«Улады» баяцца незалежнай адукацыі»: Павел Баркоўскі — пра пагрозу прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі пракаментаваў пагрозу генеральнай пракуратуры надаць Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту статус «экстрэмісцкай арганізацыі».

«Такі крок цалкам укладваецца ў агульную логіку сістэмных рэпрэсій супраць незалежнай адукацыі, асабліва вышэйшай і постдыпломнай», — лічыць палітык.

У студзені 2024 года «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызналі Вольны беларускі ўніверсітэт, а ў ліпені «Беларускую акадэмію» пры Школе менеджарскіх кадраў у Коніне — згадвае Павел Баркоўскі прыклады абвінавачанняў у экстрэмізме акадэмічных устаноў.

«Нюанс справы ЕГУ ў тым, што яму пагражаюць статусам «экстрэмісцкай арганізацыі», а не «фарміравання», што, паводле спецслужбаў, не прадугледжвае пераследу асоб, якія раней мелі стасункі з установай. Гэты «клопат» лёгка растлумачыць: нават цяпер у ЕГУ навучаюцца дзеці беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, а за 30 гадоў праз яго прайшлі сотні сваякоў наменклатуры.

Нягледзячы на дэклараваную нелюбоў да Еўропы, адукацыю сваім блізкім беларускія чыноўнікі і прапагандысты аддаюць перавагу ладзіць менавіта па-еўрапейску — дэманструючы відавочныя падвойныя стандарты.

Аднак гэта не гарантуе абароны ад пераследу: заканадаўства ў Беларусі выкарыстоўваецца выбарачна, і любыя кантакты з ЕГУ могуць быць патэнцыйна небяспечнымі», — дадае ён.

Таксама палітык звяртае ўвагу на страту адукацыйнай самастойнасці краіны.

«Факт, што «ўлады» баяцца незалежнай адукацыі і мыслення, сведчыць пра страту адукацыйнай самастойнасці краіны. Сёння Беларусь усё больш залежыць ад расійскай адукацыйнай мадэлі і перастае быць нацыянальнай, тым больш — еўрапейскай. Рост выключных кантактаў з універсітэтамі Расіі і Кітая — гэта курс на ізаляцыю і арыентацыю на пераферыйныя каланіяльныя ўзоры».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!