Фота: Ірына Сухій.
7 сакавіка ў віленскай антыкварнай краме Šuplėda адбудзецца падзея, якую смела можна назваць вяртаннем. Праз шмат гадоў, прысвечаных экалагічнаму актывізму і грамадскай дзейнасці, Ірына Сухій — постаць, якую легендарны фатограф Валер Лабко называў «маці беларускай фатаграфіі», — зноў прадстаўляе свае працы публіцы.
Гэта не маштабная рэтраспектыва, а амаль прыватная выстава-уражанне. У цэнтры экспазіцыі — Вільня 1987 года. Кірмаш «Казюкі» на Кальварыйскім рынку, выпадковыя позіркі, рэчы, што даўно сталі гісторыяй. Фотаздымкі як фрагменты часу, візуальныя сляды, якія раствараюцца ў патоку гарадскога жыцця.
Аўтарка не памятае абставіны фатаграфавання — ні прычыны, ні маршруты, ні размовы.
«Страта асабістых каментарыяў пакідае гледачу чысты вобраз», — адзначаецца ў анатацыі праекта.
Ірына Сухій — вядомая беларуская экалагічная актывістка, грамадская дзяячка, якая больш за трыццаць гадоў прысвяціла ахове навакольнага асяроддзя. Але ў 1980-1990-х Ірына ўвайшла ў гісторыю беларускай фатаграфіі як навучэнка «Студыі-3» пры фотаклубе «Мінск». Яе вёў Валер Лабко — настаўнік, аўтар, куратар, які паўплываў не на адно пакаленне беларускіх фатографаў. Паралельна з вучобай Ірына працавала лабаранткай клуба, «гаспадыняй меднай гары», як жартліва яе звалі калегі. Дзякуючы ёй, на базе «Мінска» стала сабірацца і фарміравацца будучая рок-фота-асацыяцыя «Беларускі клімат», у якую ўвайшлі вядомыя культурныя постаці: Жэня Юноў, Філіп Чмыр, Аляксей Навіцкі, Ігар Корзун, Дзмітрый Строцаў… За гэта гуртаванне супольнасці Валер Лабко назваў Ірыну «маці беларускай фатаграфіі».
Фатографка ўдзельнічала ў розных выставах, але пасля таго, як у Берліне ў 1994 годзе былі згублены яе адбіткі серыі «Аэранаўты», сышла з фатаграфіі. Выставу ў Šuplėda можна назваць, у пэўным сэнсе, вяртаннем фатографкі, якая з 2021 года жыве ў Літве.
Час і месца падзеі: 7 сакавіка, 12.00, Kalvarijų 61, Вільня.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram