Напрыканцы лістапада ў выдавецтве «Янушкевіч» распачаўся перадпродаж ліцэнзаванага выдання «Брацтва пярсцёнка» — першай кнігі знакамітай трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» Джона Р. Р. Толкіна. Сусветнавядомае фэнтэзі на беларускай мове паступіць у продаж толькі 19 снежня, але ўжо за першыя суткі папярэдняй замовы яе заказалі больш за 200 чалавек.
Першы пераклад слыннай трылогіі на беларускую мову быў створаны ў 2008 годзе перакладчыкамі Дзмітрыем Магілеўцавым і Крысцінай Курчанковай.
Выданне «Янушкевіча» — гэта новы пераклад на беларускую мову сусветнавядомага рамана-эпапеі англійскага пісьменніка. Ён створаны маладым беларускім паэтам і перакладчыкам, знаўцам санскрыту, стараісландскай і стараанглійскай моваў Ігарам Куліковым. У даробку спадара Ігара — «Чытво» Чарлза Букоўскі, 1-е кола Рыгведы, урыўкі з Магабгараты, «Ліст Ніґлатворы» Джона Р. Р. Толкіна. І праца над трылогіяй, можна сказаць, стала яго «опус магнум».
Варта дадаць, што «Брацтва пярсцёнка»- ліцэнзаванае выданне, — гэта значыць, што кіраўніку выдавецтва Андрэю Янушкевічу ўдалося набыць ліцэнзію на твор у праваўладальнікаў.
«Вядомы пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс так сказаў пра «Валадара Пярсцёнкаў»: «Гэтая кніга — як маланка з чыстага неба… Яшчэ ніхто не прыдумляў свету настолькі шматграннага і ў той жа час настолькі вернага сваім унутраным законам; свету, які здаваўся б настолькі рэчаісным і які быў бы настолькі ачышчаным ад налёту індывідуальнай псіхалогіі аўтара; свету, настолькі актуальнага ў цяперашніх чалавечых абставінах, але настолькі свабоднага ад алегорыі», — так прадстаўляе сваю навінку выдавецтва.
У выданне ўключаны карты «Частка Воласці» і «Захад Серадзем’я ў канцы Трэцяй эпохі», а таксама «Прадмова да другога англійскага выдання» і «Тлумачэнне некаторых імён і назваў».
Над вокладкай і мастацкім афармленнем кнігі працавала мастачка Настасся Пазняк.
Уласна, старт продажаў «Валадар пярсцёнкаў. Брацтва пярсцёнка» адбудзецца ў Варшаве 19 снежня ў Беларускім моладзевым хабе (ul. Dożynkowa, 6a). Пачатак а 11-й гадзіне.
Зрабіць перадзаказ кнігі ў асобныя еўрапейскія краіны, у тым ліку і ў Беларусь, сёння магчыма на knihauka.com.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: