У зняволенні, на выгнанні, у высылцы ці ў лагерах… Выйшла анталогія класічнай беларускай турэмнай паэзіі за сто гадоў

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў выпусціў анталогію класічнай беларускай турэмнай паэзіі — «Вершы на волю», якая сабрала паэтычныя творы, напісаныя ва ўмовах турэмнага зняволення, катаргі, лагеру, высылкі, чакання рэабілітацыі і перагляду крымінальнай справы.

Вершы ахопліваюць 100-гадовы перыяд неперарыўнай традыцыі і вымушанага развіцця беларускай турэмнай паэзіі: ад філамацкіх 1820-х, калі ў Вільні былі зняволеныя Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан — аж да гулагаўскай лірыкі асуджаных неўзабаве пасля заканчэння ІІ сусветнай вайны. Кастусь Каліноўскі, Якуб Колас, Алесь Гарун, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Ганна Новік і Ларыса Геніюш, Уладзімір Дудзіцкі, Валянцін Таўлай і Максім Танк, — усяго анталогія змяшчае тэксты 35 аўтараў, напісаныя ва ўмовах пазбаўлення волі.

Укладальнік анталогіі літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч адзначае, што бадай, не было ніводнага пэрыяду ў ніводным стагоддзі, калі літаратура адчувала сябе цалкам свабоднай: «Як быццам бы гэтая прастора проста прызначаная для таго, каб яе абмяжоўвалі тым ці іншым чынам – унутрана і вонкава, пры дапамозе нарматыўных дакумэнтаў, уяўленьняў, плётак, цэнзараў, інсынуацый, стэрэатыпаў, урэшце рэшт — фізічна — у выглядзе турэмных кратаў, катаваньняў, і, як мы добра ведаем з гісторыі, расстрэлаў. Можна сказаць, што недзе на падсьвядомым узроўні кожны беларускі літаратар, падступаючы да чыстага аркушу, баіцца ня столькі самой гэтай белай паперыны, колькі ўласна літаратуры, за якой цягнецца даўжэзны шлейф праблемаў, траўмаў, зь якімі ў даволі складаным і без таго жыцьці ня кожны нармальны чалавек захоча сутыкацца».

«Вершы на волю» сярод іншых кніг выдавецтва Kamunikat на фестывалі абуджаных Tutaka ва ўрочышчы Барык пад Беластокам. Фота: reform.news

Ціхан Чарнякевіч мяркуе, што паэзія турмы — інтэгральная частка нашага ХІХ і першай паловы ХХ стагоддзя. «Тое, што яна доўжыцца ў ХХІ-м, пазначае нашу сучаснасьць новым пунктам у сьпісе эпохаў, калі беларускім паэтам даводзілася адваёўваць сваю ўнутраную і вонкавую свабоду», — піша літаратуразнаўца.

Набыць кнігу можна праз інтэрнэт-краму Kamunikat.shop.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!