У Вільні праходзіць традыцыйны кірмаш Казюкі

У Вільні святкуюць традыцыйныя Казюкі — свята і кірмаш народных майстроў, які ладзіцца ў Вільні з XVII стагоддзя ў дзень памяці святога Казіміра 4 сакавіка і ў найбліжэйшыя да яго выходныя дні.

Свята ў сталіцы Літвы пачалося 7 сакавіка і працягнецца ўсе выходныя.

Тэмай сёлетняга кірмашу з’яўляецца «Žaliasis virsmas» («Зялёная трансфармацыя»), таму акцэнт пастаўлены на тэмах устойлівага развіцця і адказнага спажывання, на ўнікальных адносінах чалавека з прыродай.

Пачаўся кірмаш у пятніцу шэсцем Казіміра ад плошчы Незалежнасці ў бок Саборнай плошчы, дзе адбылося ўрачыстае адкрыццё.

Дзень Святога Казіміра ў Вільні. Фота: welovelithuania.

Святога Казіміра лічаць абаронцам рамеснікаў. Кірмаш раскінуўся на ўсім праспекце Гедыміна і прылеглых плошчах Лукішкі, Кудзіркі і вакол Кафедральнай плошчы.

Дзень Святога Казіміра адзначаецца таксама і ў Гродне 4 сакавіка, ён традыцыйна суправаджаўся кірмашом. Аднак апошнія некалькі гадоў гэтая падзея стала часткай святкавання Масленіцы.

Адзін з атрыбутаў свята — вярба-«пальмачка», якую рыхтуюць да Вербнай нядзелі католікі. «Пальмачкі» бываюць «гродзенскія» (плоскія, форма якіх сапраўды нагадвае форму пальмавай галінкі) і «віленскія» (круглыя, з больш багатай аздобай).

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!