашыў узяць яго з сабой. Мы ж не так проста яго запісвалі. Гэта такія сентыментальныя моманты, якія ёсць у сям’і».

Ён дадае, што не было часу падумаць.

— Некалькі дзён я прабыў у Беларусі, наіўна разважаў, што рабіць далей. Але прыняў рашэнне, што трэба з’ехаць. Перад ад’ездам я перагледзеў і адсартаваў рэчы, якія паедуць са мной далей. Гэта быў даволі цікавы набор рэчаў. Некаторыя з іх я так і пакінуў у Беларусі. Я з’ехаў у сандалях, з парай шорт і маек. Красоўкі я сабе купляў ужо па дарозе, — успамiнае Сяргей. — Сярод дакументаў я знайшоў дыск з вынiкамi ультрагукавой дыягностыкi, калі жонка была цяжарная. Вядома, я вырашыў узяць яго з сабой. Мы ж не так проста яго запісвалі. Гэта такія сентыментальныя моманты, якія ёсць у сям’і. Калі я з’язджаў, было разуменне, што жонка з сынам таксама з’едуць, але гэта быў перыяд ковіда, і наша сустрэча расцягнулася на месяц. У Беларусі і ёй знаходзіцца было вельмі небяспечна. Аж да таго, што потым за жонкай нават паставілі вонкавае сачэнне.

Таццяна ўспамiнае, што сям’i не было дома ў той дзень, калі прыйшлі з ператрусам.

— Я ў была ў іншым горадзе з дзіцём. А Сяргей проста выпадкова выйшаў з дому. Гаспадыня кватэры па дакументах я, мне сталі тэлефанаваць і патрабаваць, каб я ім неадкладна адчыніла. Мне сказалі, што калі яны не знойдуць майго мужа, мяне выклічуць на допыт, а дзіця аддадуць у дзіцячы дом. За мной сачылі «на бусе» і «Джылі». Я нават запомніла іхнія нумары. Гэта было так відавочна. Я пяць сутак не спала і не ела. Каля месяца чакала дакумент, які б дазваляў нам з сынам выехаць. У нас быў час сабраць валізкі. І я ўжо свядома разумела, што мы з’язджаем надоўга. Я купіла новы вялікі чамадан, каб пабольш улезла. Я брала максімальную колькасць адзення, кніжкі і цацкі сына. Нават прачытала, як правільна пакаваць рэчы. Асабліва такога настальгічнага мы і не бралі.

"Усе нашы рэчы - гэта маленькая дарожная торба з дакументамі, пашпартамі, абразком". Беларусы паказалі, што ўзялi ў вымушаную мiграцыю
Сяргей, Таццяна і Максім — сям’я. У эміграцыі паўтары гады.
Сяргей захапіў дыск з УГД цяжарнай жонкі. «Сярод дакументаў я знайшоў дыск з адным з УГД нашага сына, калі жонка была цяжарная. Вядома, я вырашыў узяць яго з сабой. Мы ж не так проста яго запісвалі. Гэта такія сентыментальныя моманты, якія ёсць у сям’і».

Сяргей дадае, што паняцце дома для сям’i памянялася з моманту ад’езду.

— Калі з’яўляецца месца, дзе ты пакідаеш свае карэньчыкі, з’яўляецца дадатковы псіхалагічны камфорт. Разумееш, што можна дастаткова камфортна чалавеку існаваць нават і з двума чамаданамі. Для нас важней сям’я, чым нейкія сцены. Пасля некалькiх пераездаў неяк лёгка адбываецца працэс адаптацыі. Заехаў у новую кватэру і ўжо жывеш у ёй.

— Мы столькі кватэр і краін памянялі за час эміграцыі. Я для сябе зразумела, што дом — гэта такое паняцце вельмі адноснае, — кажа Таццяна. — Проста ствараеш вакол сябе нейкі камфорт, і ты ў гэтым уладкоўваеш сваё жыццё. Для нас адкрыўся нейкі новы досвед. Раней увесь час былі сумневы. А ў мяне атрымаецца? А ці хопіць мне грошай? Ці змагу вывучыць чужую мову? А зараз у цябе проста няма гэтай опцыі сумнявацца, сядзець і пралічваць усё наперад. Ты прыязджаеш, ужо на месцы арыентуешся і жывеш. Гэта класны навык. Трэба з усіх мінусаў знайсці плюс. Страх новага губляецца. Таму дом для нас — гэта там, дзе мы жывем зараз. (Раптам плача). Вядома, ёсць жаданне паехаць дадому. Ты ж хочаш паехаць да таты, мамы, бабулі, дзядулі. Вось Сяргею перадалі лыжны гарнітур, ён яго панюхаў і сказаў: «Пахне мамінай кватэрай». Я б хацела паехаць у дом бацькоў, бо ты там быў, прывык, ты ўсё памятаеш. Але глабальна ты можаш жыць там, дзе ты жадаеш. Не трэба баяцца гэта памяняць.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: