Reform.news

Упершыню па-беларуску выходзіць анталогія ўкраінскага Расстралянага адраджэння

Reform.news · 7 октября 2026, 17:42

https://reform.news/upershynju-pa-belarusku-vyhodzic-antalogija-krainskaga-rasstraljanaga-adradzhjennja/

Выдавецкая ініцыятыва «Пурпурная майстэрня» рыхтуе да выхаду кнігу «Antares. Анталогія ўкраінскага Расстралянага адраджэння». У ёй упершыню пад адной вокладкай сабраныя беларускія пераклады твораў 26 украінскіх аўтараў 1920–1930-х гадоў, якія былі рэпрэсаваныя або расстраляныя савецкімі ўладамі.

Сярод змешчанага ў анталогіі — цэнтральны для эпохі твор украінскай кароткай прозы, навела Мыколы Хвылявога «Я (Рамантыка)». Паэтычныя творы ў кнізе падаюцца білінгвальна: украінскі арыгінал змешчаны побач з беларускім перакладам.

Над перакладамі працавалі Ева Арлова, Ганна Янкута, Мікола Грэшны, Віктар Жыбуль, Артур Камароўскі і ананімны перакладчык. У склад выдання таксама ўвайшоў пераклад паэта і перакладчыка 1930-х гадоў Алеся Дудара.

«Ноч расстраляных паэтаў стала глабальнай беларускай практыкай памяці, а ва Украіне літаратура дваццатых стала часткай маскульту. У часы рэпрэсій следчыя асобна запытвалі беларусаў пра тое, як «осуществлялась связь» з украінскімі калегамі. На фоне трагедыі ў Беларусі і катастрофы ва Украіне гэтая кніга — лагічны працяг гэтай сувязі», — адзначае ўкладальнік кнігі, паэт і перакладчык Алесь Плотка.

Перадзамовіць асобнік і падтрымаць выхад кнігі можна праз краўдфандынгавую кампанію на платформе Gronka. Атрымаць анталогію можна за ўнёсак ад 20 еўра (з улікам дастаўкі), а першыя кнігі каманда плануе разаслаць да навагодніх святаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий