Да 210-годдзя беларускага гісторыка, археолага, краязнаўцы Яўстаха Тышкевіча (1814–1873) Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі падзяліўся на сваім сайце віртуальнай выставай з выявамі каштоўных дакументаў, звязаных з імём асветніка.
Выстава пра аднаго з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі падрыхтавана беларускім даследчыкам, вядучым навуковым супрацоўнікам НГА Беларусі Уладзімірам Дзянісавым.
У віртуальнай галерэі прадстаўлены дакументы па гісторыі роду графаў Тышкевічаў, навуковай, культурнай і грамадска-палітычнай дзейнасці, уласна, навукоўцы, якія з’яўляўся заснавальнікам Віленскай археалагічнай камісііі, стваральнікам Музея старажытнасцей у Вільні.
У першую чаргу, захавалася справа Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу аб дваранскім паходжанні графаў Тышкевічаў.
Захаваліся пратаколы пасяджэнняў аб прызнанні ў дваранскай годнасці роду Тышкевічаў, а таксама арыгінальныя генеалагічныя табліцы.
Былі выяўлены шматлікія дакументы па гісторыі Лагойскага графства і маёнтка Лагойск XVIII–XIX стагоддзяў, што належалі Тышкевічам, а таксама матэрыялы па гісторыі маёнтка Антопаль Барысаўскага павета, уладальнікам якога непасрэдна з’яўляўся Яўстах Тышкевіч. Захавалася шмат дакументаў аб службовай, навуковай і грамадскай дзейнасці графа.
Яўстах Тышкевіч нарадзіўся ў родавым маёнтку Лагойск Барысаўскага павета (па іншых звестках ў Мінску) Мінскай губерні ў сям’і графа Пія Тышкевіча (1776—1842) і графіні Аўгусты Марыі Плятэр (1782–1834). 6 (18) красавіка 1814 года ён быў ахрышчаны ў Мінскім кафедральным рымска-каталіцкім касцёле.
У 1824 годзе паступіў у Віленскую гімназію, але па невядомых прычынах затым перавёўся ў Мінскую мужчынскую гімназію, якую скончыў у 1831 годзе. Пасля гэтага, самастойна працаваў у бібліятэках Пецярбурга і Масквы, каб удасканаліць свае веды. У 1833–1835 гадах ён з’яўляўся канцылярыстам капітула расійскіх імператарскіх і царскіх ордэнаў.
Пачынаючы з 1837 года, праводзіў археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Мінскай і Віленскай губерняў. У 1843 годзе з мэтай археалагічных і гістарычных даследаванняў наведаў Данію і Швецыю, а таксама пабываў у Фінляндыі. Вынікам гэтага падарожжа стала кніга «Лісты пра Швецыю» («Listy o Szwecji», 1846, т. 1–2).
Разам з братам Канстанцінам ён стварыў у Лагойску ў 1842 годзе адзін з першых у Беларусі гісторыка-археалагічных музеяў, які праіснаваў да 1855 года.
З’яўляўся заснавальнікам Віленскага музея старажытнасцей, які быў створаны менавіта на падставе калекцый Лагойскага археалагічнага музея. Спачатку ў 1845 годзе ў Вільню была перавезена частка лагойскіх экспанатаў, што дало магчымасць арганізаваць невялікі прыватны музей. У 1855-м гэты музей атрымаў афіцыйны статус і быў размешчаны ў памяшканнях былога Віленскага ўніверсітэта. Тышкевіч ахвяраваў новаму музею сваю археалагічную калекцыю, якая налічвала больш за 2000 адзінак захавання, а таксама бібліятэку, што змяшчала каля 3000 тамоў. У тым жа 1855-м Тышкевіч быў прызначаны папячыцелем Віленскага музея старажытнасцей. У хуткім часе фонды музея дасягнулі больш за 10000 экспанатаў. З музеем актыўна супрацоўнічалі гісторык Тэадор Нарбут, пісьменнікі Юзаф Ігнат Крашэўскі, Ігнат Ходзька, Адам Кіркор. Першая экспазіцыя была адчынена 1 снежня 1856 года ў будынку былой універсітэцкай бібліятэкі. Музей меў аддзелы археалогіі, этнаграфіі, зброі, мінералогіі і арніталогіі.
Пасля паўстання 1863–1864 гадоў Віленскі музей старажытнасцей і Віленская археалагічная камісія былі ліквідаваны, а Тышкевіч пазбаўлены ўсіх сваіх ганаровых пасад.
У сваёй археалагічнай дзейнасці вучоны пераймаў досвед навукоўцаў Заходняй Еўропы. Упершыню ён дэталёва абследаваў пахавальны інвентар крывіцкіх курганоў і першым адзначаў іх асаблівасць – скроневыя кольцы ў жанчын. Ён вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах, Друцку, Заслаўі, Крэве, Лідзе, Міры, Слуцку і іншых населеных пунктах.
Адначасова з археалагічнымі раскопкамі Яўстах Тышкевіч збіраў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, тапаніміцы, вуснай народнай творчасці роднага краю. У 1842 годзе была выдадзена яго кніга «Погляд на крыніцы мясцовай археалогіі, або апісанне некаторых помнікаў старажытнасцей у Заходніх губенях Расійскай дзяржавы». Вынікам шматгадовых пошукаў стала праца «Апісанне Барысаўскага павета» (1847), якую сучаснікі назвалі здабыткам беларускай даследчай думкі XIX стагоддзя.
У 1843-м навукоўца быў абраны сябрам Дацкага Каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, а таксама прызначаны сябрам і карэспандэнтам Стакгольмскай Каралеўскай Акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей. Акрамя таго, ён з’яўляўся ганаровым членам Пецярбургскай акадэміі навук і Лонданскага археалагічнага інстытута.
Апошнія дні жыцця Яўстах Тышкевіч правёў у Вільні пад апекай сваёй роднай сястры, пры ёй і памёр 13 (25) жніўня 1873 года з доме Агінскіх. Быў пахаваны 16 (28) жніўня 1873-га на знакамітых віленскіх могілках Роса.
Паглядзець віртуальную выставу пра беларускага знанага археолага можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: