У Вільні адбудзецца вечарына памяці Алеся Разанава

Сёння, 12 снежня, у 18:00 у Клубе пісьменнікаў (K. Sirvydo g. 6, Vilnius) пройдзе вечарына памяці Алеся Разанава.

Сярод арганізатараў мерапрыемства – яго калега-перакладчыца Альма Лапінскене.

Будзе прадстаўлена новая кніга пункціраў паэта «Словы аціхлі: у немату стукае сэрца» ў перакладзе Альмы Лапінскене.

Алесь Разанаў з’яўляецца ганаровым сябрам Саюза пісьменнікаў Літвы. Гэта званне было нададзена яму ў 2018 годзе за яго пашану і любоў да літоўскай мовы, за яго пераклады літоўскай літаратуры на беларускую мову.

Аднак Алесь Разанаў не толькі перакладаў, але і сам пісаў творы па-літоўску.

Улетку 1973 г. паэт апынуўся ў Вільні і быў уражаны атмасферай горада. Наступны раз ён прыехаў сюды на паўгода вывучаць літоўскую мову, з якой пасля перакладаў вершы А. Малдоніса, С. Гяды, М. Марцінайціса, Ю. Марцінкявічуса і другіх аўтараў, раман Ё. Авіжуса для выдавецтва, п’есу К. Саі для тэатра. Адмыслоўцы кажуць, што літоўская літаратура і праца над перакладамі паўплывалі на фармаванне мовы паэзіі самога Разанава.

Творы паэта на літоўскую перакладала Альма Лапінскене, знаўца беларускай літаратуры і даследчыца літаратурных сувязяў. У 2008 годзе ў Вільні выйшла кніга паэзіі А. Разанава «Паляванне ў райскай даліне», а ў 2013-м – «Падарунак хроснай маці». За гэты пераклад Альма Лапінскене была ўзнагароджана паэтычнай прэміяй «За пераклад сусветнай паэзіі на літоўскую мову».

Творы Алеся Разанава, напісаныя ім па-літоўску, былі выдадзены ў 2018 годзе асобнай кнігай.

Вечарына памяці Алеся Разанава закрывае Год беларускай літаратуры, абвешчаны Саюзам перакладчыкаў Літвы з нагоды 500-х угодкаў пачатку кнігадрукавання ў ВКЛ і з мэтай падтрымаць беларускіх пісьменнікаў і перакладчыкаў у цяжкі для Беларусі час. 

У рамках Года беларускай літаратуры была выдадзена анталогія сучаснай беларускай паэзіі «Baltai raudonai baltai» («Белыя чырвоныя белыя») і нумар часопіса «Metai», прысвечаны беларускай літаратуры.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!