Сергей Безруков рекламирует поправки в конституцию РФ. Скриншот записи.
У 2027 годзе ва Ўсерасійскім дзяржаўным інстытуце кінематаграфіі (ВГІК) набяруць курс студэнтаў з Расіі і Беларусі. Кіраўніком акцёрска-рэжысёрскай майстэрні стане народны артыст РФ Сяргей Бязрукаў, паведамляе «Тасс».
Пра запуск «сумеснага праекта» Бязрукаў заявіў на Дзіцячым культурным форуме ў Маскве. Паводле яго слоў, курс будзе сумешчаным — акцёрскім і рэжысёрскім, а яго галоўная мэта — стварэнне адзіных каманд, якія да чацвёртага года навучання прадставяць у якасці дыпломных прац не толькі спектаклі, але і сумесныя фільмы. Месцаў для абітурыентаў з Расіі, як адзначыў артыст, будзе «не так шмат».
Паўзу ў наборы да 2027 года Бязрукаў патлумачыў занятасцю ў МХАТ ім. Горкага, дзе ён з’яўляецца мастацкім кіраўніком і рыхтуе «маштабны перазапуск» сезона. Сярод галоўных крытэрыяў адбору для беларускіх і расійскіх абітурыентаў ён назваў «тыпаж і энергетыку, запатрабаваную ў тэатры і кіно».
Сяргей Бязрукаў з’яўляецца фігурай, якая адкрыта і паслядоўна падтрымлівае афіцыйную палітыку Крамля, расійскую агрэсію супраць Украіны і знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі Еўрасаюза і шэрагу іншых краін за антыўкраінскую прапаганду і ваенную рыторыку.