У VODBLISK пакажуць фільм стваральніцы фестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно Волі Чайкоўскай

Культура
Кадр з фільма "Агульная мова".

З 1 верасня гледачы платформы VODBLISK змогуць паглядзець у анлайн-кінатэатры рэжысёрскую працу яго заснавальніцы Волі Чайкоўскай — фільм «Агульная мова». Расказваем, чаму гэта кранальнае кіно можа стаць якраз тым, што вам захочацца паглядзець увечары.

Фільм «Агульная мова» з Воляй Чайкоўскай у якасці рэжысёркі ў 2020 годзе стаў лагічным працягам прафесійнага шляху ўжо на той момант дырэктаркі кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і прадзюсаркі са сваёй уласнай кінакампаніяй Volia Films.

Аб чым фільм?

«Агульная мова» — рэжысёрскі дэбют Волі Чайкоўскай, які яна зняла на сваёй радзіме, у Віцебску. Гэта смелы і шчыры дакументальны фільм з некранутымі дыялогамі і непадрыхтаванымі акцёрамі ў асобе бацькоў самой Волі. Ён аб тым, што датычыцца кожнага: пра ўзаемаразуменне паміж людзьмі і пошук шляхоў да яго.

Як з’явілася кіно?

У 2018 годзе Воля паступіла ў магістратуру Балтыйскай школы кіно і тэлебачання на рэжысуру і прадзюсаванне дакументальнага кіно. Там ёй далі студэнцкае заданне, якое падштурхнула да стварэння фільма «Агульная мова». Стужкі, якую рэжысёрка першапачаткова не хацела здымаць, бо, па яе словах, здымаць кіно пра сваіх бацькоў — «вельмі балюча і траўматычна». 

«У мяне доўга спрацоўваў механізм пазбягання здымак, — шчыра расказвае Воля, — Да моманту, пакуль мой ментар у кінашколе пры ўсіх на групавой працы не сказаў: “Раскажы нам пра сваю сям’ю”. Я пачала распавядаць і заплакала. І ён сказаў: “Ну ўсё, бяры камеру, едзь у Віцебск і здымай сваіх бацькоў”».

Воля так і зрабіла, дзякуючы чаму атрымалася сямейная сацыяльная драма аб тым, як жывуць многія сем’і ў Беларусі. Як яны пераадольваюць свой траўматычны досвед, баючыся гаварыць, хаваючыся за пэўнымі табу і такім чынам ствараючы яшчэ больш траўмаў. Воля ў адным з інтэрв’ю прызнаецца, што для яе гэта кіно было спробай спыніць пакаленчыя траўмы, разгадаць іх, як рэбус, і скіраваць сямейную дынаміку ў больш правільнае рэчышча. 

Як можна паглядзець стужку?

Доступ да фільма «Агульная мова» можна набыць за 5$ на 30 дзён. 30 дзён будуць адлічвацца з моманту першага прагляду фільма. Больш за тое, у гэты прамежак глядзець стужку можна любую колькасць разоў. І нагадваем, што гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець бясплатна гэты фільм і ўсе іншыя з медыятэкі VODBLISK у 2023 годзе.

Калі вам падабаецца, што робіць каманда кінафестывалю «Паўночнае ззянне» і анлайн-кінатэатра беларускага кіно VODBLISK, вы можаце падтрымаць іх данатам.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: