Упершыню ў Лондане прагучаць музычныя творы беларускага кампазітара Міколы Куліковіча

У Лондане прагучаць музычныя творы выбітнага беларускага кампазітара Міколы Куліковіча, архіў якога захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Падчас двух канцэртаў беларускай харавой музыкі будуць выкананы ў асноўным духоўныя творы Міколы Куліковіча, а таксама творы сучасных беларускіх кампазітараў.

«Гучыць Скарынаўка. Духоўныя творы Міколы Куліковіча» — музычна-асветніцкі праект, канцэпцыя якога грунтуецца на выкананні музычных твораў рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, якія падчас ці пасля Другой сусветнай вайны апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Часткова гэта аўтары, якія прайшлі праз турмы і лагеры, але пасля вызвалення працягнулі творчы шлях.

Матэрыялы для выканання — знойдзеныя нотныя і літаратурныя матэрыялы Бібліятэкі і Музея імя Францыска Скарыны ў Лондане.

Аўтар праекта Галіна Казіміроўская — дырыжор, кампазітар, выкладчык спеваў, мастацкі кіраўнік і дырыжор Concordia Choir і Вольнага хору, кіраўнік Беларускай школы мастацтваў імя Равенскага ў Варшаве.

Канцэрты Concordia Choir (мастацкі кіраўнік і дырыжор Галіна Казіміроўская) адбудуцца 5 і 6 ліпеня гэтага года.

  • Канцэрт харавой музыкі а капэла «Гучыць Скарынаўка. Харавая музыка беларускіх кампазытараў» пройдзе ў пятніцу, 5 ліпеня 2024 года, у 19.30 ва Украінскай Катэдры Найсвяцейшае Сям’і, Duke St, London W1K 5BQ. Уваход £10. Аплата будзе збірацца пры дзвярах.
  • Канцэрт-лекцыя «Гучыць Скарынаўка. Духоўныя творы Міколы Куліковіча» пройдзе ў суботу, 6 ліпеня 2024 года, у 19.00 у Царкве святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў Беларускага народа, Holden Avenue, London N12 8HY. Уваход £10 (толькі гатоўкай, cash only). Аплата будзе збірацца пры дзвярах.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.