«Беларусь у аўтаэтнаграфічных наратывах: мастацтва міласэрнасці супраць забыцця» — у англійскім выдавецтве гуманітарных навук Routledge выходзіць новы нон-фікшн Віктара Марціновіча пра мастацтва як сродак эмпатыі. На выхад кнігі звярнуў увагу тг-канал «De facto. Беларуская навука».
На сайце вядомага акадэмічнага выдавецтва, у якім друкаваліся Адорно, Дэрыда, Леві-Строс, Фуко, Сартр, Вітгенштайн, адкрыты перадзаказ на кнігу беларускага аўтара.
У новай працы Віктар Марціновіч пераплятае асабістую і калектыўную гісторыю беларусаў — тых, хто перажыў дзве сусветныя войны, і сучаснікаў, прапануючы прасачыць узаемадзеянне мастацтва і памяці.

«Кніга распавядае гісторыю прадзеда аўтара Амяльяна, беларускага селяніна, пакаранага смерцю нацыстамі пасля выратавання габрэя падчас Другой сусветнай вайны, а таксама разважае пра такіх мастакоў, як Хаім Суцін і Марк Шагал, чые падарожжы адлюстроўваюць культурную стойкасць рэгіёна, — адзначаецца ў анатацыі да выдання.
Спалучаючы аўтаэтнаграфію і гісторыю мастацтва, гэтая кніга прадстаўляе мастацтва як сродак эмпатыі, заклікаючы чытачоў да эмацыйнага ўзаемадзеяння з карцінамі, а не праз чыста аналітычную прызму».
Мастацтва як сродак вяртання асабістых наратываў — аўтар «Мовы», «Сфагнума» і «Радзімы. Марк Шагал у Віцебску» запрашае паглядзець на гісторыю Усходняй Еўропы з гэтага гледзішча.
Нагадаем, што Віктар Марціновіч з’яўляецца гісторыкам мастацтва. У 2008 годзе ён абараніў доктарскую дысертацыю ў Віленскай акадэміі мастацтваў на тэму: «Віцебскі авангард (1918—1922): сацыякультурны кантэкст і мастацкая крытыка». Сфера яго навуковых інтарэсаў — мастакі Парыжскай школы з Беларусі, віцебскі перыяд Марка Шагала і гісторыя віцебскага авангарду.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram