У Віцебску адкрылася выстава акварэлі і «трэш-скульптуры» Валянціны Ляховіч

Рэстраспектыўная выстава «Цягнік часу», прымеркаваная да 80-годдзя віцебскай мастачкі Валянціны Ляховіч, пачала працаваць у Віцебску ў выставачнай зале Цэнтра сучаснага мастацтва на Белабародава, 5.

Твор Валянціны Ляховіч. Фота: сацсеткі

Вобраз цягніка ўзяты мастачкай з каробкі цукерак, якую падаравалі ёй у дзяцінстве бацькі, ім і прысвячаецца выстава. Метафара  «Цягнік часу» дае ключ для разумення яе творчага шляху. Такую ж назву мае калаж, дзе праз невялікія сюжэтныя ўклейкі на фоне цягніка мастачка згадвае асобныя моманты гісторыі мінулага і будучыні, а праз брутальны характар хатніх металічных рэчаў – жорскасць умоў жыцця чалавека.

Афіша выставы з калажам «Цягнік часу». Фота: сацсеткі

Валянціна Ляховіч – выпускніца знакамітага віцебскага мастацка-графічнага факультэта і доўгі час працавала пераважна ў тэхніцы акварэлі, ствараючы рэалістычныя партрэты, пейзажы і нацюрморты. Аднак яе заўсёды цікавіла станковае мастацтва вялікага фармату, і паступова яе творы пачалі павялічвацца ў памерах і змяняцца па стылістыцы: яна стала спалучаць фігуратыўнасць і абстракцыю, фарбавы слой і рэчы навакольнага свету.

Гледачы пачалі называць гэтыя творы фрэскамі. Мастачку таксама захапляла праца з прасторай, таму яна пачала яднаць жывапіс і скульптуру – стварала абекты, напоўненыя колерамі і фактурамі, так званы «трэш-арт». У гэтых скульптур свая гісторыя, ці, як любіць падкрэсліваць мастачка, – таямніца: у якасці матэрыялаў для гэтых абектаў аўтарка выкарыстоўвае прадметы з гісторыяй.

Фрагмент экспазіцыі выставы Валянціны Ляховіч.

«Але і жывапіс я не кідаю. Вельмі люблю аздабляць жывапісную паверхню складанымі фактурнымі матэрыяламі ў калажнай тэхніцы, «жывапісаць» прадметам, адкрыўшы яго эстэтычную сутнасць» — напісала Валянціна Ляховіч у тэксце да адной са сваіх шматлікіх выстаў.

Твор Валянціны Ляховіч. Фота: сацсеткі

Афіцыйнае адкрыццё выставы адбудзецца пазней. Выстава будзе працаваць да 28 верасня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!