«Гэты круглы стол – фактычны працяг адразу некалькіх распачатых нашым Прадстаўніцтвам кірункаў: палітыкі дэкамунізацыі і дэкаланізацыі і моўнай палітыкі», – кажа пра мерапрыемства выканаўца абавязкаў прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі. Падзея адбудзецца 28 лютага ў Вільні.
Павел Баркоўскі лічыць, што беларусы, як і ўкраінцы, патрабуюць пераасэнсавання ўласнай сімвалічнай прасторы існавання.
«Бо фактычны захоп «рускім светам» гістарычнай памяці і мясцовых традыцый пасля адбіваецца на ўзроўні трагедыі нацыянальнага маштабу.
Палітыка 4Д: дэкамунізацыі, дэідэалагізацыі, дэкаланізацыі і дэімперыялізацыі – гэта адзін з падмуркаў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, на якой грунтуецца наша дзейнасць», – падкрэслівае палітык.
Абмеркаванне таго стану, у якім цяпер знаходзіцца ўрбананімічная спадчына беларускіх гарадоў (назвы вуліц, плошчаў і праспектаў), адбудзецца ў Вільні пры ўдзеле профільных спецыялістаў.
У якой ступені ўрбаністычная спадчына дасюль застаецца пад моцным уплывам савецкай і імперскай ідэалогіі? Якія наробкі ўжо маем, каб казаць пра існаванне арыгінальнай беларускай урбананімічнай традыцыі? – адны з пытанняў для дыскусіі.
У фінале мерапрыемства, з 18:00 да 19:00, адбудзецца адкрытая дыскусія «Якія могуць быць падыходы да ўпарадкавання ўрбаністычнага ландшафту Беларусі?», на якую запрашаюць шырокую супольнасць. Удзельнікі дыскусіі – Вінцук Вячорка, Алесь Капуцкі, Павел Церашковіч, Алесь Пашкевіч. Мадэратар – Андрэй Казакевіч.
Зарэгістравацца на круглы стол «Урбананімічная прастора Беларусі» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram