Раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча апынуўся сярод шасці найлепшых перакладных выданняў года ва Украіне. Беларуская антыўтопія прэтэндуе на перамогу разам з творам нобелеўскага лаўрэата 2025 года Ласла Краснагоркаі.
Украінскі пераклад знакавага рамана Альгерда Бахарэвіча «Дзеці Аліндаркі», які пабачыў свет у выдавецтве «Стылас», афіцыйна ўключаны ў кароткі спіс прэстыжнай літаратурнай узнагароды House of Europe Award. Кніга, забароненая на радзіме аўтара, працягвае паспяховае жыццё ў еўрапейскай культурнай прасторы, гэтым разам — у якасці аднаго з галоўных літаратурных фактаў украінскага кніжнага рынку.
«Казка пра імперыю, што забірае мову»
Арганізатары прэміі апісваюць «Дзяцей Аліндаркі» як «адначасова казку, палітычную прытчу і трагікамічную дыстопію пра імперыю, што силоміць забірае родную мову з вуснаў дзяцей». Гэты поспех стаў магчымым дзякуючы працы перакладчыцкага тандэма — украінскіх паэтаў Лэсіка Панасюка і Дарыны Гладун.
Сам Альгерд Бахарэвіч ужо пракаментаваў навіну ў сваіх сацыяльных сетках:
«Віншую маіх цудоўных перакладчыкаў — паэтаў Лэсіка Панасюка і Дарыну Гладун! Прэмія прысуджаецца за найлепшыя пераклады на ўкраінскую. Апрача «Дзяцей Аліндаркі», у кароткім сьпісе яшчэ пяць кніг».

Канкурэнцыя і склад шорт-ліста
Варта адзначыць, што намінацыя «Найлепшае перакладное выданне» сёлета дэманструе надзвычайную разнастайнасць: ад тэхнічна складаных адаптацый да высокай інтэлектуальнай прозы. Беларускі раман канкуруе з такімі выданнямі, як: «Меланхолія супраціву» нобелеўскага лаўрэата Ласла Краснагоркаі; «Жанчыны і ўлада: маніфест» брытанскай гісторыка Мэры Бірд; «Каменьчык» Маруса Марцінкявічуса — гісторыя пра яўрэйскае гета; «Твая Клеменціна» Карлі Саросяк і адаптацыя кнігі «Безліч эмоцый» шрыфтам Брайля.
Прадстаўлены спіс з’яўляецца толькі часткай агульнай праграмы ўзнагароджання. Арганізатары абяцаюць цягам найбліжэйшых тыдняў раскрыць імёны намінантаў і ў іншых катэгорыях прэміі.
House of Europe Award — гэта праграма ўзнагароджання, заснаваная міжнароднай ініцыятывай «House of Europe», якая фінансуецца Еўрапейскім Саюзам. Прэмія накіравана на падтрымку прафесійнага абмену і культурнага супрацоўніцтва паміж Украінай і краінамі ЕС. У літаратурным сегменце ўзнагарода факусуецца на якасці перакладу, культурнай значнасці твораў і прафесіяналізме выдавецтваў, спрыяючы інтэграцыі лепшых узораў замежнай літаратуры ва ўкраінскі культурны кантэкст.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
