У Віцебску 26 чэрвеня адкрылі новую выставачную залу з працамі Аляксандра Салаўёва (1926-2021).
Мастак пераехаў у гэты горад у 1965 годзе па размеркаванні, пасля заканчэння беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер — Акадэмія мастацтваў). Больш за трыццаць гадоў ён працаваў мастаком-пастаноўшчыкам, пазней галоўным мастаком драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Асабліва плённай была яго супраца з рэжысёрам Валерыем Мазынскім, ён афармляў яго знакавыя спектаклі «Званы Віцебска», «Сымон-музыка», «Кастусь Каліноўскі». Мастак аформіў больш за 80 спектакляў у віцебскім тэатры.
У 1970-я гады Салаўёў звярнуўся да абстрактнага мастацтва, ствараючы глыбокія па філасофскай вобразнасці і колеравым пошуку жывапісныя палотны.
Свой творчы набытак Аляксандр Салаўёў пакінуў у дар музею «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» — гэта каля 12 тысяч артэфактаў: жывапісныя палотны, графічныя аркушы і тэатральныя эскізы, а таксама дзве тысячы кніг з бібліятэкі, сярод якіх ёсць рэдкія і ўнікальныя.
Выставачная зала Аляксандра Салаўёва на першым паверсе дома на вуліцы Белабародава, 5 — побач з асноўнымі памяшканнямі музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва», невялікая, у ёй змясцілася толькі некалькі дзясяткаў прац. Аднак экспазіцыю будуць перыядычна мяняць.
На адной са сцен залы размешчаны экран, на ім транслююць запіс інтэрв’ю, якое Аляксандр Салаўёў даў незадоўга да смерці, у ім ён распавядае пра сваю творчасць і філасофскія погляды.
Музей «ВЦСМ» таксама плануе стварыць публічную бібліятэку імя Аляксандра Салаўёва.
А ў віцебскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў ёсць ідэя арганізаваць прэмію імя Аляксандра Салаўёва. Яе збіраюцца ўручаць мастаку, працу якога прызнаюць найлепшай па выніках года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: